Пару мінчан судзілі за пікетаванне «незарэгістраванай сімволікай»

«Прыехалі ў Барысаўскі раён, зрабілі фота».

b3c3a37f36d28157a4d3aab7c1050543.jpg

Дваіх мінчан судзілі за фота з «незарэгістраванай сімволікай» — паводле іх слоў, яны пікетавалі супраць вырубкі лесу. Іх дзеянні могуць прызнаць яшчэ і здзекам з гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.
Як паведамляецца, 35-гадовы мужчына і яго грамадзянская жонка-аднагодка, якія жывуць у Мінску, 9 траўня прыехалі ў Барысаўскі раён, дзе зрабілі фота з «незарэгістраванай сімволікай» у розных кропках, сярод якіх быў і мемарыял на месцы гібелі вязняў гета. Пазней фота з'явіліся ў «дэструктыўных телеграм-каналах».
Тады ж абодвух жыхароў Мінска затрымалі. У пары ў машыне і на дачы міліцыя знайшла пратэсную сімволіку, улёткі, якія заклікаюць браць удзел у несанкцыянаваных акцыях, і балончыкі з фарбай, паведамілі ў міліцыі.
У відэа, апублікаваным прэс-службай МУС Беларусі, жанчына кажа, што затрыманая за пікетаванне супраць вырубкі лесу і праводзіла яго ў месцах, дзе валілі дрэвы — каля вёскі Белае Балота. Паводле яе слоў, яны з сужыцелем выкарыстоўвалі «усе магчымыя сімвалы», у тым ліку і дзяржаўны сцяг краіны.
У сераду, 12 траўня, мінчан, якія выхоўваюць непаўнагадовае дзіця і з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, судзілі ў Барысаве. Ім ставілася ў віну несанкцыянаванае пікетаванне — абодвух у выніку прызналі вінаватымі. Як аказалася, у мужчыны раней ужо быў пратакол аб удзеле ў акцыі пратэсту — з улікам гэтага цяпер яму далі 30 сутак арышту. Яго грамадзянская жонка атрымала штраф у памеры 100 базавых велічынь (2900 рублёў).
У дачыненні да пары зараз праводзіцца праверка — іх дзеянні могуць прызнаць здзекам з гісторыка-культурных каштоўнасцей. Таксама правяраюць факт абразы імі прадстаўніка ўлады, паведамілі ў міліцыі.
tut.by