Лёс помніка Каліноўскаму вырашыць Ладуцька
З'явілася першая рэакцыя мінскіх уладаў на калектыўны зварот мінчукоў аб усталяванні ў горадзе помніка нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму.
Першым прыйшоў адказ ад старшыні Мінскага гарадскога савета Васіля Панасюка. У лісце на імя ініцыятара збору подпісаў Алега Корбана ён паведамляе, што зварот разгледжаны і перададзены ў Мінскі гарвыканкам «у адпаведнасці з кампетэнцыяй».
«Навошта Мінску такія «дэпутаты», якія не могуць разглядаць звароты ад сваіх жа выбаршчыкаў і нешта вырашаць?» — так адрэагаваў Алег Корбан на адказ.
Зварот быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Мінскага гарсавета дэпутатаў, міністру культуры, старшыні Мінгарвыканкама.
Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Мінску, 3500 з іх былі пасланыя ўладам.
Кампанію збору подпісаў сярод жыхароў Мінска за будоўлю помніка лідару нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму правялі актывісты грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва». Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквер, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспектам Незалежнасці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут адбываецца шэсце ў Курапаты.