Пенсіянера, які абараніў жанчыну на маршы ў Гродне, замест «хатняй хіміі» адправяць у калонію
Юзэф Нямера ўдзельнічаў у маршы пратэсту ў Гродне 6 верасня і абараняў жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. Пры тым ён штурхнуў аднаго з міліцыянтаў.

Юзэф Нямера на судзе 13 траўня. Фота Рамана Юргеля
13 траўня ў Гродзенскім
абласным судзе адбыўся перагляд крымінальнай справы ў дачыненні да 63-гадовага
Юзэфа Нямеры, абвінавачанага паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 342 КК
(Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць
грамадскі парадак) і 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да
супрацоўніка органаў унутраных спраў). Вынесенае паўгода таму пакаранне – 2,5 года "хатняй
хіміі" —
замянілі на 1,5 года пазбаўлення волі.
У студзені Гарадзенскі абласны суд перагледзеў справу, бо пракурор падаў апеляцыйны пратэст, але тады рашэнне было пакінутае ў сіле. У сакавіку Гарадзенская абласная пракуратура накіравала апеляцыйны пратэст і на гэта рашэнне, і тады яно было адменена, а справа накіравана на новы разгляд.
Судовая калегія ў складзе суддзяў Кулеша, Бубенчыка і Рачынскага прызначыла Юзэфу Нямеру пакаранне — 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дзяржабвінаваўца Антон Шалковіч жа запытваў 2 года калоніі.
Нагадаем, Юзэф Нямера ўдзельнічаў у маршы пратэсту ў Гародні 6 верасня і абараняў жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. Пры тым ён штурхнуў аднаго з міліцыянтаў. Да першага суда, які адбыўся ў лістападзе мінулага года, ён знаходзіўся ў СІЗА.
На судзе абарона і сам Нямера даказвалі, што няма дастатковых доказаў яго віны па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса і прасілі ранейшы прысуд па гэтым артыкуле адмяніць. Пракурор наадварот заявіў, што ранейшае пакаранне было занадта мяккім і патрабаваў пакараць Нямеру пазбаўленнем волі на два гады і штрафам у 200 базавых велічынь.
Калегія абласнога суда не прыняла пад увагу ніякія аргументы асуджанага і яго адваката. Ні тое, што на ўтрыманні Нямеры знаходзіцца 91-гадовая маці, ні тое, што Юзэф Нямера падчас адбыцця хатняй хіміі" (адбыў ужо 6 месяцаў) не здзейсніў ніякіх парушэнняў. Пры тым дома яго правяралі за гэты час аж 57 разоў. Не былі ўлічаныя ў судзе і ранейшыя станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага.
Пад варту Нямеру пакуль не ўзялі, праз некалькі дзён з ім звяжацца дзяржаўная ўстанова выканання пакаранняў, і пенсіянера этапуюць да месца зняволення.