Пра што сьведчаць візіты беларускіх функцыянэраў у жаночыя калёніі?
Сёлета ў красавіку грамадская камісія не знайшла парушэньняў у папраўчай калёніі №24. «А штрафны ізалятар за любую драбязу, адмова ў своечасовым лячэньні, цяжкія і небясьпечныя ўмовы працы — гэта ўсё палітзьняволеным, відаць, прысьнілася», — піша Наста Захарэвіч.
«Грамадская камісія »не знайшла парушэньняў у папраўчай калёніі №24. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у ПК №24 свае тэрміны адбываюць Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша, Алена Гнаук, Алена Маўшук.
Па выніках маніторынгу камісія прыйшла да высновы, што ўмовы разьмяшчэньня, харчаваньня, лячэньня, арганізацыя вольнага часу асуджаных і іх працаўладкаваньня «адпавядаюць усім патрабаваньням, устаноўленым да сістэмы выкананьня пакараньня».
Сябры камісіі адзначылі, што падчас гутаркі з асуджанымі «скаргаў і нараканьняў на працу адміністрацыі папраўчай установы і ўмовы размяшчэння не паступіла».
З гэтай нагоды Наста Захарэвіч піша на «Радыё Свабодзе»:
«Фарс працягваецца — так званая грамадзкая назіральная камісія не знайшла парушэньняў у жаночай калёніі ў Зарэччы, якая вядомая жорсткімі ўмовамі і дзе ўтрымліваюцца жанчыны, якіх асудзілі паўторна. Відаць, прапагандысцкага фільма з удзелам Паліны Шарэнды-Панасюк уладам здалося мала, і яны дадаюць публічна яшчэ адну, так бы мовіць, крыніцу інфармацыі.
Вядома, давяраць такой крыніцы можна ня больш, чым прапагандысцкай тэлемашыне.
Пра ўмовы, у якіх жывуць жанчыны ў калёніі, гаворка ідзе толькі ў кантэксьце таго, які добры, правільны, справядлівы і гуманны дыктатарскі рэжым Лукашэнкі. Але вось што цікава: улады наўмысна робяць так, каб злачынствах рэжыму запэцкалася як можна больш чалавек.
Ну, і традыцыйна ўжо падмяняюць паняцьці, называючы грамадзкай камісіяй не незалежных назіральнікаў і назіральніц, зацікаўленых у паляпшэньні ўмоваў для зьняволеных, а звычайных функцыянэраў.
Напрыклад, Гомельскай абласной камісіяй (а Зарэчча знаходзіцца акурат у Гомельскай вобласьці) кіруе сябра Гомельскай абласной грамадзкай арганізацыі вэтэранаў органаў пракуратуры. А ўваходзяць у яе таксама людзі з Гомельскай асацыяцыі дзяцей і моладзі, Беларускага рэспубліканскага саюзу юрыстаў, БРСМ і нават Гомельскага клюбу вясёлых і дасьціпных. Усё гэта «ідэалягічна» правільныя арганізацыі, галоўная задача якіх — падтрымліваць Лукашэнку і ягоную сыстэму. Зрэшты, яны і ёсьць частка гэтай сыстэмы. І чым далей, тым больш ім даводзіцца даказваць сваю вернасьць дыктатару, бо гэта адзіны спосаб выжыць, калі рукі ўжо запэцканыя.
Вось яны і падаюць ніжэй і ніжэй. На сваёй старонцы ў Інстаграм нават рэклямуюць вываз скрадзеных украінскіх дзяцей у Беларускія лягеры, а гэта, мне здаецца, найгоршае, у чым можна прымаць удзел па меркаваньні міжнароднай супольнасьці. Бо ордэр на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай быў выдадзены менавіта за выкраданьне дзяцей. І беларускія функцыянэры таксама ў гэтым запэцкаліся. А хлусьня пра тое, нібыта ў жаночых калёніях усё добра — гэта для іх увогуле драбяза, адносна якой не варта чакаць аніякіх наступстваў.
Ну падумаеш, Паліну Шарэнду-Панасюк так моцна зьбілі іншыя зьняволеныя, што яе давялося шпіталізаваць. Падумаеш, Вікторыю Кульшу зьбіваў і душыў супрацоўнік адміністрацыі.
Ажно цікава, чаму ж так званай грамадзкай камісіі ніводная з жанчын у калёніі ні на што не паскардзілася?
Дарэчы, другую — Гомельскую — жаночую калёнію гэтая камісія таксама ня так даўно наведвала. Самім зьняволеным ад гэтага лягчэй ня стала, але сябрам камісіі было за што адсправаздачыцца. Як і намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вользе Чупрыс, якая наведала ВК № 4 у студзені.
Па словах чыноўніцы, там «створана ўсё, каб асуджаныя маглі быць здаровымі, разьвівацца, каб маглі адчуць сябе асобай». Ну, а штрафны ізалятар за любую драбязу, адмова ў своечасовым лячэньні, цяжкія і небясьпечныя ўмовы працы — гэта ўсё палітзьняволеным, відаць, прысьнілася. Ну ці мы самі сабе гэта прыдумалі».
Нагадаем, у траўні 2023 года правааабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі калоніі зьбівалі палітзьняволеную Вікторыю Кульшу, а празь некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
Супрацоўнікі жаночай калёніі №24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалягічны і фізычны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.
Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая адбывае тэрмін у той жа калёніі, увесь гэты час знаходзіцца ў невыносных умовах: яе шматразова ўтрымлівалі ў ШІЗА і памяшканьні камернага тыпу, ёй не аддавалі перадачы (у тым ліку і медыцынскія пасылкі з патрэбнымі ёй лекамі) і лісты; ёй не выдавалі бялізну, з-за чаго ёй прыходзілася спаць на падлозе, у камерах не было ацяплення і гарачай вады. Знаходжаньне ў бесчалавечных умовах моцна паўплывала на Паліну і значна пагоршыла стан яе здароўя, аднак адміністрацыя калёніі ніяк не рэагавала на шматлікія запыты забясьпечыць жанчыну неабходнай медыцынскай дапамогай.