«Ноч расстраляных паэтаў» сёлета пройдзе пад новай назвай

Летась знакавую дату беларусы ўзгадалі ў 38 гарадах, зладзіўшы каля 40 культурніцкіх падзей. Сёлета актывісты і неабыякавыя людзі могуць далучыцца да акцыі, дадаўшы сваю імпрэзу памяці на адмысловую мапу падзеі.

photo_2020_10_29_19_40_33__2__logo_1_1_1_1.jpg


Сёлета спаўняецца 85 гадоў з той ночы, — у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам карнікі НКВД расстралялі 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Самаму старэйшаму, публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў. Сярод самых маладых былі паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётар Хатулёў (25 гадоў), школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).

Тая расправа стала кульмінацыяй вынішчэння беларускай інтэлігенцыі і закранула больш за 500 выбітных дзеячаў нацыянальнай культуры. Сотні чалавек выслалі за межы Беларусі, іншыя расстраляныя ці адпраўленыя ў ГУЛАГ.

Сёлета «Ноч расстраляных паэтаў» ператвараецца ў «Ноч паэтаў». «Сёння мы называем яе “Ноччу паэтаў”, бо ў гэтыя дні аддаём пашану памяці нашых выдатных творцаў, якія былі фізічна знішчаныя тагачасным рэжымам. Але іх памкненне да свабоды творчасці, іх вольны дух, іх авантурызм, эксперыментатарства ў паэзіі і прага да жыцця і цяпер працягваюць натхняць нашых сучаснікаў», — тлумачаць на сваім сайце арганізатары акцыі.

«Штогод у Беларусі і за яе межамі 29 і 30 кастрычніка праходзяць вечары памяці рэпрэсаваных беларусаў: паэтаў, мастакоў, выдаўцоў, вучоных, выкладчыкаў, рабочых, сялян, гараджан і вяскоўцаў. Галасы гэтых імпрэзаў — галасы ахвяр рэпрэсій у Беларусі. Але не толькі. Сам факт правядзення такіх вечарын — знак нашай пашаны да папярэднікаў, нявінна знішчаных уладамі. Гэта і знак веры ў тое, што на папялішчы разбураных лёсаў — праз слёзы, пакуты і выпрабаванні — можа гадавацца веліч няскоранай нацыі» — адзначаецца на сайце.

Далучыцца да «Ночы паэтаў» можа кожны. «Вялікія справы робяцца маленькімі крокамі, а моцныя супольныя ініцыятывы здольныя зрынаць муры раўнадушша і забыцця. Таму нават адзін верш рэпрэсаванага паэта, прачытаны ў гэты дні, нават адна запаленая ў іх памяць свечка — знак таго, што памяць пра ахвяраў рэжымаў жыве», — лічаць арганізатары.

Яны прапануюць:

  • зладзіць гучныя чытанні вершаў рэпрэсаваных аўтараў;
  • арганізаваць невялікі канцэрт-вечарыну, падчас якога разам заспяваць песні на вершы незаконна асуджаных беларусаў;
  • разам з сябрамі і суседзямі паглядзець лекцыю з праекта «(Не)расстраляная паэзія»;
  • у месцах памяці ахвяраў рэпрэсій зладзіць мітынг-рэквіем з запаленымі свечкамі;
  • у храме, які вы наведваеце, куды ходзіць ваша супольнасць, замовіць службу ў памяць пра ахвяраў рэжымаў і разам памаліцца за супакой душаў забітых паэтаў;
  • прачытаць кнігу (артыкул) з прапанаванай намі бібліятэчкі і расказаць пра яе сябрам, настаўніку на ўроках / выкладчыку на лекцыі;
  • калі вы працуеце ў школе, распавесці вучням пра рэпрэсіі, пра паэтаў, навукоўцаў, чые лёсы знішчыў рэжым у 1930-х;
  • запрасіць гісторыка ці літаратуразнаўцу, якія спецыялізуюцца на тэме рэпрэсій, і зладзіць лекцыю-дыскусію для супольнасці.

Свае мерапрыемствы можна дадаць на адмысловую мапу на сайце. Там жа можна сачыць за падзеямі, прымеркаванымі да «Ночы паэтаў».