«Польшча — візавы бог». Дзе і як беларусу цяпер атрымаць шэнген

Якая цяпер сітуацыя з візамі? Шэнген якой краіны атрымаць хутчэй? Якія фактары ўплываюць на добразычлівасць амбасады? Колькі трэба чакаць і як шмат плаціць? «Люстэрка» пагаварыла з візавым аналітыкам і кіраўніком маніторынгавага праекта visastat Аляксандрам Ліберам.

schengen_visa_2.jpg

Што змянілася за апошні час?

Перад тым як адказваць на гэтае пытанне, Аляксандр прапануе пазначыць два бакі атрымання візы. Першы — дакументальны. Гэта тыя ўмовы, якія прапануе пасольства. Напрыклад, абмежаваную колькасць месцаў на падачу дакументаў або высокі працэнт адмоў. А другі бок — запыт людзей. Гэтыя два фактары і фарміруюць карціну, кажа суразмоўца.

— За апошнія паўгода ніякіх фундаментальных змен не здарылася, — тлумачыць аналітык. — Таму што ключавыя краіны — а гэта Германія, Італія, часткова Іспанія і Польшча — кардынальна не мянялі візавыя працэсы. Як запісвала Германія на 8-10 месяцаў наперад, так і запісвае. А Італія як нармальна не давала месца на падачу, так і не дае. Наадварот, яны нават крыху ўскладнілі запіс, сказаўшы, што будуць аддаваць перавагу арганізаваным турыстычным групам, а не індывідуальным заяўнікам. Мы да канца і не разабраліся, што такое ў разуменні італьянскай амбасады і візавага цэнтра «арганізаваная турыстычная група». Гэта сям'я, група калег, якія едуць у адпачынак, ці людзі, якія збіраюцца ў аўтобусны тур? Тут вельмі мала інфармацыі. Таму нейкія змены часам ёсць, але на сітуацыю гэта асабліва не ўплывае.

Што ж тычыцца запыту грамадства, то традыцыйна бліжэй да Новага года людзі хочуць ехаць у Еўропу, адзначае Лібер. Таму гэты фактар фарміруе ўзмоцнены ажыятаж.

— Але і сказаць, што ёсць нейкае навагодняе вар'яцтва, мы не можам, — удакладняе ён. — Гэта значыць, сітуацыя змянілася, і атрымаць візу стала крыху больш складана праз тое, што хутка Новы год. Але фундаментальна нічога не памянялася, ні адно пасольства не адвалілася, ні адзін візавы цэнтр не зачыніўся. Усе як працавалі, так і працуюць.

Куды часцей за ўсё беларусы ідуць за шэнгенам?

80-90% усіх запытаў на шэнгенскія візы прыпадае на чатыры краіны — Германія, Італія, Іспанія і Польшча. Іх візы найбольш запатрабаваныя, адзначае суразмоўца:

— Чаму любяць Германію і Італію, чаму туды складана запісацца? Таму што ў Германіі шматразовыя візы складаюць 97 працэнтаў ад усіх заявак. Пры тым што запіс ідзе не праз браніраванне часовых слотаў на сайце (як у большасці краін), а проста праз форму зваротнай сувязі на сайце. Гэта вельмі спрашчае працэдуру. Да таго ж Германія часта дае шэнген на год і больш, асабліва калі ёсць візавая гісторыя. І людзі ідуць, яны гатовы чакаць, нават гарызонт планавання ў год не з'яўляецца бар'ерам для падачы. Падобная сітуацыя ў Італіі, там дастаткова высокі працэнт шматразовых віз і мала адмоў (менш за адзін працэнт).

А самай папулярнай краінай для атрымання шэнгена для беларусаў з’яўляецца Польшча. Гэтая краіна выдае візы катэгорый D і C, а пад кожную катэгорыю трапляе мноства мэт.

— Ёсць нават культурныя і дзелавыя (атрыманне апошніх трохі ўскладнілі, але працягваюць выдаваць). І турыстычныя таксама. Праўда, 51% з іх — аднаразовыя. Але ўсё роўна яны даступныя, адносна недарагія і адносна хуткія, — дадае суразмоўца. — Пры гэтым Польшча нярэдка ставіць нават пяцігадовыя дзелавыя або турыстычныя візы.

Замыкае топ Іспанія. У візавы цэнтр гэтай краіны дастаткова проста запісацца, і, нягледзячы на значны адсотак адмоў, трафік туды вялікі. І атрымаць яе можна хутчэй, чым нямецкую, часцяком у 8-10 разоў, кажа Аляксандр Лібер.


Глядзіце таксама

— А яшчэ ёсць Грэцыя, дзе можна запісацца на падачу хоць на заўтра ў любы візавы цэнтр у Віцебску, Мінску, Брэсце і Гродне, — адзначае эксперт. — Але справа ў тым, што Грэцыя — гэта найменш прывабная краіна, таму што там высокі адсотак адмоў, 28-32% па нашых назіраннях. І людзі баяцца падавацца. Я ведаю гісторыі маіх падпісчыкаў, калі сям'і адмовілі ў візе. А там пяць чалавек, у іх усё выкуплена, гатэль у Салоніках, дарагія авіяпералёты. Але бывае і наадварот, калі з зусім лёгкім пакетам дакументаў, проста пад маршрутны ліст (гэта значыць аўтамабільную паездку і без выкупленых квіткоў) спакойна ставяць. Гэта значыць абсалютна непераканаўчая заяўка ў параўнанні з тымі, хто марнуе тысячы еўра.

Аналітык рэзюмуе: нельга казаць, што цяпер наогул немагчыма кудысьці падаць дакументы на візу. На крайні выпадак заўсёды ёсць варыянты з Грэцыяй або Іспаніяй.

— Праўда, яны выдаюць месцы раз на месяц на наступны: у лістападзе раздалі на ўвесь снежань, у снежні — на студзень. Гэта можа быць не вельмі зручна і даволі жорстка, таму што калі дата адкрываецца ў 07.00, многія людзі яшчэ проста спяць. Але калі ў гэтым візавым пекле больш-менш ёсць сістэмнасць, нам становіцца прыемней, — мяркуе суразмоўца.

Хто ахвотней за ўсё адкрывае шматразовыя візы?

Акрамя індывідуальных фактараў накшталт фінансавых гарантый таго, што паездка адбудзецца, і агульнага партрэта чалавека (напрыклад, наяўнасці даведак з працы) Аляксандр Лібер вылучае некалькі агульных крытэрыяў, якія могуць паўплываць на рашэнне амбасады:

— Візавая гісторыя — гэта ключавы фактар, на які звяртае ўвагу любая амбасада. Наступны — гэта выкарыстанне папярэдніх віз па прызначэнні. Часам на падачы немцы просяць даказаць, што па грэчаскім шэнгене вы былі ў Грэцыі ці па папярэднім нямецкім ездзілі ў Германію. Вы можаце прыкласці патрэбную інфармацыю да пакета дакументаў на любую візу. Гэта з вельмі вялікай верагоднасцю паўплывае на прыняцце рашэння. Шматразовыя добра ставяць немцы і італьянцы. Немцы, як я ўжо казаў, ставяць 97 адсоткаў такіх віз, італьянцы — 89 адсоткаў, часта і стабільна.

А вось у Грэцыі і Іспаніі сітуацыя будзе крыху іншай, удакладняе суразмоўца. Гэтыя краіны арыентаваны на курортны адпачынак, і від атрыманай візы будзе залежаць ад пары года.

— Улетку Грэцыя ставіць добрыя візы, адсотак адмоў меншы за тры. Іспанія таксама рэдка адмаўляе і ставіць больш працяглыя шэнгены. А цяпер яны практычна заўсёды ставяць аднаразовыя, таму што зіма і не сезон, — распавядае эксперт. — Мы ўжо з кастрычніка пачалі фіксаваць шмат адмоў па Грэцыі, каля 50%. Але былі да гэтага гатовы, таму што падобнае адбываецца з года ў год. Праўда, у Грэцыі яшчэ ёсць такая асаблівасць: яны могуць паставіць візу на 12 дзён, але гэта будзе мультывіза. Таму ў справаздачах Еўракамісіі Грэцыя заўсёды знаходзіцца вельмі высока ў спісе краін, якія выдаюць шматразовыя дазволы, але многія з іх на кароткі тэрмін. Таму мы ў сваіх справаздачах лічым, што гэта ўсё ж такі аднаразовыя візы.

Што ж тычыцца Польшчы, працягвае суразмоўца, то тут вельмі вялікі роскід. Бывае, што могуць паставіць адмову, хоць людзі прыносяць усе дакументы і ў іх выкуплены гатэлі. І часам могуць даць візу проста пад броні, якія лёгка адмяніць.

— Гэта значыць, там мы практычна ніколі не знаходзім карэляцыі чагосьці з чымсьці. Але пры гэтым палякі часам ставяць шматразовыя візы да пяці гадоў, — распавядае Лібер. — А па ўсіх астатніх краінах нічога не памянялася.


Глядзіце таксама

Якая сітуацыя ў Польшчы?

Гаворачы пра Польшчу, Аляксандр адзначае вялікую папулярнасць шэнгена гэтай краіны ў беларусаў. Па розных прычынах. Але тут ёсць і складанасці: візавыя скандалы і змена ўрада могуць накласці свой адбітак.

— Польшча мае ўласцівасць быць прывабнай нават тады, калі яна супернепрывабная, — кажа суразмоўца. — Гэта значыць, калі ў палякаў рэзка вырас адсотак адмоў у працоўных і ў дзелавых візах, попыт не ўпаў нават напалову. Проста на Польшчу ўсе працягваюць абапірацца і разважаюць, што ўсе цяжкасці, хутчэй за ўсё, часовыя і іх можна перажыць. Рэальна, Польшча — гэта такі візавы бог для нас. Таму і турызм у іх застаецца прывабным, нягледзячы на досыць высокі адсотак адмовы ў візах (31%). Польскі турызм — гэта наогул гісторыя пра крайнасці. Па-першае, яны дагэтуль адкрыта не сказалі, што пачалі выдаваць турыстычныя візы, але дакументы ўсё ж такі прымаюць. А па-другое, камусьці ставяць двух-, трох-, чатырох- і нават пяцігадовыя шэнгены. І гэта вельмі моцна падсілкоўвае веру. Але людзі разумеюць, што ім могуць паставіць аднаразовую візу. І гэта іх цалкам задавальняе. Гэта значыць ніхто ні да каго прэтэнзій не мае.

Пры гэтым запісацца на польскі шэнген дагэтуль даволі праблемна. Гэта Аляксандр тлумачыць у тым ліку тым, што колькасць месцаў на падачу, якія вылучаюць, кратна меншая за запыт беларусаў.

— На турыстычныя візы вельмі вялікі конкурс, — адзначае ён. — Што тычыцца працоўных віз катэгорыі D, там ажыятаж меншы. Мабыць, палякі зацікаўлены ў працоўнай сіле з Беларусі значна мацней, чым у турыстычным трафіку, таму і даюць больш месцаў. Але гэта не гісторыя пра двух людзей на адно месца, у любым выпадку самастойна вы запішацеся з вельмі нізкай верагоднасцю. І МСІ тут не дапамагае, рашэнне толькі ў павелічэнні колькасці месцаў у некалькі разоў. Але палякі асабліва не хочуць такое рабіць, гэта іх права.

Не дадаюць стабільнасці і візавыя скандалы, і змена ўрада ў суседняй краіне. Аналітыкі visastat чакаюць у сувязі з гэтым нейкія змены, але ўпэўнены, што нават калі яны здарацца, то наўрад ці адаб'юцца на вялікай колькасці людзей.

— Палякі ўжо казалі, што звяртаюць асаблівую ўвагу на візы PBH (праграма Poland Business Harbour дазваляе IT-спецыялістам і ўдзельнікам стартапаў пераязджаць у Польшчу), таму што статыстычна ёсць нестыкоўкі ў аб'ёме выданых віз і людзей, якія прыязджаюць жыць і працаваць. Гэта значыць, яны зразумелі, што гэтыя візы, хутчэй за ўсё, у большасці выпадкаў не выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Гэта сігнал менеджарам IT-кампаній, што ў бліжэйшыя паўгода, магчыма, альбо там павялічыцца колькасць адмоў, альбо ўзмоцніцца праверка дакументаў, — адзначае эксперт.

У колькі абыдзецца віза і як доўга чакаць?

Сотні рублёў, якія прыйдзецца выдаткаваць на візу, — гэта ўжо рэальнасць, адзначае суразмоўца. Яна нам не падабаецца, але да яе трэба прывыкнуць.

— Гэта не касмічныя сумы ў кантэксце наогул усёй аплатнай гісторыі, — кажа Лібер. — За апошні час візы не сталі даражэйшымі, але і таннейшымі яны таксама не сталі. На бягучы момант самы высокі кошт запісу на італьянскі шэнген, таму што яны даюць магчымасць зрабіць усё хутка, у бліжэйшыя 3-15 тыдняў. Гэта вельмі прыцягвае. Іншая справа, што месцаў даюць вельмі мала. І хоць механіка запісу досыць празрыстая і людзі часта запісваюцца рукамі, для гэтага трэба прыкласці шмат гадзін працы, пастаянна не спаць, маніторыць сайт візавага цэнтра. Таму 500-600 еўра — гэта цана, якую могуць агучыць вельмі многія агенцтвы. Думаю, што ў студзені-лютым яна трошкі ўпадзе. А вось Польшча цяпер не вельмі дарагая краіна. Гэта сотні рублёў, а не некалькі сотняў еўра.

На сайтах візавых агенцтваў цэны вагаюцца. Хтосьці называе кошты абцякальна: ад 390 да 2000 рублёў у залежнасці ад напрамку і сітуацыі. А ёсць і цалкам канкрэтныя прапановы. Напрыклад, польскі турыстычны шэнген за 700 рублёў (кошт ужо з улікам таго, што раней у вас не было шэнгена). Гасцявая віза выходзіць танней — 450 рублёў.

Што тычыцца тэрмінаў атрымання візы, то даўжэй за ўсё прыйдзецца чакаць нямецкую: восем-дзесяць месяцаў ці нават год.

— Спачатку вы падаяце запыт на чаргу. Гэта адбываецца праз форму на сайце пасольства Германіі, і доступ да яе ёсць заўсёды і ва ўсіх. Вы чакаеце водгук на гэты ліст каля паўгода, і яшчэ прыкладна на паўгода наперад вас запісваюць. Менш бывае вельмі рэдка. Хуткі варыянт — гэта Грэцыя, там можна атрымаць шэнген прыкладна за тры тыдні. Але цяпер так не выйдзе, таму што ўжо хутка калядныя і навагоднія святы. Італію і Польшчу чакаем два ці два з паловай месяцы, не болей. Астатнія краіны менш папулярныя, але трапіць у іх амбасады і візавыя цэнтры можна без якіх-небудзь цяжкасцей, — заключае Аляксандр Лібер.