“Справа графіцістаў”: актывістам прад’явілі заведама несправядлівае, празмерна жорсткае абвінавачанне. Навошта?

Каментар юрыста Паўла Сапелкі з нагоды крымінальнага пераследу і змяшчэння пад варту да прад’яўлення абвінавачванняў моладзевых актывістаў  па «Справе графіцістаў»



sapelka_11_logo.jpg

графіці; Павел Сапелка

"Акрамя адкрыта застрашальнага  характару дзеянняў сілавых ведамстваў — жорсткае затрыманне, заведама неабгрунтаванае прымяненне фізічнай сілы, запалохванне грамадскасці неадэкватнымі мерамі крымінальна-прававога характару на гэтым прыкладзе — ёсць яшчэ адно празаічнае тлумачэнне такой незаконнай кваліфікацыі:

У адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, заключэнне пад варту ў якасці меры стрымання прымяняецца толькі ў дачыненні да асобы, падазраванай ці абвінавачанай ў здзяйсненні злачынства, за якое законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін звыш двух гадоў. Толькі ў выключных выпадках гэтая мера стрымання можа быць прыменена ў дачыненні да падазраванага або абвінавачанага па справах аб злачынствах, за якія законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў: калі яны не маюць пастаяннага месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці не ўсталяваная іх асоба.

Таму кваліфікацыя дзеянняў  па артыкулах, якія прадугледжваюць адказнасць за пашкоджанне маёмасці, не дазволіла б заўзятым праваахоўнікам пакінуць затрыманых ў зняволенні больш чым на трое сутак: артыкулы за пашкоджанне маёмасці прадугледжваюць куды больш мяккае пакаранне.

Можа, прычына ў тым, што за трое сутак сінякі не гояцца?

Новым такі падыход не назавеш; ён і раней паспяхова выкарыстоўваўся КДБ, пракуратурай і міліцыяй, у тым ліку, у дачыненні да палітвязняў: ім прад’яўлялася загадзя больш цяжкае абвінавачванне па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, а пасля суд асуджаў іх па складу злачынства, які не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі. Па такой схеме трымалі да прысуду суда ў следчым ізалятары удзельнікаў «Партнёрства» ў 2006 годзе, так чакаў прысуду А. Гайдукоў, які быў спачатку абвінавачаны ў здрадзе радзіме. Адносна новы орган папярэдняга расследавання — Следчы камітэт — нічым не адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў на ніве праваахоўнай дзейнасці.

Нялішне нагадаць, што нават тады, калі ёсць фармальнае права ўжыць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, такая мера ўжываецца толькі пры наяўнасці сур’ёзных падстаў: меры стрымання могуць прымяняцца органам, які вядзе крымінальны працэс, толькі ў тым выпадку,калі сабраныя па крымінальнай справе доказы даюць дастатковыя падставы меркаваць, што падазраваны ці абвінавачаны — можа схавацца ад органа крымінальнага пераследу і суда; перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яго судом, у тым ліку шляхам аказання незаконнага ўздзеяння на асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, утойвання ці фальсіфікацыі матэрыялаў, якія маюць значэнне для справы, няяўкі без паважных прычын па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс; здзейсніць прадугледжанае крымінальным законам грамадска небяспечнае дзеянне; будзе процідзейнічаць выканання прысуду.

Як правіла, ніякімі доказамі гэтага на пачатак следства СК не валодае, і мера стрымання абіраецца на падставе галаслоўных сцвярджэнняў, што, безумоўна, парушае правы абвінавачанага (падазраванага)".

Павел Сапелка для palitviazni.info, spring96.org