Павел Сапелка: "Зняволеных у ЛПП трэба не працаўладкоўваць, а распусціць дадому
Дзяржаву абавязалі дапамагаць лячэбна-працоўным прафілакторыям (ЛПП) ў працаўладкаванні грамадзян, а таксама выпраўленчым установам адкрытага тыпу ў працаўладкаванні асуджаных.
Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Саўміна N685 ад 14 жніўня 2015 года, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу ўрада.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны будуць прадастаўляць працоўныя месцы для працаўладкавання названых вышэй асоб па месцы дыслакацыі папраўчых устаноў і ЛПП.
ПЦ "Вясна" працяглы час аналізуе пытанні ўтрымання грамадзян у месцах несвабоды і ажыццяўляе адпаведны маніторынг на аснове аналізу нарматыўных актаў і збору звестак аб становішчы зняволеных. Эксперт у галіне пенітэнцыярнай сістэмы, юрыст Павел Сапелка, каментуючы пастанову Саўміна N685 ад 14 жніўня 2015 года, згодна з якой дзяржава будзе дапамагаць ЛПП у працаўладкаванні грамадзян, адзначае, што“зняволеных у ЛПП трэба не працаўладкоўваць, а распусціць дадому, ліквідаваўшы сістэму ЛПП, стварыўшы замест гэтага эфектыўную сістэму сацыяльнай рэабілітацыі і рэальна задзейнічаўшы існуючыя інстытуты і механізмы абароны сем'яў ад бытавога гвалту”.
— Міністэрства ўнутраных спраў даўно не магло "пераварыць" і пагалоўна працаўладкаваць і тую армію зняволеных, якая змяшчалася ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі — там ўладкавана на працу далёка не 100% працаздольных. Цяпер МУС, пашырыўшы сетку ЛПП (лячэбна-папраўчых устаноў), заклапацілася яшчэ і "працоўным перавыхаваннем" змешчаных там людзей, якія змушаюцца да працы насуперак Канстытуцыі і міжнародным абавязацельствам Беларусі. Добрая навіна, напэўна. Толькі дзяржава і так павінна была вырашаць пытанні працаўладкавання асуджаных у папраўчых установах адкрытага тыпу; дзіўна, што гэта стала прыярытэтам толькі цяпер. А зняволеных у ЛПП трэба не працаўладкоўваць, а распусціць дадому, ліквідаваўшы сістэму ЛПП, стварыўшы замест гэтага эфектыўную сістэму сацыяльнай рэабілітацыі і рэальна задзейнічаўшы існуючыя інстытуты і механізмы абароны сем'яў ад бытавога гвалту, — перакананы эксперт.
“Пакуль жа гэта — стварэнне алка-ГУЛАГу, толькі замест лесапавалу і капання каналаў — некваліфікаваная праца без працоўнай дамовы з трэмарам на "невыкарыстоўваемым абсталяванні". А потым будуць гісторыі, кшталту тых, якія даходзяць да "Вясны": сабралі з такой вось гуманітарнай дапамогі такарны станок, сяк-так запусцілі, а ён вазьмі і зламіся, ды не проста, а на развітанне дэталь у галаву вязню ўдрукавалася”.
Нагадаем, што ў Беларусі прымусовае накіраванне грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі нярэдка адбываецца з парушэннямі правоў і свабод чалавека, выкарыстаннем прымусовай працы.