Пётра Садоўскі: І расступілася зямля...
Беларускі палітык і дыпламат Пётра Садоўскі ў сваім «Фэйсбуку» ўзгадвае пра гадавіну пахавання Кастуся Каліноўскага ў Вільні.
У наступны панядзелак будзе 22 лістапада. У гэты дзень два гады таму, у 2019 г., у Вільні адбылося ПАХАВАННЕ Кастуся Каліноўскага і яго палечнікаў, удзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. Пахаванне сапраўднае, людскае, хрысціянскае... Абсалютная большасць забітых паўстанцаў былі народжаныя на беларускай зямлі.
У тыя халодныя лістападаўскія дні адбывалася гістарычнае вяртанне беларусаў у Вільню. Плынь бел-чырвона-белых сцягоў віравала па вузкіх вулках старога месца ля Вострай Брамы, яны луналі на плошчы перад Кафедральным касцёлам, дзе адпявалі забітых герояў, на могілках Росы.
Паўстанцаў-патрыётаў забілі расійскія мураўёўскія каты і, як сабак, са звязанымі рукамі закапалі пад бокам сваіх казармаў, засыпалі гарадскім друзам, утрамбавалі і зрабілі зімовы каток для гульні ў кракет для расійскага афіцэрства пад гукі вальса.
(Потым быў Павел Севярынец са сваімі гарадскімі маршамі супраць «паглыбленай» палітычнай ды эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Былі суды, штрафы аж да пачатку лютага 2020 г. Было інтэрв’ю Лукашэнкі Венедзіктаву, дзе ён ужо тады заявіў пра «куклаводаў» і падступныя планы Захаду).
Перад смерцю Каліноўскі вымавіў незабыўныя запаветныя словы беларусам: «Беларускі народзе, …Тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля не будзе».
Гэта з «Лістоў з-пад шыбеніцы», якія трапілі ў Парыж з камеры № 3 Дамініканскага кляштара, дзе сядзеў арыштаваны Каліноўскі, у Парыж да Антона Гілера, аднаго з кіраўнікоў паўстання, праз Ядвігу Макрыцкую, цётку Марыі Ямант.
Сваёй любай Каліноўскі паслаў перадсмяротны ліст, які напісаў, гледзячы праз краты на варон і кормячы галубоў крышкамі хлебу («Зайздрошчу свабодзе нават той вароны, якую бачу са свайго вакна на снезе…»). ЯНА думала пра свайго каханага ў сутарэннях кляштара місіянераў, што быў насупраць дамініканскага, дзе быў увязнены Ён... Містычна і наяве да абодвух даляталі праз тоўстыя муры гукі недалёкіх арганаў...
Чытаючы такое, пачынаеш уяўляць сабе душу і розум гэтага 26-гадовага дзецюка, выпускніка Пецярбурскага ўніверсітэта, які ведаў, што заўтра яго ўжо не будзе на гэтым свеце, на роднай мове звярнуўся да сваёй каханай Марыі, узрошчанай у польскай культуры. На душы яму было горка, што «белыя» пачалі непадрыхтаванае паўстанне ў Польшчы, адхілілі яго ад кіраўніцтва арганізаваным супрацівам… Адчуваючы бяду, ён тым не менш далучыўся самаахвярна да агульнага змагання…
Судзілі двараніна Канстанціна Каліноўскага. Чакаў смерці Ваяр Свабоды з годнымі беларускімі змагарнымі псеўданімамі — Васіль Сьвітка, Ігнат Вітажанец, Яська гаспадар з-пад Вільні. Застаўся ў нашай памяці як Кастусь Каліноўскі...
Марыська чарнабрэва, галубка мая,Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?Усё прайшло, — прайшло, як бы не бывала,Адна страшэнна горыч у грудзях застала.Калі за нашу праўду Бог нас стаў караціДы ў прадвечнага саду вялеў прападаці,То мы прападзем марна, но праўды не кінем,Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,То я з таго свету табе адазвуся.Бывай здаровы, мужыцкі народзе,Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.І часам спамяні пра Яську твайго,Што згінуў за праўду для дабра твайго.А калі слова пяройдзе у дзела,Тагды за праўду станавіся смела,Бо адно з праўдай у грамадзе згоднаДажджэш, Народзе, старасці свабодна.
Свае лісты да ваяроў-паплечнікаў, да якіх ён звяртаўся «дзяцюкі» (Dziaciuki!), Каліноўскі падпісваў «Дзядзька, гаспадар з-пад Вільні».
Марыя Ямант разам з бацькамі і сястрой была сасланая ў Табольск. Перажыла свайго каханага. Ён застаўся навечна маладым ва ўзросце 26 гадоў. Змерла, маючы ад веку 66 летаў. Калі памерлі бацькі і сястра, пагадзілася на шлюб з былым паўстанцам, баявым паплечнікам Кастуся, Генрыхам Дмахоўскім. Фота надмагілля Марыі з роду Ямантаў на Паванскоўскіх могілках у Варшаве я даваў на «ФБ» у тэксце «БАЛІЦЬ ТОЛЬКІ АБРАНЫМ» (15.11.2021 г.).
22 лістапада 2019 г. у Вільні Уладзімір Някляеў, уражаны цудам прыроды, што раскрыла таямніцу магіл паўстанцаў, напісаў такія вершы-радкі:
І расступілася зямля...І выйшаў першы: «Гэта я», —Сказаў ён. І за ім паўсталіУсе, што пад зямлёю спалі.«Так. Гэта я», – сказаў другі...І ўсе яны ўзнялі сцягі,І з несатлелымі сцягамі,Хто ўперадзе, хто ўслед за наміПакрочылі —а пасярод —Вякамі палены, карчоны,Скрываўлены, да не знішчоны,Паўсталы з-пад зямліНарод!
За гэты верш, які я прадэкламаваў на «плошчы Каліноўскага» на недазволеным мітынгу ў снежні 2019 г., я атрымаў адміністрацыйнае спагнанне ў памеры 30 базавых велічынь. Потым такое ж яшчэ адно за публічную прапанову ўзбудзіць крымінальную справу супраць Лукашэнкі за распальванне грамадзянскай варожасці паводле нацыянальных прыкмет («свядомыя», «змагары», «говорите на нормальном языке», «нацмены» — ?).
Алесь Марачкін прысвяціў феерычную карціну гістарычнай падзеі 22 лістапада 2019 г., што стала пераканаўчай дэманстрацыяй пераемнасці супраціву беларускага нацыянальнага руху, які пазней ў жніўні 2020 г. АПЛАДНІЎ НАШЫМІ ГІСТАРЫЧНЫМІ КАШТОЎНАСЦЯМІ стыхійнае ўзрушэнне народнага гневу супраць хлусні і гвалту расійскай марыянеткі-дыктатара Лукашэнкі.
Шматлікія маляўнічыя дакументальныя відэролікі з нацыянальнымі гістарычнымі сімваламі і спевамі пра тыя дні можна глядзець у сеціве.
P. S. Пры напісанні тэксту я карыстаўся звесткамі з кнігі Васіля Герасімчыка «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда».