Лукашэнку прапанавалі план мірнай перадачы ўлады
Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) прапануе правесці рэферэндум аб магчымым пераўтварэнні Беларусі з прэзідэнцкай ў парламенцкую рэспубліку.
Праўда, толькі пры новым складзе Цэнтрвыбаркама.
Прафсаюз таксама прапануе правесці агульнанацыянальны «круглы стол» у красавіку-траўні з удзелам ўпаўнаважаных прадстаўнікоў народа, якія былі абраныя на праведзеных у лютым-сакавіку мірных мітынгах.
Прэзідыум Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) звярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі.
«За 23 гады вашага кіравання краінай такой складанай сітуацыі ў эканоміцы і ў грамадзянскай супольнасці яшчэ не было. На кану стаіць суверэнітэт, незалежнасць Беларусі і лёс яе грамадзян.
Брутальныя беспакараныя разгоны мірных дэманстрацый грамадзян не вырашаць праблемы павелічэння заработнай платы, пенсій, дапамог, стварэнне новых рэальных працоўных месцаў — яны наадварот абураюць грамадзян.
А ліхаманкавыя дзеянні ўладаў у рэгіёнах, напрыклад, загад працаўладкаваць усіх жадаючых да 1 мая хоць куды-небудзь і кім-небудзь за мізэрную зарплату 150-200 рублёў, нічога ў грамадстве не выклікаюць, акрамя раздражнення і непрымання.
Зыходзячы з вышэй сказанага, лічым сваім абавязкам запатрабаваць ад вас у красавіку-маі гэтага года склікаць агульнанацыянальны «круглы стол» з упаўнаважанымі прадстаўнікамі народа, якія былі абраныя на праведзеных у лютым-сакавіку мірных мітынгах. Акрамя гэтага даць магчымасць правесці падобныя мірныя мітынгі на цэнтральных плошчах гарадоў, дзе яны не праходзілі, і забяспечыць умовы грамадзянам для бесперашкоднага абрання сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў для ўдзелу ў працы «круглых сталоў».
«Круглыя сталы» зрабіць пастаянна дзеючым грамадскім органам, дзе неабходна абмяркоўваць і вырашаць не толькі набалелыя пытанні, але і даць магчымасць улічваць грамадскую думку па развіцці краіны.
На «круглы стол» прапануем вынесці наступныя пытанні:
Адмена Дэкрэтаў: №3 «Аб дармаедах», №5 «Аб узмацненні патрабаваняў да кіруючых кадраў і работнікам арганізацый», №29 «Аб кароткатэрміновых кантрактах».
Перагляд Указа аб павелічэнні пенсійнага ўзросту, прынятага заднім лікам.
Аб стварэнні ўмоў для павелічэння заработнай платы, у тым ліку работнікам бюджэтнай сферы (медыцыны, адукацыі).
Аб распрацоўцы дзяржаўнай праграмы перанавучання новым прафесiям з улікам спецыфікі рэгіёнаў з наступным працаўладкаваннем з годнай заработнай платай не менш 800-1000 рублёў.
Дапамога па беспрацоўі павінна быць не менш за 70% ад сярэдняга заробку па апошнім месцы працы.
Распрацоўка і прыняцце Закона аб самазанятасці.
Аб памяншэнні падатковай нагрузкі на прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі.
Аб стварэнні ўмоў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку ў прамысловым сектары эканомікі.
Аб стварэнні спрыяльных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый і новых тэхналогій у Рэспубліку Беларусь.
Аб змене сістэмы рэгістрацыі грамадскіх арганізацый (прафсаюзаў) з дазвольнай на паведамляльны.
Аб змене Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь з улікам недапушчэння маніпуляцыі пры падліку галасоў выбаршчыкаў.
Аб прамых выбарах кіраўнікоў выканаўча-распарадчай улады гарадоў і раёнаў.
Аб правядзенні рэферэндуму (пры новым складзе ЦВК) «Аб Парламенцкай або Прэзідэнцкай Рэспубліцы» і іншых пытанняў, якія будуць фармавацца ў рэгіёнах і г. Мінску.
Рашэнне гэтых і іншых праблем дасць магчымасць:
— згуртаваць грамадства, павысіць дабрабыт грамадзян і іх сем'яў, не дапусціць сацыяльнага выбуху, стыхійных забастовак і акцый грамадзянскага непадпарадкавання;
— вярнуць людзям веру, што фарміраванне ўладных структур знізу даверху будзе залежаць толькі ад волевыяўлення народа;
— захаваць і ўмацаваць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь і зрабіць яе прывабнай для камфортнага пражывання ».
Чаму прафсаюз РЭП падняў не толькі сацыяльна-эканамічныя праблемы, але і палітычныя? Каментуе старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.
— Сёння ад грамадзян нічога не залежыць: людзі стала ходзяць на галасаванне, аднак іх жыццё не паляпшаецца. Згодна з Канстытуцыяй, народ сам павінен вызначаць стратэгію развіцця краіны, кожнага рэгіёну. Больш за тое, і суды павінны абірацца, а не прызначацца: сёння чалавека можна пасадзіць у турму і згнаіць яго ...
— Прафсаюз РЭП фактычна сфармуляваў план мірнай перадачы ўлады, які, натуральна, рэжым не прыме. А што далей?
— Для нас галоўнае — стаўленне да нашых прапаноў не ўлады, а народу. Мне хацелася б, каб нашы прапановы дайшлі да людзей; хай людзі зробяць грамадскія абмеркаванні, хаця б у інтэрнэце. Улада здольная пачуць грамадзян толькі тады, калі яны выйдуць на плошчу. Калі цяперашняе кіраўніцтва краіны не здольна стварыць годныя ўмовы жыцця грамадзянам, значыць, яны не павінны кіраваць Беларуссю.
belprauda.org