Пераслед ЛГБТК-людзей у Беларусі — падрыхтоўка да выбараў ці лагічны працяг рэпрэсій?

Людзей затрымлівалі дома і ў публічных месцах. Пад пераслед трапілі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці.

image_69.jpg

Не менш за 30 прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці былі затрыманыя ў Беларусі ў жніўні-верасні. Сярод іх — каля дзесяці транс-персон, небінарныя людзі і ЛГБТ-актывісты. Некаторыя былі адпушчаныя пасля допытаў альбо атрымалі штрафы і змаглі пакінуць Беларусь, хтосьці дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні.

Паводле звестак арганізацыі «TG House Belarus», якая абараняе правы і інтарэсы трансгендарных людзей, часцей за ўсё затрыманых абвінавачвалі ў «дробным хуліганстве» (арт.19.1 КаАП) і падпісках на так званыя «экстрэмісцкія рэсурсы» (арт. 19.11 КаАП). Акрамя таго, пацверджаныя, прынамсі, два выпадкі, калі быў ужыты арт.343 Крымінальнага кодэкса «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў».

З чым звязаныя масавыя затрыманні: запалохванне перад выбарамі ці падрыхтоўка глебы для прыняцця закона аб забароне «прапаганды ЛГБТ»? Разбіралася «Deutsche Welle».

«Выкарыстоўвалі асабістую інфармацыю для шантажу, пагражалі турмой»

Паводле слоў каардынатаркі «Tg House Belarus» Алісы Сармант, затрыманні прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці прайшлі мінімум у сямі гарадах, людзей арыштоўвалі як дома, так і ў грамадскіх месцах. У многіх сілавікі шукалі ў тэлефонах падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія» рэсурсы, а калі не знаходзілі, то самі іх падпісвалі, каб мець фармальную нагоду для затрымання.

Праваабаронцы таксама адзначаюць пачатак выкарыстання артыкула за распаўсюд парнаграфіі. Меркавана, гэты артыкул маглі ўжываць за «ЛГБТК-кантэнт».

Гэтую ж інфармацыю на ўмовах ананімнасці DW пацвердзіла прадстаўніца інтэрсекцыянальнай фем- і ЛГБТК+ ініцыятывы «Прызматыка». Паводле яе слоў, пры затрыманні людзі падвяргаліся фізічнаму і «псіхалагічнаму гвалту на падставе іх ідэнтычнасці»: «Сілавікі выкарыстоўвалі асабістую інфармацыю для шантажу, пагражалі згвалтаваннем і турмой. У кватэрах затрыманых праводзілі ператрусы, канфіскоўвалі ўсё, што можна было звязаць з "экстрэмісцкай дзейнасцю" або з квір-сімволікай, а таксама тэлефоны і іншую тэхніку».

Генпракуратура падрыхтавала закон аб забароне «прапаганды ЛГБТ»

Суразмоўніца DW не выключае, што масавыя затрыманні могуць быць звязаныя з надыходзячымі прэзідэнцкімі выбарамі — улады пачынаюць праводзіць зачысткі, «каб усе схаваліся, спалохаліся або ўцякалі». Акрамя таго, падобным чынам у Беларусі могуць рыхтаваць глебу для прыняцця закона аб забароне так званай «прапаганды ЛГБТ».

Яшчэ ў лютым 2024-га Генпракуратура падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае ў тым ліку адміністрацыйную адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносінаў».

Паводле інфармацыі Сармант, як мяркуецца, у лістападзе-снежні дакумент будзе перададзены ў парламент. Калі яго прымуць, «у сілавікоў з'явіцца дадатковы інструмент для пераследу ЛГБТК-персон».


Глядзіце таксама

Гэтым летам ініцыятыва «TG House Belarus» запусціла кампанію супраць прыняцця гэтага закона. Петыцыю падпісалі больш за 12 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый. Сармант не выключае, што масавыя затрыманні ЛГБТК-актывістаў могуць быць помстай за гэтую кампанію. 

Камісія па трансгендарным пераходзе адмаўляе ў карэкцыі полу ў 80% выпадкаў

Суразмоўніца адзначае, што, хоць пакуль афіцыйна закон яшчэ не працуе, сілавікі ўжо яго «ўжываюць»: некаторым актывістам пры затрыманні гаварылі, што «ЛГБТ-прапаганда» ў Беларусі забароненая.

Аналізуючы змест дакумента, каардынатарка «TG House Belarus» кажа, што, сярод іншага, ён уступае ў супярэчнасць з пастановай №163 Міністэрства аховы здароўя РБ «Аб змене і карэкцыі палавой прыналежнасці». Зрэшты, апошнія паўтара-два гады станоўчыя рашэнні ад камісіі па трансгендерных пераходах атрымліваюць адзінкі. У 80% выпадкаў людзей чакаюць адмовы.

«Даюць дазволы толькі тым, хто сацыялізаваўся ў сваім жаданым гендары. Камісія, у першую чаргу, глядзіць, каб чалавек адпаведна выглядаў, апранаўся. Відавочна, што такіх людзей мала, таму што ў Беларусі людзі не могуць афіцыйна прымаць гармоны ці неяк мяняць знешнасць да рашэння камісіі», — кажа Сармант.

«З'ехаць можа 5-10%, большасць будзе жыць у бягучых рэаліях»

Суразмоўніца дадае, што транс-персоны ў Беларусі асабліва ўразлівыя, таму што стаяць на медыцынскім уліку і сілавікі лёгка могуць атрымаць доступ да іх персанальнай інфармацыі — дастаткова «прыйсці да сэксолага і паказаць пасведчанне». У цэлым, праз апошнія масавыя затрыманні і магчымае прыняцце закона аб забароне «прапаганды ЛГБТ» людзі ў Беларусі вельмі напалоханыя, не разумеюць, што адбываецца, многія пішуць у праваабарончыя арганізацыі пра тое, што хацелі б з'ехаць.


Глядзіце таксама

Прадстаўнікі беларускай ЛГБТК-супольнасці кажуць, што «аб'ядналіся для дапамогі і падтрымкі», узаемадзейнічаюць з ініцыятывамі ў іншых краінах.

Праваабаронцы імкнуцца не толькі аператыўна вывозіць людзей з краіны, але і дапамагаць тым, хто застаецца ў Беларусі, бо, паводле слоў Сармант, «з'ехаць можа 5-10%, абсалютная большасць застанецца і будзе жыць у бягучых рэаліях».