Пінчукі просяць правесці пазачарговую пераатэстацыю пацярпелых міліцыянтаў
Па «пінскай справе» міліцыянты заявілі маральную шкоду на 380 тысяч рублёў. У адказ на гэта пінчукі стварылі петыцыю, у якой просяць правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, якія былі задзейнічаныя ў працы на вулічных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Пінску 9 і 10 жніўня 2020 года і ўстанавіць ступень адпаведнасці названых супрацоўнікаў займаемым пасадам.
Суд Маскоўскага раёна Брэста ужо трэці тыдзень разглядае крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску. Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі, большасці якіх прычыненая шкода, якая не пацягнула за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. На судзе ўсіх міліцыянтаў дапытваюць дыстанцыйна з пінскага суда — праз відэаканферэнцсувязь. За гэтыя дні так дапыталі 72 пінскіх міліцыянтаў, якія ў агульнай суме ацанілі маральную шкоду на 382 500 рублёў. Свае маральныя пакуты міліцыянты абгрунтоўваюць тым, што яны «вызналі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».
Нагадаем, паводле версіі абвінавачання, 14 абвінавачаных, «прыняўшы 9 жніўня 2020 года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага райвыканкама, груба парушылі грамадскі парадак». Усе, акрамя Сяргея Маўшука, знаходзяцца ў брэсцкім СІЗА-7. Сяргею абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а яго жонка ўжо больш за восем месяцаў утрымліваецца пад вартай.
Канвеерны допыт пацярпелых-міліцыянтаў. Што адбываецца на судзе?
«Пінскую справу» разглядае сумнавядомы суддзя Яўген Брэган. Дзяржаабвінавачванне падтрымліваюць пракуроры Дайнэка і Ляшок. Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната, Ігара Салаўя, Станіслава Міхайлава, прызналі віну часткова. Данііл, Ігар, Станіслаў віну цалкам не прызналі. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся наносіць траўмы супрацоўнікам міліцыі, а білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаюцца з колькасцю нанесеных удараў. Таксама яны не прызнаюць папярэдні намер і змову.
Паводле матэрыялаў справы, пацярпелымі выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі. Амаль ва ўсіх пацярпелых траўмы: сінякі і ранкі, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці. Шкоду ад дзеянняў пратэстоўцаў пракуратура ацаніла ў 24 тысячы рублёў.
На судзе дапытваюць пацярпелых сілавікоў, але ніхто з іх асабіста ў брэсцкі суд не з'явіўся. Усе пацярпелыя заўляюць грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды на сумы ад 2 да 15 тысячаў, хоць ніхто і не пазнае абвінавачаных. Агульная сума іх заяўленых патрабаванняў ужо складае 382 500 рублёў. Допыт міліцыянтаў працягваецца. Пацярпелыя просяць спагнаць гэтыя грошы з абвінавачаных у салідарным парадку.
Самую вялікую суму ў судзе назваў Вячаслаў Шэлест — 15 тысяч рублёў. Ён сцвярджае, што ў выніку ўдара сметніцай, якая прыляцела ў яго, утварыўся закрыты пералом ступні. Такія ж сумы назвалі Валерый Шышко, Аляксандр Кіслюк і яшчэ некалькі міліцыянтаў.
Пінскім міліцыянтам дагэтуль пагражаюць у тэлеграм-каналах?
У асноўным усе супрацоўнікі міліцыі выказвалі меркаванне аб пакаранні «па меркаванні суда», аднак, былі і такія, якія прасілі пакараць абвінавачаных строга. Напрыклад, пацярпелы міліцыянт Арцём Сярэдзіч у абгрунтаванне кампенсацыі маральнай шкоды ў 5000 заявіў, што ў цяперашні час на яго адрас маюцца пагрозы ў тэлеграм-каналах. Палітзняволены Ігар Салавей запытаў у яго, прычым тут абвінавачаныя, бо яны за кратамі ўжо сем месяцаў. Сярэдзіч адказаў, што «не выключае іх дачынення». Салавей таксама запытаў у яго, ці думае ён, што калі раптам яны выплацяць кампенсацыю, то пагрозы спыняцца. Міліцыянт сказаў, што не выключае гэтага.
Адзіны, хто сказаў, што не мае прэтэнзій па кампенсацыі, — гэта старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Пінскага ГАУС Аляксандр Бабінец. Людзі ў залі і абвінавачаныя паспрабавалі адрэагаваць воплескамі, але канвой рэзка адрэагаваў на гэта.
Як адзначае праваабаронца Аляксандр Вайцешык, нават з допыту на судзе пацярпелых супрацоўнікаў Пінскага ГАУС вынікае, што калі на мірнай акцыі 9 жніўня пачалі разыходзіцца людзі, то супрацоўнікам паступіла каманда на «выцясненне», пасля чаго яны пачалі наступаць на мірных грамадзян, суправаджаючы свой наступ шумавым эфектам, удараючы гумавай палкай аб шчыты і шчыт аб шчыт. Раней пра гэта распавядалі самі пінчукі.
«Ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан дадзеных супрацоўнікаў выконваць задачы па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь?»
У адказ на канвеерны допыт пацярпелых-міліцыянтаў і іх паказанні жыхары Пінска і Пінскага раёна стварылі петыцыю, у якой просяць Упраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, якія былі задзейнічаныя ў працы на вулічных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Пінску 9 і 10 жніўня 2020 года і ўстанавіць ступень адпаведнасці названых супрацоўнікаў займаемым пасадам.
Як адзначаюць пінчукі ў петыцыі, на судзе супрацоўнікамі Пінскага ГАУС і РАУС былі дадзены паказанні наступнага характару, што, «выконваючы свае абавязкі па ахове грамадскага парадку ў перыяд з 9-га па 10-га жніўня 2020 года», яны «вызналі страх, прыніжэнне, боль і сорам». Паводле паказанняў супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу. Пры гэтым па дапамогу вузкіх спецыялістаў (псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў) яны не звярталіся і не звяртаюцца.
«Мы выказваем сур'ёзную занепакоенасць: ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан дадзеных супрацоўнікаў выконваць задачы па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь ад крыміналітэту, супрацьстаяць забойцам, рабаўнікам і гвалтаўнікам, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў?» — задаюцца пытаннем у петыцыі.
Таксама пінчукі адзначаюць, што лічаць рашэнне апісанай праблемы надзвычай важнай справай, бо «за бяспеку грамадзян павінны адказваць супрацоўнікі праваахоўных органаў з устойлівай псіхікай».
spring96.org