Палітзняволенага студэнта асудзілі да 4 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-канала «Белыя халаты»
У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 21-гадовага палітвязня студэнта 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслава Марціновіча, якога амаль год утрымліваюць пад вартай у СІЗА-1.
Яго абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністравання telegram-канала «Белыя халаты». Справу разглядала суддзя Алена Ананіч, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Аляксандр Рамановіч. «Вясна» распавядае пра судовы працэс над студэнтам.
У чым абвінавацілі студэнта?
Паводле версіі абвінавачання, Уладзіслаў Марціновіч з 9 жніўня да 18 лістапада «стварыў тэлеграм-канал "Белыя халаты"». Студэнт «неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім Telegram-канале, выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму».
Згодна з матэрыяламі справы, у Telegram-канале зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да масавага звальнення медработнікаў, няякаснага аказання медыцынскай дапамогі і ўдзелу ў пратэстах і забастоўках. Акрамя гэтага выяўлены публікацыі аб падтрымцы незаконных масавых мерапрыемстваў медработнікамі, спосабах процідзеяння дзеючай уладзе, а таксама паведамленні, якія дыскрэдытуюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
«Мэтай рэсурсу з'яўляецца ўздзеянне на свядомасць і волю работнікаў аховы здароўя і медыцыны Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў медыцынскіх установаў адукацыі краіны», – гаворыцца ў абвінавачанні.
Такім чынам, Марціновіч здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса – публічна заклікаў да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт.
Амаль год у СІЗА-1
Студэнта затрымалі 19 лістапада – у той дзень таксама затрымалі журналістку T*T.BY Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі ў далейшым за выдаванне медыцынскіх дакументаў забітага жыхара «Плошчы Пераменаў» Рамана Бандарэнкі. Уладзіслаў Марціновіч амаль год утрымліваецца ў СІЗА-1 у Мінску.
Суд над Марціновічам распачаўся 15 ліпеня, ён тады не прызнаў віну і сказаў на судзе:
«Спачатку гаворыцца аб стварэнні канала, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ўсё гэта ў сукупнасці: і распаўсюджванне, і стварэнне, і публікацыя? Ці з'яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам? Ці сапраўды кожны пост змяшчае заклікі і шкоду?»
21 ліпеня на судзе студэнта прызначылі псіхолага-лінгвістычную экспертызу публікацый тэлеграм-канала «Белыя халаты», якая доўжылася больш за тры месяцы.
Хадайніцтва суда аб прызнанні віны з СІЗА
27 кастрычніка суд па справе аднавіўся. На ім Уладзіслаў Марціновіч прызнаў віну. Як стала вядома на судзе, хадайніцтва аб поўным прызнанні віны і раскайванні ён накіраваў у Мінскі гарадскі суд з СІЗА 9 верасня. Паводле гэтага хадайніцтва, на Марціновіча паўплывала тое, што ён прабыў амаль год у СІЗА.
Абвінаваўца спытаў у Марціновіча, раз яго паказанні на судовым пасяджэнні 27 кастрычніка не адрозніваюцца ад мінулых, то чаму ён прызнаў віну. Уладзіслаў на судзе паўтарыў, што ўжо амаль год знаходзіцца ў СІЗА, на дадзены момант пасля правядзення следства адчувае віну і раскайваецца. Пракурор спытаў, добраахвотнае гэта прызнанне або прадыктаванае ў СІЗА. Марціновіч адказаў, што добраахвотнае.
Псіхолага-лінгвістычная экспертыза ўстанавіла ў публікацыях канала «Белыя халаты» з 16 жніўня па 18 лістапада (на экспертызу адпраўлялі каля 20 штук) наяўнасць у іх пабуджальных выказванняў і канструкцый, а таксама негатыўнай ацэнкі сілавых ведамстваў, МУС, стэрэатыпаў аб групе людзей па іх прафесійнай дзейнасці.
Марціновіч на судзе адмаўляў наяўнасць падахвочвання ў пастах «Белых халатаў» і казаў, што трэба паглядзець на гэта з юрыдычнага пункту гледжання. Суддзя папрасіла пракаментаваць тры публікацыі з заклікамі: дзе студэнты выходзяць 1 верасня і становяцца ў ланцуг салідарнасці, з забастоўкай медыкаў, са звальненнем медыкаў. Марціновіч на судзе казаў, што гэта не заклікі, а інфармаванне.
«Вы наўмысна разбілі тэлефон!» Допыт сведак-сілавікоў
3 лістапада на працэсе заслухалі сведак. У суд выклікалі сведку — начальніка аддзела па барацьбе са злачыннасцю, які займаецца экстрэмісцкімі справамі і справамі, звязанымі са злачынствамі ў інтэрнэце. Ён адзін з тых, хто прысутнічаў пры затрыманні і на першым допыце Марціновіча.
На працэсе сведка сказаў, што Уладзіслаў спачатку прызнаваў, што адміністраваў тэлеграм-канал «Белыя халаты», потым казаў, што быў ім (верагодна, адміністратарам. — НЧ) некаторы час. Сведка на судзе сказаў, што Марціновіч пры затрыманні разбіў тэлефон. Ён стаяў недалёка, бачыў, як супрацоўнікі САХРа затрымлівалі Марціновіча без прымянення сілы, а той са ўсёй сілы замахнуўся і разбіў тэлефон. Пры аглядзе тэлефон быў у непрацоўным стане.
Уладзіслаў запытаўся ў сведкі, у чым злачынна стварэнне медыцынскай супольнасці. Але суддзя адказала, што патрэбна юрыдычная ацэнка.
Другім сведкам выступіў оперупаўнаважаны ГУБАЗіКа — адзін з тых, хто затрымліваў студэнта 19 лістапада. Марціновіч спытаў у яго, ці мог супрацоўнік наступіць нагой на тэлефон. На што сведка заявіў: «Вы наўмысна разбілі тэлефон!».
«Лепш бы я з гэтым досведам не сутыкаўся»
4 лістапада адбыліся судовыя спрэчкі па справе. Пракурор Аляксандр Рамановіч заявіў, што віна Марціновіча па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса з'яўляецца даказанай і прасіў суд пакараць студэнта чатырма гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
10 лістапада Уладзіслаў Марціновіч выступіў з апошнім словам, якое доўжылася паўтары гадзіны. Вялікую частку часу ён распавядаў пра нестыкоўкі ў справе.
«Пазбаўленне волі з'яўляецца для мяне некаторай перашкодай для навучання і засваення матэрыялу. Безумоўна, гэта дае, вядома, іншы досвед, але, правёўшы год у СІЗА, магу сказаць, што, напэўна, лепш бы я з гэтым досведам не сутыкаўся. Але, тым не менш, ён быў мною атрыманы. Спадзяюся, не занадта адаб'ецца ў далейшым, мае блізкія не будуць мне казаць, што я вельмі моцна змяніўся пасля турмы. Ну, паглядзім».
Падчас апошняга слова палітвязень падзяліўся сваімі планамі на будучыню:
«Скончыць медунівер, нарэшце стаць лекарам і лячыць людзей, працягнуць займацца навукова-даследчай дзейнасцю, развіваць лічбавую медыцыну і электронную ахову здароўя, надаць увагу пытанням тэлемедыцыны, працягнуць працаваць у плане інтэграцыі тых працэсаў, якія дыктуе новы інфармацыйны век.
Я стаўлю сваёй мэтай, і ў выпадку любога рашэння па дадзенай крымінальнай справе я не пазбаўлю сябе шляху да гэтай мэты <...> патрачу ўсе свае сілы і рашучасць на тое, каб наша цывілізацыя паспяхова дасягнула прагрэсу ў маральным, тэхналагічным і інтэлектуальным развіцці».
У выніку 15 лістапада суддзя Алена Ананіч прызначыла Уладзіславу Марціновічу менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор: чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.