«Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?

«Ці можна мне вясной насіць сваё чырвонае паўпаліто і белую шапку, а летам белыя штаны і чырвоную кашулю?», запыт з такім пытаннем карэспандэнт НЧ накіравала да начальніка Слуцкага РАУС 25 студзеня. Нагодай стаў дзіўны выпадак, які адбыўся 23 студзеня.

img_20210123_202822_1_logo.jpg


У гэты дзень у 15:20 я ішла па ходніку на вуліцы Леніна ў Слуцку насупраць будынка райвыканкаму ў накірунку крамы «Віталюр». Наперадзе каля помніка правадыру бальшавікоў заўважыла купку міліцыянтаў. Я знаходзілася ў цвярозым стане, ні з кім не сварылася, не выкрыквала нецэнзурных і іншых словаў, не здзяйсняла хуліганскіх учынкаў, не чаплялася да мінакоў, ішла адна, не несла сцяг ці плакат. Таму здзівілася, калі адзін з міліцыянтаў падышоў да мяне і звярнуўся: «Пройдземце з намі, Зінаіда Вячаславаўна!» Зразумела, што шпацыр кудысьці з міліцыянтамі, калі яны нават ветліва запрашаюць, прабівае вялікую дзірку не толькі ў маім пенсійным бюджэце, але і ў гаманцах маіх сяброў. Таму ў адказ на ветлівую прапанову я толькі паскорылася.
Але ёсць і іншыя прычыны, чаму я не пайшла кудысьці з супрацоўнікамі РАУС. Іх я патлумачыла ў сваім звароце на імя начальніка Слуцкага РАУС Аляксандра Голікава:
«1) Паколькі я не лічыла сябе ў чымсьці вінаватай — ішла ў краму, то хуткімі крокамі прадоўжыла свой паход у краму. 2) Пасля трохдзённага знаходжання ў СІЗА Слуцкага РАУС у канцы кастрычніка 2020 года ў камеры з людзьмі, якія ўвесь час курылі, я пакутую на кашаль і імкнуся захоўваць сацыяльную дыстанцыю з усімі людзьмі.3) Прайсці кудысьці з міліцыянтамі — гэта значыць парушыць правілы бяспекі падчас каронавіруснай інфекцыі, смяротна небяспечнай для людзей сталага веку».
Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі міліцыі не сталі мяне даганяць, настрой быў сапсаваны. Зрабіўшы свае пакупкі, вярталася назад іншай дарогай, каб пазбегнуць новай сустрэчы з імі.
Пасля аналізу сітуацыі я вырашыла, што прычынамі магчымага затрымання мяне супрацоўнікамі РАУС каля плошчы Леніна маглі быць:
а) супрацьвірусная баваўняная маска з маленькімі чырвонымі лісточкамі, рассыпанымі на белым фоне;б) паражэнне мяне ў грамадзянскіх правах і, у прыватнасці, пазбаўленне права на свабоду перамяшчэння па Слуцку, пра якое я не ведаю;в) увядзенне надзвычайнага становішча ў Слуцку і аб’яўленне цэнтра горада забароненай зонай для прагулак пры адсутнасці афіцыйнай інфармацыі і збудаванай агароджы гэтага месца.
Устрывожаная магчымым пранікненнем у Слуцк з іншых гарадоў бацылы «каляровага маразму», а таксама незразумелай «пільнасцю» з боку міліцыі, я папрасіла начальніка міліцыі паведаміць афіцыйную інфармацыю адносна абазначаных мною праблемах па ўсіх трох пазначаных уверсе пунктах.
Калі ж прычынай прыцягнення ўвагі супрацоўнікаў міліцыі да маёй асобы была сціплая супрацькаронавірусная маска, набытая ў сацыяльным цэнтры яшчэ ў чэрвені 2020 года, яшчэ далёкім ад палітычных баталій, то ўзнікаюць дадатковыя пытанні, якія я таксама задала ў сваім пісьмовым звароце:
«У якім законе пазначана, што я не маю права насіць на твары белую маску з чырвонымі лісцікамі, альбо чырвоную маску з белым пытальнікам пасярэдзіне? Паколькі да лета 2020 года і цяпер маімі любімымі колерамі з’яўляюцца чырвоны і белы, і ў мяне шмат такога адзення, набытага шмат гадоў таму, прашу адказаць: у якім законе забаронена выкарыстанне спалучэння ў адзенні белага і чырвонага колераў, каб я магла вывучыць гэты закон?Ці буду мець я права вясной насіць сваё чырвонае паўпаліто і белую шапку адначасова, а летам белыя штаны і чырвоныя кашулі (якіх у мяне шмат)?»
Таксама я звярнула ўвагу начальніка міліцыі, што будынак міліцыі пафарбаваны з выкарыстоўваннем спалучэння чырвонага і белага колераў — на бела-бэжавай сцяне яркім чырвоным гараць літары «міліцыя». Падобнае можна назіраць і на будынку суда, на розных аб’явах, дарожных знаках, трубах, назваў крамаў, гандлёвых кошыкаў у крамах, на афарбоўцы балконаў многіх дамоў, на жэтонах у камерах для захавання рэчаў…


Вяртаючыся пасля непрыемнай размовы з міліцыянтам дамоў, я сустрэла жанчыну, апранутую ў белыя боты, чырвонае паўпаліто і белую шапку. Мае пытанне, ці ёсць у яе дазвол з пячаткай ад райвыканкама ці міліцыі на такі «прыкід», жанчына спачатку не зразумела, а пасля ўстрывожылася і змяніла свой маршрут, прыгаворваючы:
—— У іх што там, зусім “дах” з’ехаў? Гэтая вопратка і боты куплены мной яшчэ 4 гады таму назад. Я павінна марнаваць грошы на новае адзенне? А калі мне падабаецца так насіць і гэта пасуе майму настрою і характару? А калі я не люблю шэрыя і зялёныя колеры, якія мне не пасуюць? Яны што, увесь горад будуць цяпер перафарбоўваць, які так упрыгожылі да дажынак?
Адказаць ёй мне не было чаго, заставалася толькі паціснуць плячыма.
А вось ці дазволяць мне летам насіць мае любімыя белыя штаны у спалучэнні з чырвонай кашуляй і бэжавым капялюшыкам — пра гэта спадзяюся даведацца з афіцыйнага адказу ад Слуцкага РАУС. З пячаткай і подпісам самога начальніка міліцыі. Гэту паперку ў выніку дазволу заўсёды буду насіць пры сабе — як індульгенцыю! Зразумела, калі да таго часу ўвесь гэты «колеравы маразм» не скончыцца.