«Палітычныя» педагогі, што аказаліся за бортам прафесіі, аб’ядналіся ў Асацыяцыю
Асацыяцыя мае на мэце аб’яднанне настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў з Беларусі, якія аказаліся ў групе рызыкі ў Беларусі, дзеля самавыжывання. Канчатковая мэта аб’яднання — вяртанне дамоў і рэформа адукацыі ў Беларусі.
Асацыяцыя падтрымкі настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, якія аказаліся ў групе рызыкі ў Беларусі, створана ў Варшаве. Гаворка ідзе пра спецыялістаў у сферы адукацыі, якія з-за палітычных рэпрэсій страцілі працу ў Беларусі і многія з якіх вымушаны былі эміграваць з краіны. Асацыяцыя плануе аб’яднаць тых, хто застаўся ў Беларусі, і тых, хто выехаў за мяжу.
Пра мэты і планы Асацыяцыі «СН+» пагаварыла з яе кіраўніком Паўлам Церашковічам, які і стаў ініцыятарам гэтага аб’яднання.
— Каму і якім чынам Асацыяцыя плануе аказваць дапамогу?
— Усё залежыць ад таго, дзе знаходзіцца чалавек. Калі спецыяліст у сферы адукацыі згубіў працу ў Беларусі, то будзем шукаць магчымасці дапамагчы яму застацца ў прафесіі, не страціць кваліфікацыю. Гэта магчыма шляхам далучэння да праграм дыстанцыйнага навучання ў якасці выкладчыка — першы варыянт. Другі варыянт — далучэнне чалавека да даследчага праекта, будзем шукаць такія спосабы. А ў перспектыве разглядаем верагоднасць самім рабіць важныя і запатрабаваныя праекты. Гэта ў тым выпадку, калі Асацыяцыя будзе развівацца і з’явіцца Фонд дапамогі.
Калі настаўнік, выкладчык апынуўся за мяжой, то першае, чым мы плануем (пакуль мы нічога не можам, ёсць толькі адпаведныя напрацоўкі) дапамагчы — пацвердзіць статус. Гэта вельмі і вельмі істотна. Існуюць міжнародныя арганізацыі дапамогі, якія павінны гэта рабіць. Але праблема разраслася да неверагодна вялікіх памераў, таму яны збольшага заняты афганцамі і ўкраінцамі, і ў іх папросту не хапае часу на беларусаў. Мы вырашылі: раз так, самі зоймемся гэтым. І будзем выдаваць адпаведныя сертыфікаты: у Германіі такі рэкамендацыйны ліст папросту абавязковы, у другіх краінах дапамагае, калі падаешся на гранты, на стыпендыі. Ва ўсіх выпадках карысна падчас легалізацыі.
Другі спосаб дапамогі адрасуецца тым настаўнікам і выкладчыкам, у якіх былі лічаныя гадзіны, каб пакінуць Беларусь. Натуральна, людзі не паспелі зрабіць апастыль, таму ў замежжы сутыкаюцца з непрызнаннем дыпломаў. Зноў-такі, наша Асацыяцыя займацца і гэтай праблемай.
Безумоўна, будзем рыхтаваць людзей да таго, каб самастойна шукаць гранты, стыпендыі, магчымасць працаўладкавання. Таму адзін з першых крокаў, які мы зараз робім — стварэнне віртуальнай электроннай пляцоўкі «Адукацыйны кірмаш», дзе маглі б сустракацца працадаўцы (ужо ёсць інстытуцыі, якія аказваюць адукацыйныя паслугі, але яны мала вядомы), тыя, хто шукае працу (настаўнікі, выкладчыкі, навукоўцы), і дзеці, ці, хутчэй, іхнія бацькі. На адной пляцоўцы мы хочам сабраць усіх гульцоў са сферы адукацыі. Пры падрыхтоўцы канферэнцыі ў Варшаве стварылі чат канферэнцыі, ён застаўся жывым і працуе ў якасці прататыпа такой пляцоўкі.
Гэта неадкладныя праблемы, якімі, па нашай задуме, зоймецца Асацыяцыя. А на перспектыву мы плануем працаваць над рэформай адукацыі ў Беларусі. Канчатковая мэта — далёкая: вярнуцца ў Беларусь і на базе Асацыяцыі стварыць Грамадскую раду пры міністэрстве адукацыі. Але ні ў якім разе не будзем звязвацца з дзяржавай: мы бачым сябе ў якасці незалежнай арганізацыі, якая будзе стаяць паміж сістэмай адукацыі і насельніцтвам.
— Асацыяцыя аб’ядноўвае спецыялістаў у сферы адукацыі, якія апынуліся за бортам прафесіі па палітычных прычынах. Ці ўяўляеце вы маштабы праблемы?
— На жаль, дакладных лічбаў пацярпелых няма, але гаворка ідзе пра сотні чалавек.
Людзі, якія засталіся ў Беларусі, баяцца ўголас казаць пра свае праблемы, таму што публічныя выступленні могуць прывесці да далейшых рэпрэсій. З іншага боку, значная частка тых, хто апынуліся за мяжой, найперш разлічваюць на дапамогу сяброў і знаёмых. Таму наша мэта — стварыць інстытуцыю, якая аб’яднае ўсіх, каб супольна вырашаць агульныя праблемы.
— Якім чынам можна звязацца з Асацыяцыяй і атрымаць дапамогу?
— Пакуль што толькі персанальна са мной. Як толькі мы створым сайт, тут жа дамо кантакты ў публічную прастору.