За што збіваюць пенсіянераў
Збіты пенсіянер другі год спрабуе пакараць крыўдзіцеляў. І толькі пры дапамозе праваабаронцаў яму ўдалося дамагчыся, каб справу пра збіццё пачалі разбіраць паводле крымінальнага, а не адміністрацыйнага кодэкса.
Алег Волчак (у цэнтры) разам з пацярпелымі Валерыем Лобачам (злева) і Мікалаем Галаўнёвым
Гэта першы паспяховы вынік шматмесячнага ліставання мужчыны з дзяржаўнымі інстанцыямі.
Па-сваяцку і па-суседску
Звычайны дзень лета 2014 года, калі мінскі пенсіянер Валерый Лобач быў на сваім лецішчы ў Лагойскім раёне, скончыўся для мужчыны бойкай з уласным зяцем і добрым сябрам. Валерый Лобач апавядае, што ўсё пачалося з ранішняй спрэчкі з мужам старэйшай дачкі — канфлікт прывёў да таго, што ён папрасіў зяця пакінуць яго лецішча і з’ехаць, аднак той адмовіўся. Далей сямейная сварка перарасла ў сапраўдную драму — паводле Валерыя Лобача, ён вырашыў паехаць на сваім трактары да возера, каб адпачыць і прывесці думкі ў парадак. Аднак ягоны зяць і стары сябра, які мае лецішча па суседству, нечакана разам кінуліся на яго, гвалтоўна адабралі ключы ад машыны і збілі.
Тлумачэнняў такім паводзінам Валерый Лобач знайсці не можа і лічыць, што віною можа быць нервовы зрыў. Але і дараваць крыўдзіцелям тое, што яго, інваліда першай групы, кінулі на зямлю, прыціснулі нагамі і білі па твары, пенсіянер не збіраецца. Пасля той бойкі ў Валерыя застаўся сіняк пад вокам, моцна баліць плячо, увесь апошні год мужчына сябе блага адчувае. Дарэчы, з суседам Валерый Лобач быў у добрых стасунках больш за пяцьдзясят гадоў, а з зяцем чатырнаццаць гадоў пражыў у адной кватэры ў Мінску.
У той жа дзень Валерый Лобач з’ехаў у Маскву — другая дачка прыехала па яго на машыне і завезла да сябе, каб бацька мог ачуняць пасля гэтых непрыемных падзей. Вярнуўся пенсіянер праз два тыдні, выгнаў зяця з кватэры і адразу звярнуўся ў міліцыю. Валерый Лобач яшчэ да гэтага зняў пабоі і напісаў заяву з просьбай распачаць крымінальную справу на суседа і зяця.
У той жа дзень, як мужчына здаў патрэбныя дакументы, яму і прыйшоў адказ з… адмоваю — аказваецца, напярэдадні шпіталь перадаў звесткі пра збіццё міліцыі, і міліцыянты па сваёй ініцыятыве накіравалі пісьмовы ліст Лобачу, нягледзячы на тое, што на той момант ён заявы на ўзбуджэнне крымінальнай справы яшчэ не падаваў. Асабліва абурае Валерыя Лобача тое, што яго нікуды не выклікалі, паказанняў не бралі, а разгледзелі справу толькі на падставе апытання тых, каго ён лічыць злачынцамі, — суседа і зяця.
З таго часу Валерый Лобач спрабуе прыцягнуць да адказнасці не толькі крыўдзіцеляў, аднак і мясцовую — лагойскую — міліцыю. Мужчына лічыць, што тамтэйшыя міліцыянты былі асабіста зацікаўленыя ў сыходзе справы не на карысць Лобача, дзеля чаго падтасоўвалі матэрыялы справы. Так, мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён, быццам, спрабаваў сесці ў трактар п’яным, хаця ён мае на руках паперы з пацверджаннем таго, што ў той дзень ён быў цвярозы. Валерый Лобач мае дзве здагадкі, чаму, магчыма, гісторыю са збіццём спрабуюць «замяць» — па-першае, пенсіянер ужо пяць гадоў мае асабістыя непрыязныя стасункі з цяперашнім кіраўніком лагойскай міліцыі. Па-другое, зяць Валерыя Лобача — палкоўнік КДБ на пенсіі (сын зяця працягвае працаваць у КДБ); а стрыечны брат суседа — генерал міліцыі.
Пры дапамозе пракурора і праваабаронцаў з незалежнага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Валерыю Лобачу ўдалося дамагчыся, каб яго справу разглядалі паводле крымінальнага, а не адміністрацыйнага кодэкса. Цяпер пенсіянер чакае новае рашэнне пра завядзенне крымінальнай справы за хуліганства альбо чарговую адмову. «Цягнучка-цягнучка гэтая… Чакаюць, супакоіцца, дзед. А можа, і не дажыве», — каментуе папяровую валакіту Валерый Лобач.
За палітыку
Гісторыя Валерыя Лобача — не адзіны падобны выпадак, з якім давялося сутыкнуцца супрацоўнікам цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву». Цяпер праваабаронцы аказваюць юрыдычную дапамогу і 82-гадоваму чальцу КХП-БНФ Мікалаю Галаўнёву, які сцвярджае, што з-за сваіх палітычных перакананняў не першы год церпіць ад суседзяў па інтэрнаце, дзе ён жыве.
У лютым 2015 года пенсіянер вяртаўся з крамы ў інтэрнат, як каля ліфта да яго падскочыў невядомы мужчына і, па словах Галаўнёва, адной рукой схапіў яго за горла, а другой — за грудзі. «Траўмаў не было, бо шыю якраз закрывала кашнэ, таму ў шпіталь я не стаў звяртацца. Пачаў крычаць вахцёркі — хто ён такі, бо бачыў, як перад гэтым яны разам размаўлялі, аднак яна толькі сказала — маўляў, адпусці яго. Я адразу з’ехаў на ліфце», — апавядае пенсіянер.
Пасля Мікалай Галаўнёў пачаў высвятляць у вахцёркі, хто ж гэта быў, і яна прызналася, хоць і не адразу, што той жыве на вышэйшым паверсе інтэрната. Тады пенсіянер напісаў у пракуратуру ліст з патрабаваннем знайсці нападніка і прыцягнуць яго да адказнасці адпаведна з законам. Пачалася доўгая перапіска мужчыны з дзяржаўнымі органамі, у часе якой імя нападніка было ўсталяванае, аднак аніякага істотнага пакарання, па звестках Галаўнёва, ён не панёс. Больш за тое, вочных ставак з пацярпелым не праводзілася, збітага пенсіянера нават не выклікалі для апытання.
* * *
Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак лічыць, што разбор крымінальных спраў стаў больш замаруджаным пасля стварэння Следчага камітэта:
— Цяпер, калі здзяйсняецца злачынства, людзі звяртаюцца ў Следчы камітэт. Там жа ўсе паперы скідваюць міліцыі, участковым і аператыўнікам. А гэтыя людзі — не следчыя, яны не ведаюць, што і як расследаваць. Многія з іх не маюць ніякай юрыдычнай адукацыі. Атрымоўваецца, колькасць спраў у Следчым камітэце, як і сведчыць статыстыка, змяншаецца, а ў РАУСах, як мы бачым на прыкладзе гэтых дзвюх гісторый, справы проста раствараюцца. Праверкі праводзяцца некампетэнтна і павярхоўна, не робяцца экспертызы, грамадзян не выклікаюць на вочныя стаўкі, на допыты не выклікаюць сведкаў…
Дайшло да таго, што заявы грамадзян наконт узбуджэння крымінальных справаў разглядаюць проста як «звароты грамадзян» у адпаведнасці з адмысловым законам. Міліцыя павінна вырашаць канфлікты, аднак мы бачым, што і ў першым, і ў другім выпадках людзям нанесеныя фізічныя і маральныя траўмы, а пакарання ніхто не панёс. Грамадзян проста «адфутбольваюць» — асабліва прыкра, калі існуе такое абыякавае стаўленне датычна самых неабароненых і бездапаможных людзей.