Педагог Наталля Дуліна выйшла на свабоду пасля 14 сутак

Былая выкладчыца кафедры італьянскай мовы МДЛУ выйшла на волю пасля 14 сутак адміністрацыйнага арышту. На сваёй старонцы ў Facebook яна падзякавала ўсіх, хто яе падтрымаў, і апублікавала малюнак камеры з дванаццаццю жанчынамі за сталом на фоне нар.

Фота reform.by

Фота reform.by

«Вялікі дзякуй усім за падтрымку! — напісала Наталля Дуліна. — За тое цяпло, якое сагравала мяне ўвесь гэты час, надавала мне сіл і захоўвала мяне. За ўсё сваё жыццё я, напэўна, не атрымала столькі лістоў, колькі атрымала за гэтыя чатырнаццаць дзён: ад сяброў, родных, знаёмых і не знаёмых мне людзей. І гэта нашмат даражэй і важней, чым усё тое страшнае, што адбылося і адбываецца з намі цяпер. Я зразумела, нарэшце, што дабро сапраўды мацней зла, таму што яно ўнутры нас, там, куды няма дарогі подласці і здрадзе.Абдымаю ўсіх вас. Усё будзе добра».

125182636_190885872564656_455575232439885173_o.jpg

Наталлю Дуліну затрымалі 30 кастрычніка, калі яна выходзіла з Універсітэта. Раней выкладчыца падтрымала страйк і пратэсты студэнтаў. У той жа дзень стала вядома, што яе звольнілі «ў сувязі з неаднаразовымі прагуламі заняткаў без законных на тое падстаў». Дуліну асудзілі паводле ч. 3 арт. 23. 34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) на 14 дзён арышту.