У Каталоніі прайшлі шматтысячныя выступы за незалежнасць ад Іспаніі

Масавае шэсце па вуліцах Барселоны з патрабаваннем аб прадастаўленні Каталоніі суверэнітэту адбылося за некалькі дзён да перамоваў па гэтым пытанні паміж рэгіянальным урадам і ўрадам Іспаніі.

photo_2021_09_12_11_42_53.jpg

Сотні тысяч чалавек у суботу, 11 верасня, выйшлі на вуліцы Барселоны з патрабаваннем даць каталонскаму рэгіёну незалежнасць ад цэнтральнага іспанскага ўрада.
Каталонцы 11 верасня адзначаюць свята Diada, ці Нацыянальны дзень Каталоніі. Штогод у гэты дзень сепаратысцкае аб'яднанне ANC (Каталонскі нацыянальны сход) арганізуе акцыі за незалежнасць рэгіёна ад Мадрыда. У гэтым годзе, па даных ANC, у шэсці па вуліцах Барселоны прынялі ўдзел 400 тысяч чалавек.
Для параўнання: у гады, якія папярэднічалі пандэміі COVID-19, лік удзельнікаў гэтай штогадовай дэманстрацыі перавышаў мільён чалавек. Да моманту публікацыі матэрыялу паліцыя Барселоны яшчэ не назвала сваю адзнаку ліку удзельнікаў акцыі гэтага года.

Перамога сепаратыстаў на рэгіянальных выбарах у Каталоніі

У лютым 2021 года на рэгіянальных выбарах у Каталоніі перамогу атрымаў блок нацыяналістычных партый, якія выступаюць за самавызначэнне гэтай паўночна-ўсходняй вобласці Іспаніі. Адна з гэтых палітычных сіл — «Левыя рэспубліканцы» — выступае за правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, які быў бы прызнаны як Іспаніяй, так і міжнароднай супольнасцю. Арганізацыя такога рэферэндуму павінна абмяркоўвацца на перамовах з Мадрыдам, лічаць у партыі.
Падобныя перамовы паміж урадам Іспаніі і рэгіянальным урадам Каталоніі павінны прайсці ўжо праз некалькі дзён.
На думку шэрагу экспертаў, шанцы, што прэм'ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс пагодзіцца на правядзенне рэферэндуму па пытанні аб прадастаўленні Каталоніі незалежнасці, вельмі малыя. Аднак не выключана, што Мадрыд пойдзе на пашырэнне аўтаноміі рэгіёну.
dw.com