Ноч у Курапатах прайшла спакойна, будаўніцтва не аднавілася.
У лагеры абаронцаў Курапатаў ля будаўнічай пляцоўкі ў Зялёным Лузе побач з мемарыялам «Курапаты» ноччу заставалася каля 20 чалавек.
Восьмая ноч у лагеры абаронцаў Курапатаў прайшла без інцыдэнтаў. Людзі па чарзе дзяжурылі і адпачывалі ў намётах.
Удзельнікі абароны Курапатаў рыхтаваліся да абвешчанай на 8.00 мабілізацыі, часу калі могуць прыйсці будаўнікі.
А 8.00 ў лагеры абаронцаў пачаўся мітынг, на якім першым выступіў паэт Уладзімер Някляеў, які чытаў вершы.
Пазней выступіў лідар абаронцаў Зміцер Дашкевіч, ён паведаміў, што а 7 раніцы з будпляцоўкі з’ехаў экскаватар, кіроўца якога яму сказаў, што некалькі дзён працы тут не будзе.
Зміцер Дашкевіч (у цэнтры)
«Мне вядома, што нас не будуць чапаць, хіба захочуць узяць на змор», — сказаў Дашкевіч, але заклікаў заставацца:
«Працы прыпыненыя, у любы момант, калі яны будаўнічыя працы адновяцца, мы зможам супрацьстаяць».
Учора частка будаўнікоў забрала з бытовак свае рэчы, частка тэхнікі была адведзеная з будаўнічай пляцоўкі.
Пляцоўка пад будаўніцтва была прададзеная на аўкцыёне ў 2013 годзе, калі яна знаходзілася ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Толькі ў канцы 2014 году пляцоўку вывелі з ахоўнай зоны. Будоўля распачалася 16 лютага 2017 года.
За паўтара месяца да пачатку будаўніцтва мясцовыя жыхары сабралі подпісы ў адміністрацыю Лукашэнкі, але не атрымалі адтуль адказу ў вызначаны законам тэрмін. Жыхары выклікалі міліцыю на будаўнічую пляцоўку, але гэта не спыніла будаўніцтва.
З 20 лютага актывісты апазіцыі і мясцовыя жыхары пачалі бестэрміновую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтру паблізу мемарыялу.