"Перспектыва" заклікае ўлады "спыніць вайну з прадпрымальнікамі"
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" прыняло маніфест "За прадпрымальніцкую Беларусь!". Адзначаецца, што яго адрасаты — беларускі народ і прэзідэнт Беларусі. "Перспектыва" заклікае ўладу, палітыкаў і грамадзянскую супольнасць "спыніць вайну з прадпрымальнікамі".
У дакуменце, змешчаным на сайце грамадскага аб'яднання, падкрэсліваецца, што "ўся гісторыя беларускай дзяржаўнасці была гісторыяй барацьбы прадпрымальнікаў з бязмежжам чыноўнікаў і бюракратыяй". А "прадпрымальнікі Беларусь хочуць працаваць на карысць краіны, для яе квітнення і павышэння дабрабыту грамадзян". "Перспектыва" заклікае ўладу спыніць "эксперыменты над бізнесам". "Мы хочам ісці за цывілізаваным светам у нагу з часам, а не жыць па законах мінулага", — гаворыцца ў маніфесце.
Грамадскае аб'яднанне прапануе Аляксандру Лукашэнку прыняць шэраг рашэнняў. Напрыклад, прапануецца, каб ўсе рашэнні ўладаў адносна бізнесу прымаліся "выключна з улікам меркавання, інтарэсаў і са згоды саміх прадпрымальнікаў", у якіх мусіць быць "права вета". Прыватны бізнес у эканоміцы мусіць мець прыярытэтнасць, інтарэсы бізнесу павінны быць першаснымі перад інтарэсамі "чыноўніка ва ўладзе" (перашкоды, якія робяць чыноўнікі прадпрымальніцкай дзейнасці мусяць расцэньвацца "як злачынства"). Таксама прадпрымальнікі спадзяюцца атрымаць "недатыкальнасць іх маёмасці".
Адзначым, што 14 снежня ў Мінску РГА "Перспектыва" праводзіць чарговы форум прадпрымальнікаў.
Згодна з указам прэзідэнта № 222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці з 1 студзеня 2016 года ІП павінны будуць рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі неаднаразова заяўлялі, што не змогуць працаваць у новых умовах, паколькі іх пастаўшчыкі, пераважна з Расіі, альбо адмаўляюцца выдаваць дакументы на тавары, якія пацвярджаюць іх паходжанне, альбо выдаюць фіктыўныя дакументы.