«Працягваюць «вайну» невядома з кім». Бацькоў просяць не пускаць школьнікаў на вуліцу праз «ПВК Родан»

Міліцыя палявала за беларускімі школьнікамі праз магчымыя зборы субкультуры «ПВК Родан» з 28 лютага. Масавыя затрыманні 28 лютага — 2 сакавіка прайшлі ў буйных гарадах Беларусі. Пра новы віток барацьбы сілавікоў з субкультурай распавядае «Св*бода».

Фота «Сибирь. Реалии»

Фота «Сибирь. Реалии»

«Усё заціхла, нават у інтэрнэце ніхто нічога не піша. Але настаўнікі і міліцыя працягваюць «вайну» невядома з кім. Зноў патрабуюць у групах viber нікуды не пускаць дзяцей у суботу», — паведамілі выданню чытачы.

Бацькам школьнікаў адной з мінскіх гімназій у групу viber прыйшоў загад ад класнага кіраўніка «забяспечыць дакладны кантроль знаходжання дзяцей у суботу з 16:00 да 19:00, «Родан» кінуў кліч на збор у гандлёвых цэнтрах».

«Прашу трымаць дзяцей дома», — напісаў класны кіраўнік.

Пад паведамленнем пералічаны артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксу, паводле якіх дзяцей могуць прыцягнуць да адказнасці.

«Усе даўно забыліся на той «Родан». Міліцыя яшчэ на мінулым тыдні казала, што «ўсе адміністратары груп устаноўленыя, пакараныя, затрыманыя». Цяпер зноў пачынаюць. Дзеці нашы нічога не ведаюць пра той "Родан"», — дадала маці, у якой дачка ходзіць у гімназію.

Папярэджанні прыйшлі і бацькам, чые дзеці вучацца ў гомельскіх школах.

«У святле апошніх падзей органамі ўнутраных спраў і ўсімі суб’ектамі прафілактыкі ажыццяўляецца кантроль і маніторынг месцаў збору падлеткаў. Прымаюцца захады з мэтай недапушчэння парушэння грамадзкага парадку», — напісалі бацькам у viber-групе класа.

Падобныя паведамленні размясцілі і ў тэлеграм-каналах адміністрацый раёнаў Гомеля.

Што такое «ПВК Родан»?

Цягам лютага ў Расіі і Украіне атрымала пашырэнне незвычайная субкультура, якая называе сябе «ПВК Родан».

«ПВК Родан» ніяк не звязана з вайсковымі кампаніямі, абрэвіятура мае хутчэй жартоўны характар. Гэта супольнасць нефармалаў і аматараў анімэ, у прыватнасці, анімэ «Hunter x Hunter». Прыхільнікі «Родана» носяць штаны ў клетку, доўгія валасы, а таксама цішоткі з выявамі павукоў і лічбай 4, што і адсылае да анімэ. У Расіі яны выступаюць супраць футбольных фанатаў-ультрас, мігрантаў і выхадцаў з Каўказа.

У Расіі «ПВК Родан» ужо набыла вядомасць праз сутыкненні з футбольнымі фанатамі, хваляванні з удзелам субкультуры прайшлі і ва Украіне. У абедзвюх краінах праваахоўнікі зацікавіліся супольнасцю, і ўкраінскія сілавікі спрабуюць зразумець, ці ёсць у распаўсюджанні субкультуры расійскі след.

У Беларусі пакуль не было сутычак з удзелам «Родана», але з’явіліся прысвечаныя субкультуры паблікі.

Напрыканцы лютага і ў пачатку сакавіка ў шэрагу беларускіх гарадоў міліцыя зладзіла «хапуны» школьнікаў, якія нібыта мелі намер далучыцца да субкультуры і арганізаваць акцыі ў гандлёвых цэнтрах. Вядома, што было затрымана некалькі сотняў чалавек. На некаторых завялі адміністрацыйныя справы, большасць абяцалі паставіць на ўлік у інспекцыях па справах непаўналетніх. Па факце з’яўлення ПВК «Родан» у Беларусі заведзеная крымінальная справа.