Палітзняволеную Вікторыю Кульша спрабавалі душыць

Праваабаронцы паведамляюць таксама, што праз ціск і гвалт Вікторыя перажыла два сардэчныя прыступы.

56497.jpg


Палітзняволеную Вікторыю Кульша двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгода ў ПКТ. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі калоніі збівалі жанчыну, а праз некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ. 

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі №24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.


Жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

У калоніі палітзняволеную праз некаторы час пасля этапу змясцілі ў іншы атрад і перавялі на іншую працу з невыноснымі ўмовамі. Але начальнік калоніі Дзмітрый Курловіч адмовіў жанчыне ў пераводзе адтуль. Акрамя гэтага, Курловіч не рэагаваў і на яе скаргі на наглядчыка, які здзекаваўся з яе.

Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся: яна схуднела да 57 кілаграмаў, мае паніжаны гемаглабін і тахікардыю. Лечаць яе «фоліевай кіслатой». Таксама яе перавялі на два тыдні на спецыяльную «дыету», пры якой даюць больш ежы, але пасля гэтага кроў не правяраюць.

Цяпер жанчына чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў гомельскім СІЗА-3. Але пасля апеляцыі Вікторыю Кульша зноў перавядуць у Зарэчча. Таму Вікторыя хвалюецца за сваё здароўе і жыццё.

Нагадаем, палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію.


У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні. У новай папраўчай калоніі супраць яе зноў узбудзілі крымінальную справу паводле гэтага артыкула.

У лістах Вікторыя піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка мінулага года — «іх знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам».

У ПК-24 акрамя Вікторыі таксама ўтрымліваюцца Алена Маўшук і Паліна Шарэнда-Панасюк, на якіх таксама аказваецца ціск. Паліна цяпер чакае разгляду чарговай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК.

Падтрымаць Вікторыю можна грашовымі пераводамі, пасылкамі, медыцынскімі бандэролькамі і тэлеграмамі: СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А. Вікторыі Аляксандраўне Кульша.