Ехала пасажырам у машыне з налепкай «Пагоні» на багажніку — гэта пікет!

«Пікетавала налепкай з "Пагоняй" на багажніку машыны, якая яе падвозіла», — за гэта жанчыну арыштавалі на 12 сутак.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд Першамайскага раёна сёння, 26 сакавіка, пакараў арыштам на 12 сутак 54-гадовую Святлану Чарняўскую, паведамляюць праваабаронцы.

Згодна з пратаколам, Святлана Чарняўская «пікетавала шляхам размяшчэння налепкі з гербам "Пагоня" на багажніку аўтамабіля, на якім яе падвозілі».

Жанчына на судзе растлумачыла, што яе падвозіў знаёмы. Калі яна сядала ў машыну, то не бачыла аніякай налепкі. У машыне з ёй ехалі яшчэ чатыры чалавекі. Каля філармоніі машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ і ўсіх адвезлі ў РУУС для ўстанаўлення асобы. Там на Святлану і скалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

Суддзя Чараповіч прызнала Святлану вінаватай і асудзіла на 12 сутак арышту.