Пяць год з дня забойства Веранікі Чаркасавай

20 кастрычніка 2004 года ў сваёй кватэры ў Мінску была жорстка забіта вядомая журналістка, супрацоўніца незалежнай газеты “Салідарнасць Вераніка Чаркасава. Злачынца, што па-зверску забіў Вераніку, дагэтуль не знойдзены.



3de2334a314a7a72721f1f74a6cb4cee.jpg

20 кастрычніка 2004 года ў сваёй кватэры ў Мінску была жорстка забіта вядомая журналістка, супрацоўніца незалежнай газеты “Салідарнасць Вераніка Чаркасава. Злачынца, што па-зверску забіў Вераніку, дагэтуль не знойдзены.
Напярэдадні сумнага юбілею ў офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) адбыўся вечар памяці журналісткі, у якім узялі ўдзел маці Веранікі, таксама вядомая журналістка Дыяна Чаркасава, айчым Уладзімір Мялешка, сябры і калегі загінуўшай. На пачатку прысутныя ўшанавалі памяць Веранікі хвілінаю жалобнага маўчання.
Па словах старшыні БАЖ Жанны Літвіной, сёння самае балючае пытанне, якое хвалюе блізкіх Веранікі, — гэта вынікі следства, якое так і не адказала, што ж адбылося 20 кастрычніка пяць год таму, хто забойца.
Галоўны рэдактар сайта БАЖ www.baj.by Вольга Бабак паведаміла, што 19 кастрычніка звязалася з пракуратурай горада Мінска, якая вядзе следства па справе аб забойстве Веранікі Чаркасавай. Следчы па асобых справах гарадской пракуратуры Сяргей Іваноў адмовіўся даваць інфармацыю па тэлефоне, чаго раней не было. З гэтай прычыны Вользе Бабак давялося ехаць у пракуратуру. Падчас сустрэчы спадар Іваноў паведаміў, што з моманту прыпынення справы ў лютым 2007 гора нічога новага ў матэрыялах не з’явілася. Такім чынам, можна зрабіць выснову, следства ні на крок не наблізілася да раскрыцця жорсткага злачынства.
Галоўны рэдактар “Салідарнасці Аляксандр Старыкевіч выказаў меркаванне, што следства само не зацікаўлена ў раскрыцці забойства Веранікі Чаркасавай, гэтаксама як улады не зацікаўлены ў раскрыцці знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага.
Удзельнікі вечарыны абмеркавалі пытанне правядзення конкурсу імя Веранікі Чаркасавай для беларускіх журналістаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, да ўдзелу ў конкурсе будуць прымацца нарысы, эсэ, замалёўкі і іншыя журналісцкія матэрыялы, якія раскрываюць унікальнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, яе ролю ў гісторыі, культуры, грамадстве. Падрабязнасці ўмоваў конкурсу будуць апублікаваныя бліжэйшым часам. 
20 кастрычніка родныя, сябры, калегі Веранікі Чаркасавай наведаюць Каладзішчанскія могілкі, дзе пахавана забітая журналістка.