Паўстанне Каліноўскага — бунт, мяцеж, «памаранчавая рэвалюцыя»?
На 150-я ўгодкі Паўстання 1863 года ў Аляксандра ІІ значна больш шансаў паўстаць у цэнтры Мінску, чым у Каліноўскага.
Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Вялікіх Саленічніках. Фота Іван Бай
Пасля патаплення ў крыві Паўстання 1831 года Пушкін напісаў свой знакаміты верш «Клеветникам России», дзе ўсё, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, а пасля — Сібіры, назваў «спором славян между собою»:
…Что возмутило вас? волнения Литвы?
Оставьте: это спор славян между собою,
Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою…
Тэкст быў адрасаваны французскім журналістам і парламентарыям, якія выказвалі пратэст супраць расправы з паўстанцамі-патрыётамі. Канешне, падаўленне паўстання ў межах былога Вялікага Княства больш цягне на «спор славян между собою», чым абставіны хуткай смерці самога «рускага класіка» (нашчадка мурына) ад кулі «рускага афіцэра» (француза па нацыянальнасці).
Ды і наогул расійскія афіцэры, збольшага нямецкага паходжання ды з характэрнымі прозвішчамі, якія паміж сабой размаўлялі па-французску, наўрад ці ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам як «браты-славяне». Тутэйшая шляхта, продкі якой заўсёды жылі на гэтай зямлі, размаўляла прынамсі па-польску ды ведала мясцовую, беларускую.
Аднак паспрабуем разабрацца ў паняццях. Чым было Паўстанне Каліноўскага? Бунтам ці мецяжом (як яго бачыла імперыя), тагачаснай «памаранчавай рэвалюцыяй» (як яго бачаць сучасныя «беларускія» ідэолагі), чарговым «спором славян между собою», антыкаланіяльным паўстаннем?..
Калі свае ваююць супраць сваіх — ідзе грамадзянская вайна. Калі свае супраць чужых — айчынная. Бывае, што чужыя ваююць супраць чужых (напрыклад, вайна 1812 года)…
Пакінуўшы Пушкіна ды лукашэнкаўскіх ідэолагаў убаку, разбярэмся з паняццем «бунт». Бунтам можна лічыць, напрыклад, выступ дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы. Бацькаўшчына дзекабрыстаў, якую яны вызвалялі альбо стваралі (Беларусь мела ўваходзіць у яе склад), існавала не далей за іх мроі ды заімжэлыя катаржныя сны.
А вось Бацькаўшчына паўстанцаў Каліноўскага жыла цалкам рэальным жыццём і была гвалтоўна падзеленая па кавалачках, каланізаваная ды знішчаная…
Каланізатары — а менавіта Кацярына ІІ — раздалі сваім памешчыкам больш за паўмільёна беларусаў (напрыклад, Сувораў атрымаў 25 тысяч нашых суайчыннікаў).
Каланізатары забралі ў гарадоў і мястэчак магдэбургскае права самакіравання ды гербы.
Каланізатары замест прафесійнага войска зрабілі пагалоўную пажыццёвую (!) рэкрутчыну, якую пасля «гуманна» скарацілі да 25 гадоў.
Каланізатары масава вывозілі з Беларусі помнікі мастацтва, калекцыі, цэлыя бібліятэкі (у тым ліку сотні тамоў Метрыкі ВКЛ).
Каланізатары ўвялі ў сельскай гаспадарцы монакультуру — бульбу (характэрны крок каланізатараў па ўсім свеце).
Каланізатары для сваіх стратэгічных патрэбаў знеслі цэлы горад — Берасце, збудаваўшы на яго месцы крэпасць.
Каланізатары забаранілі нацыянальную грэка-каталіцкую царкву, да якой належала 75% насельніцтва, замяніўшы яе на «рускую праваслаўную» (на той момант — усяго 6%).
Каланізатары ў 1840 годзе забаранілі назвы «Беларусь» і «Літва», увёўшы замест гэтага вызначэнне «Северо-Западный край».
Спіс, вядома, не поўны, але і гэтага хапае. І хай нікога не ўводзіць у зман тэрытарыяльная ды пэўная моўная блізкасць беларусаў і рускіх. Ірландыя таксама знаходзіцца зусім поруч з Брытаніяй, што не замінала апошняй ставіцца да мясцовых як да індусаў з далёкіх чайных плантацыяў.
Паўстанне Каліноўскага цалкам можна назваць антыкаланіяльным хаця б таму, што Беларусь — не Расія. І досыць.
Дарэчы, кагосьці, мажліва, здзівіла ініцыятыва прафесара БДУ (не памятаю прозвішча, ды і вам навошта?) увекавечыць Аляксандра ІІ, за якім і было задушана Паўстанне Каліноўскага, помнікам у Мінску. «Наўрад ці хто-небудзь з навукоўцаў зможа адмаўляць значэнне тых рэформаў, якія ажыццявіў імператар Аляксандр II…» — тлумачыць прафесар. Хочацца толькі дадаць: «…а таксама значэнне рэформаў Гітлера ў будаўніцтве дарогаў, Гімлера — у сферы экстрэмальнай медыцыны…»
У выніку, на 150-я ўгодкі Паўстання 1863 года ў Аляксандра ІІ значна больш шансаў паўстаць у цэнтры Мінску, чым у Каліноўскага. Асабіста я прапанаваў бы выпусціць профіль Аляксандра-«асвабадзіцеля» на адной з юбілейных манет РБ (якія, як вядома, чаканяцца ў РФ). Сярод былых брытанскіх калоніяў падобная праява лаяльнасці, безумоўна, лічылася б добрым тонам.