Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Сцяпана Латыпава
Беларуская праваабарончая супольнасць учора, 25 верасня, выступіла з супольнай заявай з патрабаваннем неадкладнага вызвалення палітзняволенага Сцяпана Латыпава.
15 верасня 2020 г. у двары жылога масіва па вул. Чарвякова ў Мінску супрацоўнікамі АМАПу быў затрыманы мясцовы жыхар Сцяпан Латыпаў.
Ягонае затрыманне стала вынікам шматдзённага супрацьстаяння жыхароў гэтага двара з прадстаўнікамі МУС у сувязі са спробамі апошніх замаляваць намаляваную на сцяне выяву (мурал) “дыджэяў перамен”, якую зрабілі жыхары гэтага двара.
15 верасня ў двор у чарговы раз прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Некалькі жыхароў двара загарадзілі сабой малюнак і не дазвалялі яго замалёўваць. Калі Сцяпан Латыпаў папрасіў прыбыўшых супрацоўнікаў прадставіцца і паказаць свае службовыя пасведчанні, ён быў адразу затрыманы, а ў кватэры, у якой ён пражывае, быў здзейснены ператрус. Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, што С. Латыпаў затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
19 верасня ў эфіры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, прысвечаны затрыманню С. Латыпава. У дадзеных сюжэтах сцвярджалася, што С. Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага каналу пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў і меў намер выкарыстаць атрутныя рэчыва супраць супрацоўнікаў міліцыі. Прысутны ў кадры ананімны супрацоўнік ГУБАЗіК таксама паведаміў, што С. Латыпаў “з’яўляецца адным з актыўных удзельнікаў і каардынатараў масавых беспарадкаў у г. Мінску, праз мэсэнджары асабіста займаўся зборам грошай на падрыўную дзейнасць па дыскрэдытацыі органаў улады і кіравання, супраць супрацоўнікаў міліцыі, арганізоўваў несанкцыяваныя акцыі ў сталіцы па размяшчэнні на фасадах будынкаў забароненай сімволікі і муралаў”.
Трэба адзначыць, што агучаныя ананімным прадстаўніком ГУБАЗіК абвінавачанні ў нібыта “падрыўной” дзейнасці С. Латыпава не ўтвараюць складу крымінальнага злачынства, паколькі не дыскрэдытацыя органаў улады і міліцыі, ні правядзенне мірных сходаў, ні вывешванне незабароненых дзеючым заканадаўствам бел-чырвона-белых сцягоў, а тым больш размяшчэнне выяваў “дыджэяў перамен” не з’яўляюцца і не могуць з’яўляцца дзеяннямі, якія падлягаюць крыміналізацыі паводле нацыянальнага заканадаўства і нормаў міжнаронага права ў галіне правоў чалавека.
Варта нагадаць, што згодна з палажэннямі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожнаму чалавеку гарантаваныя свабода выказвання свайго меркавання, у тым ліку з дапамогай сродкаў выяўленчага мастацтва, свабода мірных сходаў.
Выказванне крытыкі ў адрас прадстаўнікоў уладаў, у тым ліку МУС, з’яўляецца дапушчальнай формай выказвання свайго меркавання, нават калі яно дыскрэдытуе іх у вачах грамадскасці.
Гэтыя свабоды не падлягаюць ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя дзеючым заканадаўствам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў мэтах абароны дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, жыцця, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Што тычыцца абвіначванняў у падрыхтоўцы атручванняў супрацоўнікаў міліцыі небяспечынымі атрутнымі рэчывамі мы адзначаем, што гэтыя абвінавачванні не вытрымліваюць ніякай крытыкі, навукова не абгрунтаваныя і з’яўляюцца нічым іншым, як фантазіямі прадстаўнікоў ГУБАЗіК.
Сцяпан Латыпаў у паўсядзенным жыцці займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, з’яўляецца арбарыстам і дырэктарам кампаніі “Беларбо”. Дадзеная кампанія выдаляе небяспечныя дрэвы на могілках, у парках, скверах, а таксама займаецца апрацоўкай ад шкодных раслінаў, напрыклад, баршчэўніка Сасноўскага. У сувязі са спецыфікай сваёй прафесійнай дзейнасці ён меў у сябе легальныя хімічныя прэпараты.
Варта асобна звярнуць увагу на факты парушэння законных правоў затрымага С. Латыпава – парушэнне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. У сюжэтах, прадэманстраваных па некалькіх тэлеканалах нацыянальнага тэлебачання, якія насілі відавочна абвінаваўчы ўхіл, сцвярджалася аб фактах здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў С. Латыпавым, ствараўся вобраз скрайне небяспечнага для грамадства чалавека. Між тым, дадзеныя факты яшчэ не былі даказаныя ні органамі следства, ні тым больш прысудам суда, які ўступіў у законную сілу. Парушэнне прэзумпцыі невінаватасці з’яўляецца парушэннем прынцыпу справядлівага судовага разбральніцтва, устаноўленага п. 2 арт 14 МПГПП.
Усе гэтыя факты ў сукупнасці, па нашым меркаванні, сведчаць аб заказным, палітычна матываваным характары дадзенай крымінальнай справы.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Сцяпана Латыпава палітычным зняволеным і патрабуем:
- Неадкладна вызваліць Сцяпана Латыпава з-пад варты і спыніць ягоны крымінальны пераслед;
- Вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”
Беларускі Дакументацыйны цэнтр
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.