«Перамогу трэба набліжаць штодня». Як жыве беларуская дыяспара ў Каталоніі
Паводле афіцыйных звестак, у Каталоніі прапісаны каля адной тысячы беларусаў. Яшчэ на пачатку 2020 года яны не ведалі адзін аднаго. Але пасля выбараў у Беларусі і акцый салідарнасці, якія абудзілі і аб'ядналі землякоў па ўсім свеце, яны не проста асацыяцыя беларусаў «Razam», а паплечнікі і аднадумцы, якія, не спыняючыся, рушаць да агульнай мэты.
Пра тое, якой стала суполка сёння і як праз дзясяткі гадоў
жыцця за мяжой зноў прыйсці да Беларусі, «Салідарнасці» расказала старшыня
асацыяцыі Алена Турава.
— У першы год, калі мы толькі сабраліся, яшчэ дзейнічалі
строгія кавідныя абмежаванні, таму зладзіць масавыя акцыі і пікеты, вулічныя
выставы і гэтак далей — гэта было нешта неверагоднае, — згадвае яна. — Але за
гэты час мы, па-першае, пералічыліся, колькі нас, а па-другое, зразумелі,
хто на што здатны, у каго якія моцныя бакі.
У выніку магу ўпэўнена сказаць, што ёсць касцяк, прыкладна
50 чалавек у Барселоне, каго я асабіста ведаю і хто хутка прыйдзе на дапамогу,
арганізуецца, калі нешта тэрмінова патрэбна.
Напачатку, згадвае Алена, у мерапрыемствах удзельнічалі
больш як сто чалавек. Але з цягам часу, як і беларусаў унутры краіны, многіх
накрыў дэпрэсіўны стан: навошта выходзіць на вуліцы, калі гэта не дае плёну.
Калі ж пачалася вайна ва Украіне, а рэпрэсіі пачалі набываць усё
большы размах і закраналі ўжо сваякоў актывістаў, з’явіўся і страх казаць і
рабіць штосьці публічна, літаральна з адкрытым тварам — проста каб не
нашкодзіць сваякам і сябрам, якія засталіся ў Беларусі.
Таму ў медыйным полі засталіся толькі тыя ўдзельнікі
каталонскай суполкі беларусаў, хто атрымаў іспанскае грамадзянства і перавёз да
сябе родных — з дзясятак людзей. Таму сёння, у адрозненне ад вулічных акцый
2020-2021-га, яны дзейнічаюць менш публічна — затое больш сістэмна і эфектыўна.
«Нават зняць кватэру — той яшчэ квест»
Цягам апошняга года ў Іспанію вымушана перабраліся некаторыя
беларусы, якія ў Беларусі трапілі пад рэпрэсіі і пераслед з боку ўлад.
Менавіта суполка «Razam» дапамагла ім з легалізацыяй, жытлом і адаптацыяй на
новым месцы.
— Іспанія — адна з тых краін, дзе вельмі цяжка інтэгравацца,
— зазначае Алена Турава. — Каб атрымаць статус бежанца, складана нават проста
запісацца на прыём у паліцыі, каб прайсці інтэрв’ю і падацца на міжнародную
абарону.
На гэтай стадыі мы таксама дапамагалі людзям: суполка
правярала кожны канкрэтны выпадак, мы пацвярджалі, што сапраўды гэта
«палітычныя», тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і не можа вярнуцца ў краіну, — каб
як мага хутчэй вырашыць неабходныя фармальнасці і атрымаць часовую карту
замежніка.
Бо толькі праз паўгода такія людзі маюць права на працу — а
ўвесь гэты час таксама трэба неяк жыць. А ў нас нават зняць кватэру — той яшчэ
квест, і справа не толькі ў грашах.
Вось некалькі дэталяў, каб уявіць складанасць працэсу: каб
арандаваць жытло, трэба быць мясцовым падаткаплацельшчыкам і пры заключэнні
дамовы паказаць свае даходы за некалькі месяцаў, прычым заробак мусіць утрая
перавышаць памер арэнды.
Таму ў кожным выпадку мы шукалі варыянты, як і дзе беларусам
жыць на час чакання дакументаў, дапамагалі ўладкаваць дзяцей у школу, вырашыць
побытавыя моманты, бо людзі не ведалі ні мовы, ні мясцовых парадкаў.
Альбо былі выпадкі, калі людзей экстрадзіравалі ў Іспанію з
іншых краін, дзе яны ўжо былі асвоіліся і пражылі некаторы час — і тут зноў
даводзілася пачынаць усё з нуля, і тады таксама звяртаюцца да нас у «Razam».
Удзельнікі суполкі заўжды адгукаюцца, вельмі хочуць дапамагаць — хоць усё гэта
на валанцёрскіх пачатках, мы не маем дзяржаўных субсідый.
Жыццё хвалямi
— Выгаранне — так, здараецца. Ва ўсіх нашых актывістаў яно
было, і мяне даганяла некалькі разоў: сілы сканчаюцца, рукі апускаюцца. Але ты
ведаеш, што такі не адзін, і гэта крыху дапамагае. Да таго ж, калі стамляюцца і
бяруць паўзу адны — ёсць усплёск актыўнасці ў іншых, таму так і жывём,
хвалямі, — усміхаецца Алена.
Яна прызнаецца, што сям’я не адразу прыняла яе добраахвотную
«грамадзянскую нагрузку» — муж, рускі па нацыянальнасці, не мог зразумець, чаму
жонцы не сядзіцца спакойна:
— Гэта было цяжка, таму што, асабліва ў першы час, я вельмі
актыўна ва ўсім удзельнічала — не спала начамі, была на сувязі пастаянна са
сваімі роднымі ў Беларусі… Аднак, калі прайшоў час і муж убачыў вынікі і маштаб
нашай працы, шчыра скажу — ён мной ганарыцца і гаворыць, што я ўсё правільна
зрабіла.
Напрыклад, ва ўсіх важных сродках масавай інфармацыі Іспаніі
ў нас ёсць не проста сувязі — сябры-журналісты. Канешне, зараз Украiна — на
першым месцы ў павестцы, але мы падтрымліваем усе кантакты і нагадваем пра
падзеі ў Беларусі, расказваем пра свае новыя праекты ў падтрымку беларусаў.
Таксама за гэты час наладжаны сувязі з іспанскімі
палітыкамі — на ўзроўні парламента, куды нас пастаянна запрашаюць, на ўзроўні
мэрыі. У Каталоніі наогул ніхто раней не ведаў, дзе знаходзіцца Беларусь —
цяпер успрыняцце зусім іншае, ведаюць і пра рэжым, і пра рэпрэсіі супраць
беларускага народа — шмат у чым дзякуючы нашай працы.
«Як ніколі, цяпер нам трэба быць разам»
А яшчэ «Razam» мае добрыя стасункі з украінскай дыяспарай, таму нярэдка актывісты выступаюць на ўкраінскіх акцыях, каб раз за разам
тлумачыць, што беларусы — не тое самае, што рэжым Лукашэнкі:
— Многія ўкраінцы лічылі, і некаторыя дагэтуль лічаць,
беларусаў суагрэсарамі. А ў нас тут, у Барселоне, самае меншае каля 50 тысяч
украінцаў. І гэта лідары дыяспары, арганізатары маніфестацый і мітінгаў,
ведаюць, хто мы і што мы, паважаюць. А большасць людзей, якія з’ехалі з
Украіны, ратуючыся ад вайны, не ведаюць, і было вельмі шмат непрыемных і
варожых каментароў у адрас беларусаў.
У многіх нават адпала жаданне ўдзельнічаць у мерапрыемствах,
каб не выслухоўваць гэта і не апраўдвацца зноў і зноў. Але мы працягваем
змагацца з такім стаўленнем і пераадольваць яго, і адна з задач — далучацца да
шматлікіх імпрэз і акцый, якія ладзяць тут украінскія суполкі, каб не
атрымалася так, як у многіх краінах: беларусы асобна, украінцы асобна. Не, нам
якраз трэба цяпер, як ніколі, быць разам і паказваць сваю салідарнасць.
— Некаторыя лічаць, што зараз, калі ідзе вайна, калі ў
беларускіх турмах каля 1500 афіцыйна прызнаных палітзняволеных, не да
святаў і весялосці. А іншыя пярэчаць, што ад пастаяннай змрочнай павесткі людзі
стамляюцца, а традыцыі, культура — тое, што ўсіх аб’ядноўвае і зараджае наноў,
таму абавязкова варта ладзіць культурніцкія імпрэзы. Ці ёсць у беларусаў
Каталоніі звычка адзначаць святы грамадой?
— Канешне. Абавязкова штогод у нас у сваім «сакрэтным» месцы
ладзіцца Купалле — прыдумляем цэлую праграму, гэта наогул улюбёнае свята.
Таксама збіраемся перад Новым годам — разам адзначаем нават не яго, а
каталіцкае Раство. Савецкія святы збольшага перасталі тут адзначаць, а вось
народныя — з вялікім задавальненнем.
Дзень беларусаў замежжа? Так, лічу, ён таксама патрэбны.
Патрэбна ўсё, што будзе аб’ядноўваць. Бо сёння беларусы, як калісьці яўрэі,
раскіданыя па ўсім свеце — і каб пабудаваць у будучым новую Беларусь, на нас
ляжыць вялікая адказнасць за захаванне сваёй мовы, сваёй культуры і гісторыі,
наогул ідэнтычнасці. Таму чым больш у нас сумеснага — дат, праектаў, свят,
з’ездаў, канферэнцый — тым лепш.
У беларусаў ёсць такая рыса — прыстасоўвацца, у добрым
сэнсе, да абставін, у тым ліку да жыцця за мяжой. Каб паглядзець, як жывуць
іншыя, узяць найлепшы вопыт і пераняць яго, узяць тое, што адгукаецца ў нашых
рэаліях.
У каталонцаў, прыкладам, шмат падабенства з намі, і я
пастаянна падгледжваю, якія моманты беларусы маглі б запазычыць.
«Беларусы вельмі моцна змяніліся»
У Алены ёсць і яшчэ
адна, вельмі асабістая, прычына, чаму ў 2020-м яна паверыла ў тое, што перамены
магчымыя, і чаму працягвае падтрымліваць беларусаў і не плануе спыняцца.
— У 2007-м мяне ў Беларусі прысудзілі да 10 год пазбаўлення
волі — за злчынства, якога ніколі не было. Потым апраўдалі, і ў гэтым сэнсе,
мабыць, мой выпадак унікальны — пашанцавала, нават нейкую кампенсацыю
пастанавілі выплаціць, і праз два гады я вярнулася ў Іспанію, не жадаючы пра
Беларусь нічога ні чуць, ні згадваць…
А з іншага боку, якраз гэтыя ўспаміны рухалі мной у 2020-м.
Бо я прайшла турму, бачыла гэтую сістэму знутры і ведала, што мноігя людзі
сядзяць ні за што. Аднак тады, калі я з’язджала, большасць беларусаў відавочна
не была гатовая да перамен. Маўчаць, не супярэчыць уладам, толькі б чаго не
выйшла — вось такія настроі панавалі ў многіх, і я з’ехала з думкай, што больш
не вярнуся.
Але потым усё ж зноў прыехала — якраз за год да нашых
падзей, паказала мужу сваю радзіму. І гэта ўжо было зусім іншае месца, іншая
краіна.
— Якой вы яе ўбачылі? Многія расійцы дагэтуль прыязджаюць у
Беларусь як у «запаведнік, дзе захаваўся Савецкі Саюз», і не разумеюць, што для
нас гэта зусім не камплімент…
— Не-не, гэта няпраўда. Мы прабылі ў Беларусі крыху больш за
тыдзень, муж пару дзён маўчаў, а потым сказаў: давай, можа, падумаем, каб праз
пару год пераехаць жыць у Беларусь? І я, па шчырасці, вельмі ўзрадавалася.
Бо мы ўбачылі добра наладжаны, зусім не «саўковы» сэрвіс,
развітую сетку крамаў, ветлівасць і добразычлівасць, прыязнасць людзей. Па
іспанскіх мерках, многія мае сябры жылі лепш, чым тут.
Але на нашы захапленні, як усё добра і што тут можа не
падабацца, сябры адказвалі, што не стае свабоды, татальны кантроль… І стала
зразумела, што добрае жыццё — гэта не дзякуючы дзяржаве, уладам, гэта тое, што
самі людзі зрабілі. Усе, з кім мы гутарылі, хацелі развівацца далей. І таму ў
2020-м мы паверылі, што беларусы гатовыя да перамен.
Я, мабыць, як празмерны аптыміст крыху наіўна лічыла, што
праз паўгода народ пераможа. І хоць гэтага не здарылася, адбылося самае
галоўнае: беларусы вельмі моцна змяніліся. Мы часта сустракаемся з беларусамі
замежжа, і я бачу, які велізарны крок у развіцці самаідэнтычнасці адбыўся.
Цяпер такіх наіўных жаданняў ужо няма, мы сталі рэалістамі і
цвяроза ацэньваем, што наперадзе яшчэ шмат працы. Але разам з тым — мы ўсе
марым проста паехаць у Беларусь, свабодна, не баючыся за бяспеку, хоць на джыпах,
хоць на самалётах.
Агульную перамогу, канешне, трэба набліжаць штодня, змяняючы
саміх сябе. Трэба адказваць на пытанні, хто такія беларусы, якая ў нас
нацыянальная ідэя, як мы хочам жыць і якой бачым сваю будучыню.
Іспанцы таксама праходзілі гэты шлях, ён быў складаным
і няпростым — 40 год пад дыктатурай, і толькі яшчэ праз 40 гадоў яны прыйшлі да
прагрэсу. Так і ў Беларусі — трэба, каб змянілася цэлае пакаленне. Але не
проста сядзець і чакаць, а рабіць крокі да будучыні штодня.