Польшча зробіць больш жорсткімі ўмовы атрымання візы PBH для беларускіх айцішнікаў
Польшча зробіць больш жорсткімі ўмовы візы Poland Business Harbour (PBH) для ІТ-спецыялістаў з Беларусі, паведамляе dev.by.
На афіцыйным
партале дзяржпаслуг Польшчы gov.pl з'явіўся анонс: праграма PBH пашыраецца
геаграфічна (+Азербайджан), але звужаецца з пункту гледжання крытэрыяў для
ўдзельнікаў з Беларусі.
З 1 лютага прэтэндэнту на візу з Беларусі спатрэбіцца рэкамендацыя ад адной з кампаній-партнёраў праграмы (іх 300+, спіс папаўняецца). Раней гэтае правіла распаўсюджвалася на іншыя краіны-ўдзельніцы PBH, а беларусам было дастаткова дыплома па ІТ-спецыяльнасці або вопыту ў ІТ больш за адзін год.
Для Беларусі праграма дзейнічае па ранейшых правілах да 31 студзеня 2022 года. З 1 лютага 2022 года правілы праграмы для ўсіх удзельнікаў PBH (Беларусь, Арменія, Грузія, Малдова, Расія, Украіна, Азербайджан) будуць аднолькавымі.
Раней польскія чыноўнікі паведамлялі пра 18,3 тысячы выдадзеных віз з паметкай PBH. Большасць віз атрымалі беларусы — грамадзянам іншых краін яны даступныя толькі з ліпеня 2021 года. Паводле звестак польскага памежнага камітэта, па візе PBH заехалі 7,6 тысяч беларусаў.