Па факце смерці хлопчыка ў радзільні будзе праведзена дадатковая праверка

Пракуратура адмяніла адмову Следчага Камітэта бацькам Мішы, які памёр у радзільні на шосты дзень пасля нараджэння, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Будзе праведзена дадатковая праверка. Такі адказ бацька малога Сяргей Башмур атрымаў на свой зварот у пракуратуру Гомеля.

107_misha_1.jpg


— У абласным раддоме наступаюць паляпшэнні, — распавёў Сяргей gomel.today. — Маючы стасункі з медыкамі я даведаўся, што і дзіцячая рэанімацыя цяпер будзе асобнай, і стаўленне да людзей стала лепш. На месца загадчыцы абласным радзільняй Святланы Мальцавай прыйшоў выканаўца абавязкаў.
Нагадаем, нованароджаны Міхаіл памёр 22 чэрвеня 2017 года ў Гомельскім абласным радзільным доме. Першыя два дні пасля родаў было ўсё добра, але затым стан хлопчыка рэзка пагоршыўся. У радзільні паставілі дыягназ «ўнутрычэраўная інфекцыя». Але бацьку памерлага хлопчыка не задаволілі тлумачэнні медыкаў. Больш за ўсё яго абурыў адказ медыцынскага кіраўніцтва, у якім яму назвалі кошт знаходжання паміраючага дзіцяці ў рэанімацыі — 1000 даляраў у суткі.
Сяргей звяртаўся па дапамогу да ўладаў, тэлефанаваў на «гарачую лінію» Пятра Кірычэнкі і нават выходзіў на адзіночны пікет. Пасля дадатковай праверкі яму паведамяць пра вынікі.