Палітвязень Дзядок сядзіць у камеры, дзе на двух чалавек — пяць квадратных метраў

Пасля 42 дзён карцэру палітвязня Мікалая Дзядка на паўгода змясьцілі ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Пра гэта бацька актывіста Аляксандар Дзядок даведаўся з ліста сына, які атрымаў днямі.



mikola_dziadok1_300x244.jpg

«Прыйшлі ад яго лісты сваякам, у тым ліку мне. Знаходзіцца ён цяпер у ПКТ. Накіравалі туды на 6 месяцаў з 30 чэрвеня. Зараз да яго ў камеру змясцілі яшчэ аднаго чалавека. Камера вельмі малая — 5 квадратных мэтраў. Адчувае сябе нібыта нармальна, але як насамрэч… На наступным тыдні да яго паедзе адвакат, тады даведаемся пра нейкія падрабязнасці», — распавёў Аляксандар Дзядок.

Нядаўна да палітвязня Мікалая Дзядка двойчы не дапусцілі адваката. Першы раз, гэта было 25 чэрвеня, пасьля 15 хвілін спынілі размову і паабяцалі працягнуць пасля абеду, але абяцання не выканалі. На наступным тыдні ўвогуле не дазволілі сустрэчу з абаронцам — на той падставе, што нібыта Мікалай Дзядок не напісаў неабходнай заявы. Вядома, што адвакат абскардзіў гэтыя дзеянні супрацоўнікаў калоніі. Як адрэагавалі на гэтыя скаргі?

«Нічога не прызналі. Па першым выпадку адказалі, што не працягнулі сустрэчу нібыта таму, што ён ужо скарыстаўся магчымасцю кантактаваць з адвакатам, бо меў размову цягам гадзіны. Але насамрэч было толькі 15 хвілін. А што да другой адмовы, настойваюць, што Мікалай нібыта ўвогуле не падаваў заявы. Хоць цяпер мы дакладна ведаем, што гэта хлусня, ён падаў заяву як мае быць. То бок зноў падман ды незаконны ціск. І, мяркую, гэты ціск будзе працягвацца, але і мы будзем на гэта рэагаваць. Будзем і далей звяртацца, куды толькі магчыма, у выпадку, калі будуць парушаць правы Мікалая», — сказаў бацька палітвязня.

У лісце Мікалай Дзядок падлічыў, што за травень-чэрвень прабыў у карцэры агулам 42 дні. Пасля выхаду з ШЫЗА яму перадалі адразу 31 ліст, якія набраліся, пакуль ён сядзеў у карцэры. «Цяпер адказвае ўсім, хто яму напісаў», — паведаміў пра сына Дзядок-старэйшы.

Актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка ў лютым пакаралі яшчэ адным годам зняволення нібыта за парушэнне турэмнага рэжыму. Тады да вызвалення Дзядку заставалася ўсяго некалькі дзён. Раней яго асудзілі на 4,5 года зняволення паводле абвінавачання ў хуліганскіх дзеяннях адносна афіцыйных будынкаў. У судзе сваёй віны Мікалай Дзядок не прызнаў, а ў калоніі адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні. Заканчэнне тэрміну ў 4,5 года Мікалай Дзядок адбываў у магілёўскай крытай турме, цяпер палітвязня ўтрымліваюць у калоніі ў Горках, якая паводле ўмоваў лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі.

Радыё «Свабода»