Польскія нумарныя знакі будуць рабіць у беларускіх турмах

Польская фірма хоча наладзіць выпуск аўтамабільных нумарных знакаў у калоніях №11 і №14.

b8bfr1rjt58.jpg


Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сустрэліся ў Дэпартаменце выканання пакаранняў з дэлегацыяй польскай кампаніі Utal.
«Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў у вытворчым сектары. У прыватнасці, магчымасць вытворчасці на прадпрыемствах беларускай крымінальна-выканаўчай сістэмы нарыхтовак рэгістрацыйных знакаў транспартных сродкаў для краінаў Еўропы і Азіі, інфармацыйных і маркіровачных металёвых таблічак і паказальнікаў», — заявілі ў МУС.
«Інтэрфакс» падае, што прадстаўнікі польскай фірмы азнаёміліся з вытворчай моцай 11-й і 14-й калоніяў, а таксама асартыментам прадукцыі, якую выпускаюць вязні.
«Кампанію Utal, вядомага экспарцёра нумарных знакаў і абсталявання для іх вытворчасці, мы бачым як дзелавога партнёра, і гатовыя да ўзаемавыгаднай супрацы. Развіццё кааперацыі паміж прадпрыемствамі беларускай крымінальна-выканаўчай сістэмы і прадстаўнікамі камерцыйных структураў Польшчы дазволіць пашырыць лінейку прадукцыі, што дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы і павялічыць занятасць асобаў, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў намеснік старшыні дэпартаменту выканання пакаранняў – начальнік упраўлення арганізацыі вытворчасці і працоўнага выкарыстання адмысловага кантынгенту Алег Лашчыноўскі.
У МУС адзначылі, што візіт польскай дэлегацыі быў адказам на чэрвеньскую паездку ў Польшчу прадстаўнікоў беларускай пенітэнцыярнай сістэмы.


Паводле Белсат