У Мінску судзяць лекарку-кардыёлага за кветкі каля мемарыяла Тарайкоўскага

56-гадовая лекарка-кардыёлаг Вольга Карнеева 16 траўня каля 16.20 усклала кветкі да народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага. У гэты момант да яе адразу пад'ехаў бус, адкуль выйшлі каля сямі супрацоўнікаў АМАПа, адзін з якіх здымаў усё на відэа. Яе затрымлівалі адразу чацвёра супрацоўнікаў.

content_agnf3p7nblq.jpg

Ірыну даставілі ў Фрунзенскае РУУС і склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 24.23 КаАП. 17 траўня справу лекаркі разгледзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна.
Сваю віну Карнеева не прызнала. Жанчына патлумачыла, што праходзіла міма мемарыяла і ўбачыла, што на месцы гібелі мала кветак, таму спусцілася ў пераход і купіла букет. Вольга распавяла, што гэта старажытная славянская духоўная традыцыя — класці кветкі на месца гібелі чалавека. Таму яна проста паклала іх і пайшла далей.
Суддзя Ярохіна ўдакладніла, ці знаходзіцца на станцыі метро «Пушкінская» якое-небудзь пахаванне. Карнеева нагадала суду, што на тым месцы загінуў чалавек.
Пасля чаго адбыўся наступны дыялог Вольгі з суддзёй Ярохінай:— Ці з'яўляецца блізкім сваяком, асоба, пра якую Вы кажаце, якая загінула пры абставінах, пра якія суду не вядома, Вы нам не патлумачыце?— Суд ведае гэтыя абставіны і без мяне. Ён мне не з'яўляецца блізкім сваяком. Ён проста чалавек. Проста грамадзянін Рэспублікі Беларусь.— Раскажыце, пра каго Вы кажаце.— Пра Аляксандра Тарайкоўскага.— Якое Вы маеце дачыненне да гібелі гэтага грамадзяніна?— Ніякага.— Можаце патлумачыць суду сваё волевыяўленне?— Мне проста па-чалавечы шкада. У мяне гуманітарная прафесія: я лекар. Мне не падабаецца, калі гінуць людзі. Я шаную памяць загінулых, таму і паклала туды кветкі.
Вольга Карнеева заявіла, што сведка-міліцыянт, які прыйшоў у суд, не прымаў удзел у яе затрыманні, бо затрымлівалі яе супрацоўнікі АМАПа. Паводле яго слоў, акрамя ўскладання кветак, Вольга яшчэ і ўздымала руку ўверх каля дарогі, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў.
У матэрыялах справы ёсць памылкі: замест фактычнага месца затрымання на вуліцы Сердзіча напісалі вуліцу Пушкінскую.
Суддзя Марыя Ярохіна вырашыла зрабіць у справе Карнеевай перапынак да 18 траўня.