Памерла манахіня Свята-Елісавецінскага манастыра. У яе быў станоўчы тэст на каронавірус

Манахіня Марыя памерла 4 траўня ў шпіталі. Гэта Свабодзе пацвердзілі ў канцылярыі Свята-Елісавецінскага манастыра. Прычыну смерці манахіні ў канцылярыі не назвалі, але не адмаўлялі, што праведзены ў шпіталі тэст на каронавірус даў станоўчы вынік. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

401733b4_5dea_4fe0_a0e1_2d10c4230093_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Так, прэставілася сястра Марыя, у яе быў каронавірус. Лячылася больш за два тыдні, але ня выжыла. Мела ўжо шмат гадоў, у яе былі хранічныя хваробы, і ад чаго дакладна памерла, нам пакуль невядома», – сказала служачая манастырскай канцылярыі.
Звесткі пра смерць манахіні Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пацвердзіў Свабодзе і прэсавы сакратар БПЦ Сергій Лепін. Прычыну смерці манахіні айцец Сергій Лепін таксама не назваў. «Па гэта звяртайцеся да сваякоў нябожчыцы», – сказаў Сергій Лепін.
Паводле прэсавага сакратара БПЦ, у манастыры гэта адзіная смерць сярод манахінь і інакаў, якія трапілі ў шпіталь, і тых, хто апынуўся на карантыне як «кантакт».
Паводле Сяргея Лепіна, службы ў Свята-Еліcавецінскім манастыры працягваюцца, але ў закрытым рэжыме – для манахінь і клірыкаў.
23 красавіка ў Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры пацвердзілі 2 выпадкі заражэння каронавірусам і расказалі, колькі чалавек хварэюць у манастыры. Але заклікалі ня верыць «фэйкам пра масавае заражэнне».
На сайце манастыра з'явілася інфармацыя пра дзвюх манахінь, якія захварэлі на каронавірус, і яшчэ пра трох жанчын, якія трапілі ў шпіталь з падазрэннямі на каронавірус і з прастуднымі хваробамі. Сярод іх згадвалася і манахіня Марыя.
«Дзве сястры манастыра (з 130), Алексія і Параскева, маюць пацверджаны дыягназ COVID-19, абедзве яны знаходзяцца ў лякарні.
Шпіталізавалі манахіню Марыю, якая жыла з хворай на каронавірус Параскевай, яна чакае вынікаў аналізаў».
На Вялікдзень, 19 красавіка, у царкве Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра адбылася служба, якую ў прысутнасці дзясяткаў чалавек правёў духоўнік храма протаярэй Андрэй Лемяшонак.
«Чысцейшага паветра, чым у храме, няма», – звярнуўся айцец Андрэй Лемяшонак да вернікаў і запэўніў, што «тых, хто захварэе на каронавірус, сярод іх ня будзе».