Пад Магілёвам знайшлі месца расстрэлаў часоў сталінскага тэрору
Месца масавых расстрэлаў часоў сталінскага тэрору знайшоў магілёўскі краязнаўца Уладзімер Ярошчанка каля аграгарадку Ўсход, перадае Радыё Свабода. Гэта пасёлак за дзесяць кіламетраў ад Магілёва.
Краязнаўца кажа, што супрацоўнікі НКВД у мясцовым сасонніку каля шашы на Гомель забілі блізу 100 чалавек.
Краязнаўца Уладзімер Ярошчанка: «Мясціну нездарма абралі для расстрэлаў»
Месца Уладзімер Ярошчанка, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, вызначыў з аповедаў старажылаў вёскі Вільчыцы. Чатыры гады ён дамагаўся ад уладаў дазволу на ўсталяванне крыжа ў памяць пра расстраляных. Яго паставілі летась. 27 кастрычніка Паклонны крыж асвяціў настаяцель Храму святой Тройцы айцец Анатоль.
«Гадоў пяць таму вяскоўцы 1928-29 гадоў нараджэння расказалі, што за адзін кіламетр ад Вільчыц у лясным масіве каля лясной дарогі на вёску Запруддзе ў 1937-38 гадах расстрэльвалі „ворагаў народу“. Ноччу прыязджалі чорныя варанкі, а потым з лесу чуваць былі стрэлы», — пераказвае ўспаміны вяскоўцаў Уладзімер Ярошчанка.
Краязнавец сцвярджае, што адзін з жыхароў Вільчыц Павал Шкрэдаў падлеткам падгледзеў, як стралялі тых, каго прывозілі людзі ў вайсковай форме. Іх ставілі на край загадзя выкапанай яміны і стралялі ў патыліцу. Потым стралялі яшчэ ў саму яміну, куды цела падала. Мясціну ачаплялі вайскоўцы. Яміну пасля расстрэлаў закапвалі. Павал Шкрэдаў памёр.
Уладзімер Ярошчанка кажа, што гэтае месца нездарма выбралі для расстрэлаў. Яна на ўзвышшы, увесну ў 1930 гады па ёй магла праехаць машына. Паводле ягоных падлікаў, тут маглі расстраляць каля 100 чалавек. Каб спраўдзіць гэта, неабходныя раскопкі, правядзення якіх ён цяпер дамагаецца.
Жыхарка Вільчыц Анастасія Шкрэдава: «Родныя адкапвалі расстраляных, каб пахаваць»
89-гадовая жыхарка Вільчыц Анастасія Шкрэдава апавяла Свабодзе, што бацька, калі ёй было 7-8 гадоў, напярэдадні Вялікадня ў ноч на чысты чацвер прыйшоў у лазьню і сказаў, што машыны са слабым асвятленнем павезлі зноў страляць ворагаў народу. Праехала тады машыны чатыры, кажа яна.
«Калі мы хадзілі ў ягады, дык мама паказвала яміну, — згадвае Анастасія Антонаўна. — Расказала, што пасля расстрэлаў дні два, ці тры дыхала зямля. Прыйшоўшы пазней, мы ўбачылі, што зямля ўжо была правалілася і на сасонцы быў выразаны крыж. Гэта было непадалёк ад шашы».
Паводле словаў Анастасіі Шкрэдавай, з вёскі Дубінка, якая непадалёк ад Вільчыц, расстралялі семярых братоў. Пазней родныя прыйшлі ноччу і адкапалі іх целы, каб пахаваць. Анастасія Антонаўна чула тады ад дарослых, што тым, каго везлі страляць, затыкалі рот пробкамі, каб не крычалі.
Мясціну, дзе забівалі людзей, тутэйшыя называлі Лыкаўскі масток.
Пра жудасныя падзеі з свайго маленства Анастасія Антонаўна не згадвала ўсё сваё жыццё, бо баялася, што за гэта могуць пакараць. Наважылася апавясці толькі, калі яе папрасіў Уладзімер Ярошчанка.
Жыхар Вільчыц Павал Ермакоў: «На месцы расстрэлаў заставалася пляцоўка са свежым грунтам»
Найстарэйшы жыхар Вільчыц 90-гадовы Павал Ермакоў таксама памятае, як везлі страляць «ворагаў народу». Як і Анастасія Шкрэдава кажа, што некалькі машын уначы на чысты чацвер заехалі ў лес. Потым з яго пачуліся стрэлы.
Паводле ягоных словаў, у тую ноч прывезлі дзве партыі людзей на расстрэл. Пра тое, каго страляюць, казалі дарослыя, якія ведалі, што адбывалася. На наступны дзень ён з сябрамі агледзеў тую мясціну. Там была пляцоўка са свежым грунтам і «больш нічога».
«Калі дазналіся бацькі, што мы хадзілі туды, дзе стралялі людзей, то надралі нам вушы. Страшылі нас: ці мы таксама хочам, каб і нас расстралялі. З таго часу мы асьцерагаліся туды хадзіць», — згадвае Павал Сяргеевіч.
Паводле ягоных слоў, як пачалася вайна, то немцы загадалі ўздоўж шашы высекчы лес на сто метраў углыб, каб перашкодзіць партызанам рабіць дыверсіі. Таму цяпер на месцы расстрэлаў не дужа стары сасоннік.
«Калі вайна скончылася нікому патрэбныя не былі тыя, каго ў лесе пастралялі, — дадае ён. — З цягам часу вырас лес».
Магілёўскі райвыканкам: «Лічым неабходным увекавечыць памяць пацярпелых ад рэпрэсіяў»
Краязнаўца Уладзімер Ярошчанка звяртаўся ва Упраўленне абласной міліцыі і КДБ, каб тыя пацвердзілі, што каля Вільчыц стралялі людзей. Адтуль адпісалі, што «звесткамі пра расстрэльны палігон не распалагаюць».
З самога райвыканкаму Ярошчапку паведамілі, што з прычыны «даўнасці гадоў, разрозненых паказанняў мясцовых жыхароў і зменаў ландшафту мясцовасці, на якой меркавана праводзіліся расстрэлы людзей, вызначыць канкрэтнае месца пахаванняў расстраляных не ўяўляецца магчымым».
«Магілёўскі раённы выканаўчы камітэт палічыў неабходным увекавечыць памяць, пацярпелых у 30 гадах ад рэпрэсіяў, — гаворыцца ў лісце Ярошчанку. — На месцы меркаваных расстрэлаў у лясным масіве ўсталяваны драўляны крыж вышынёю два метры. Прылеглая тэрыторыя упарадкаваная».