«Тэрыторыя рыхтавалася на 2000 чалавек». Падрабязнасці і фота будоўлі лагера для пратэстоўцаў пад Слуцкам
На сувязь са «Свабодай» выйшаў адзін з удзельнікаў пераўтварэння лячэбна-працоўнага прафілакторыя (ЛПП) № 3 у нешта падобнае на канцэнтрацыйны лагер для ўдзельнікаў пратэстаў у жніўні 2020 года.
Сцісла
Новыя сведчаньні былых вязьняў лагера пад Слуцкам. Яны таксама расказваюць, што лагер быў абгароджаны высокім плотам з вышкамі для аховы.
Сведка будаўніцтва лагера расказаў, што ЛПП № 3 пад Слуцкам вырашылі пераабсталяваць для ўтрымання пратэстоўцаў 10 жніўня.
Лагер прызначаўся для ўтрымання прыкладна 2000 чалавек. Іх пачалі прывозіць з Мінску 14 чысла.
Абсталяванне для лагера пад Слуцкам звозілі з розных месцаў Беларусі, у тым ліку з вайсковых частак і папраўчых калоній.
Унутранай аховай лагера займаўся Дэпартамент выканання пакаранняў. Вонкавай — салдаты Мінабароны.
Пасля нечаканага вызвалення вязьняў 15 жніўня лагер быў ліквідаваны за некалькі дзён.
19 студзеня «Свабода» апублікавала сведчанні фатографа «Новага часу» Дзмітрыя Дзмітрыева, які 14-15 жніўня знаходзіўся на
тэрыторыі лагера пад Слуцкам, куды трапіў з Акрэсціна. Дзмітрыеў расказаў,
што ўзгадаў пра тое месца пасля публікацыі запісаў выказванняў Мікалая
Карпянкова пра дазвол на стварэнне ў Беларусі канцэнтрацыйных лагераў для
пратэстоўцаў.
«Цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з сабакамі»
«Свабода» пагаварыла яшчэ з двумя былымі вязнямі лагера пад Слуцкам. Адзін з іх, Зміцер Хведарук, таксама трапіў у лагер 14 жніўня з Акрэсціна.
«Нам не казалі, куды вязуць, — расказвае Зміцер. —
Прывезлі, паставілі на халодным паветры, ля сценкі. Мы былі ў адных цішотках,
холадна было вельмі. Потым адвялі ў душ, памарозілі яшчэ мокрымі. Пасля
прыйшоў прадстаўнік унутраных войскаў і сказаў, што мы знаходзімся ў слуцкім ІЧУ.
Я ў галаве перакруціў умоўна свае веды пра беларускія турмы і зразумеў, што ў
Слуцку такой установы няма. Было цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з
сабакамі. Абсалютна незразумела, дзе мы знаходзіліся».
Зміцер кажа, што ім забаранялі аглядвацца і падымаць
галаву. Начавалі затрыманыя ў бараку, агулам іх было там каля 150 чалавек.
Барак нагадваў вайсковую казарму. Вызвалялі ўсіх на наступны дзень па спісах.
Перад вызваленнем усім давалі падпісаць паперу, дзе папярэджвалі пра
крымінальную адказнасць у выпадку паўторнага затрымання.
Яшчэ адзін былы вязень лагера пад Слуцкам пажадаў застацца
ананімным. Ён расказаў, што трапіў туды пасля таго, як 10 жніўня яго
выпадкова затрымалі ў Мінску. У Слуцк прывезлі праз некалькі дзён з
Акрэсціна.
«Гэта быў лагер, — кажа суразмоўца. — Сцены, вышкі, калючы
дрот. Усё ў лесе, далёка ад дарогі. Тэрыторыя даволі вялікая, у нашым бараку
было каля 100 чалавек. Агулам такіх баракаў было яшчэ 3-4, зараз я дакладна не
ўзгадаю. Нам сказалі, што калі мы не будзем выконваць распараджэнні
адміністрацыі, то вернемся назад на Акрэсціна. Цяжка зараз узгадваць пра тое
месца. Мы ўсе аглядаліся па баках і думалі толькі пра тое, каб хутчэй адтуль
выбрацца. Гэта быў напалову турэмны рэжым. Ахоўвалі нас людзі, якія звычайна
працуюць з алкаголікамі».
ЛПП № 3 пад лягер абсталявалі на чацьвёрты дзень пратэстаў
Са «Свабодай» таксама звязаўся чалавек, які даслаў у рэдакцыю серыю фота, зробленых падчас будоўлі лагера. На ўмовах ананімнасці ён таксама расказаў некаторыя падрабязнасці пра ўстанову, куды 14 жніўня з Акрэсціна прывезлі некалькі соцень затрыманых удзельнікаў пратэстаў. Сапраўднасць здымкаў «Свабодзе» пацвердзіў Дзмітрый Дзмітрыеў. Па яго словах, на фота «на 99% тое месца, дзе ён быў 14-15 жніўня».
«10 жніўня Дэпартаменту выканання пакаранняў было даручана
падрыхтаваць у тэрміновым парадку адну з тэрыторый пад арганізацыю лагера, —
сцьвярджае суразмоўца. — Было вырашана выкарыстоўваць для гэтага тэрыторыю ЛПП
№ 3 каля Слуцку. Тых, хто там знаходзіўся на лячэнні, тэрмінова этапавалі ў
іншыя ўстановы. 12 жніўня ЛПП № 3 абсталявалі для ўтрымання грамадзян пад
ваенізаванай аховай».
Па словах суразмоўцы, персанал напачатку не ведаў, для каго
канкрэтна пераабсталёўваюць тэрыторыю ЛПП. Арганізацыяй лагера займалася
ўпраўленне Дэпартамэнту выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці.
Пры гэтым абсталяваць лагер было неабходна вельмі хутка. Рыштунак вазілі з іншых ЛПП і папраўчых калоній.
«З Навасад (там размешчаная папраўчая калонія № 14)
арганізавалі дастаўку ложкаў, — расказвае відавочца. — Вельмі спяшаліся, вазілі
самазвалам. Прадпрыемству, размешчанаму на базе ЛПП, было даручана на працягу
сутак распрацаваць і вырабіць вышкі для аховы перыметру лагера. Для
ўладкаваньня так званага лагера прыцягнулі людзей, якія ўтрымліваліся ў ЛПП. На
тэрыторыі ўжо існуючай жылой зоны прафілакторыя ўсталёўвалі намёты, тэрыторыю
дзялілі на квадраты. Выкопвалі ямы, усталёўвалі слупы, усе абносілі калючым
дротам».
Па словах суразмоўцы, лагер на тэрыторыі ЛПП № 3 мог быць
толькі адным з будучай сеткі падобных месцаў. Рабочым, якія рабілі вышкі для
перыметру лагера, загадалі рабіць іх мабільнымі. Каб можна было ў будучыні
лёгка выкарыстоўваць іх у розных месцах. Вытворчасць ставілі на паток. Штосьці
з абсталявання лагера прывозілі і з вайсковых частак. Напрыклад, рукамыйнікі.
Лагер ахоўвалі вайскоўцы Мінабароны
«Тэрыторыя рыхтавалася да прыёму каля 2000 чалавек, — кажа суразмоўца. — З усёй Беларусі ў Слуцк былі камандзіраваныя супрацоўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў з сабакамі. Пры гэтым супрацоўнікі ДВП прыцягваліся выключна для аховы ўнутры гэтага лягера. Аховай перыметру і прылеглага лесу займаліся вайскоўцы, падначаленыя Мінабароны».
Крыніца сцвярджае, што ў слуцкі лагер таксама
камандзіравалі медыкаў. Людзей з Акрэсціна ў лагер пачалі прывозіць 14 жніўня
прыкладна а 15-й гадзіне. У гэты час сюды прыехала першая вялікая калона
аўтазакаў у суправаджэнні ДАІ. Другая калона прыбыла а 18-й гадзіне. Яе
суправаджалі служачыя з унутраных войскаў, у тым ліку з часткі, размешчанай у
Мінску на вуліцы Маякоўскага. Па словах суразмоўцы, шмат хто з прывезеных
аўтазакамі людзей быў пабіты.
15 жніўня людзей пачалі масава вызваляць з лагера. За
некалькі соцень метраў ад яго былых арыштантаў сустракалі валанцёры і адвозілі
ў Мінск.
Сам лягер хутка разабралі.
«Праз 4 дні прыйшла каманда тэрмінова ўсё дэмантаваць, —
кажа сведка. — У ЛПП вярнулі тых, каго тут утрымлівалі раней і вывезлі пасля
10 жніўня. На сённяшні дзень ЛПП № 3 функцыянуе ў штатным рэжыме».