«Прафсаюз адукацыі і навукі Германіі» занепакоены парушэннем фундаментальных прафсаюзных правоў у БДУ
Марліс Тэпе, прэзідэнт «Прафсаюза адукацыі і навукі Германіі» («Gewerkschaft Erziehung und Wissenschaft», GEW), які прадстаўляе больш за 280 000 выкладчыкаў і супрацоўнікаў адукацыйных устаноў у Германіі, даслаў зварот рэктару БДУ, міністру адукацыі Беларусі, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта.
У звароце адзначаецца, што «Прафсаюз адукацыі і навукі Германіі» (GEW) глыбока занепакоены парушэннем фундаментальных прафсаюзных правоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Аўтары выказваюць салідарнасць са «Свабодным прафсаюзам Беларускім» (СПБ) і яго пярвічнай арганізацыяй супрацоўнікаў БДУ.
«Пярвічная прафсаюзная арганізацыя супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ была створана ў канцы 2020 года. Нягледзячы на некалькі спроб дамагчыся прызнання прафсаюза ва ўніверсітэце, пярвічнай арганізацыі было без якіх-небудзь абгрунтаваных прычын адмоўлена ў прадастаўленні ёй юрыдычнага адрасу на тэрыторыі універсітэта. У выніку перашкод з боку ўніверсітэта органы ўлады адмаўляюць у рэгістрацыі прафсаюзу, які, такім чынам, таксама пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у калектыўных перамовах, — гаворыцца ў лісце. — Акрамя таго, нам стала вядома, што выкладчыкам і навуковым супрацоўнікам БДУ пагражаюць звальненнем, выносяць вымовы і не працягваюць кантракты пры ўступленні ў прафсаюзы па іх выбары. Мы чакаем ад адміністрацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў асобе рэктара А. Караля і першага прарэктара Д. Мядзведзева спынення пераследу супрацоўнікаў, якія з'яўляюцца членамі незалежнага прафсаюза СПБ. Таму мы заклікаем Вас падоўжыць працоўны дагавор з дацэнтам Аляксандрам Радынам, аднавіць на пасадзе дацэнта Ягора Прыстаўку і старэйшага выкладчыка Яўгена Ката».
Аляксандру Якаўлевічу Радыну, дацэнту механіка-матэматычнага факультэта БДУ са стажам і члену СПБ 7 сакавіка 2021 года было ўручана паведамленне аб непрацягненні кантракта. У дачыненні да Радыны былі ўжытыя два дысцыплінарныя спагнанні: восенню 2020 года вымова за абмеркаванне на занятках палітычнай сітуацыі і вымова за падтрымку студэнцкай забастоўкі, якая праходзіла 26 кастрычніка 2020 года.
У снежні 2020 года таксама не быў працягнуты кантракт з Ягорам Уладзіміравічам Прыстаўкам, членам СПБ, дацэнтам філалагічнага факультэта БДУ і спецыялістам у галіне класічнай філалогіі. Незадоўга да гэтага Прыстаўка прыняў удзел у запісе відэароліка, выпушчанага супрацоўнікамі філалагічнага факультэта БДУ, супраць гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, не згодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.
Яраслаў Ігаравіч Кот, PhD, магістр псіхалагічных навук, старшы выкладчык юрыдычнага факультэта, член СПБ, быў вымушаны звольніцца пасля запалохванняў адміністрацыяй юрыдычнага факультэта. Ён таксама падвяргаўся далейшаму пераследу, уключаючы пагрозу пазбавіць яго дзяцей. Пасля звальнення ён быў затрыманы, збіты і асуджаны да 15 сутак арышту па адміністрацыйнай справе ў сувязі з ілжывым абвінавачаннем у адміністраванні апазіцыйнага тэлеграм-канала.
«Як "Прафсаюз адукацыі і навукі Германіі" (GEW) мы заклікаем Вас паважаць асноўныя правы студэнтаў, выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў БДУ. Гэта ўключае свабоду слова і сходаў, свабоду аб'яднання і акадэмічную свабоду. Міжнародныя стандарты варта выконваць, у тым ліку і на фоне існуючага супрацоўніцтва паміж універсітэтамі Беларусі і Германіі. Мы чакаем ад адміністрацыі ўніверсітэта ліквідацыі ўсіх перашкод для ажыццяўлення прафсаюзамі сваіх правоў, уключаючы прадастаўленне юрыдычнага адрасу і памяшкання, неабходных для рэгістрацыі і ажыццяўлення права на ўдзел у калектыўных перамовах, і выключэнне любой дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце», — сказана ў звароце.
«Прафсаюз адукацыі і навукі Германіі» (GEW) выказаў сваю салідарнасць з СПБ і будзе і надалей уважліва сачыць за сітуацыяй у БДУ і іншых вышэйшых навучальных установах Беларусі.