Пратэстанцкага пастара аштрафавалі за правядзенне службы
20 базавых велічыняў штрафу атрымаў пастар зарэгістраванай рэлігійнай абшчыны „Божае пераўтварэнне” Сяргей Нікалаенка.
Суддзя Цэнтральнага раённага суда горада Гомеля Віктар Казачок палічыў, што святар падчас правядзення службы парушыў закон аб масавых мерапрыемствах.
Сяргей Нікалаенка перакананы, што праваахоўныя органы і суд абмежавалі правы вернікаў на свабоду веравызнання.
— Гэта парушэнне нашых свабодаў у адпаведнасці з 31 артыкулам Канстытуцыі, што мы можам свабодна спавядаць сваю веру, самі сумесна з іншымі асобамі. Мы намагаліся быць у прававой зоне, але бачыце, як атрымалася, — не зусім карэктна. Мы будзем абскарджваць, канешне, таму што вельмі шмат парушэнняў менавіта з пазіцыі ўлады.
Рэлігіязнаўца і праваабаронца з „Беларускага Хельсінкскага Камітэту” Віктар Адзіночанка адзначае, што штраф у дачыненні да святара зарэгістраванай суполкі стаў для яго поўнай нечаканасцю.
— Тое, што адбылося, калі на набажэнства прыйшла міліцыя з АМАПам, калі яго перапынілі, калі апытвалі людзей і г.д. Гэта ніяк не звязана з тым, што яны там нешта не ўзгаднілі, бо яны ўзгаднялі. Сам факт справы вельмі дзіўны, і прысуд таксама вельмі дзіўны.
Нагадаем, 31 мая гэтага года міліцыянты і байцы АМАП сарвалі службу пратэстанцкай абшчыны „Божае пераўтварэнне”. Праваахоўнікі перапісалі дадзеныя вернікаў, а ў святара ўзялі тлумачэнні.
7 чэрвеня ў дачыненні да пастара Сяргея Нікалаенкі быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).