Палітвязень Мікалай Дзядок рыхтуецца да выхаду на волю

Мікалай Дзядок у турме шмат чытае і займаецца спортам, каб быць у лепшай фізічнай форме, калі праз 4 месяцы выйдзе на волю.



dzjadok2.jpg

Жонка палітвязня Валерыя Хоціна расказвае апошнія навіны пра ягонае турэмнае жыццё:

«Даслалі яму некалькі бандэроляў. У тым ліку кніжную, але кніг мала дасталася — толькі дзьве. Адну вялікую, на англійскай мове, якую перадаў яму сябар, і маленьні слоўнік. Праўда, не ведаю, ці паспее ён іх прачытаць за тыя 4 месяцы, што яму засталіся да выхаду на волю. Яшчэ прасіў медычную бандэроль, бо ў яго трошкі звычайныя праблемы са страўнікам, а яшчэ ён трывала займаецца спортам, і ў яго увесь час праблема — расцягненні. Дык просіць розныя мазі, каб хутчэй аднаўляцца. І яшчэ дасылалі яму цыгарэт, хаця ён сам не паліць, але ў турме цыгарэты — гэтя як грошы. Тэлефанаваў нядаўна. Крыху апавяла яму пра нашы справы, як тут Аліневіча кідалі ў карцэр ды як кватэра Францкевіча была ў аблозе міліцыянтаў».

Як настрой і здароўе вязня? Валерыя адказвае: «Пачуваецца добра. Нічога такога дрэннага пра сябе не распавядаў, усё нармальна».

Актывіст Мікалай Дзядок быў асуджаны па «справе анархістаў» за тыя ж акцыі адносна афіцыйных будынкаў, што і Ігар Аліневіч ды Аляксандр Францкевіч. Увесну 2011 года Дзядка пакаралі на 4,5 гады зняволення. Сваёй віны актывіст не прызнаў, адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні і ўрэшце як «злосны парушальнік рэжыму ўтрымання» трапіў у магілёўскую турму №4.

Паводле ПЦ «Вясна»