«Нявызначанасць прэтэнзій — падстава сумнявацца ў падставах для іх». Абскарджана абвінавачванне Бабарыку

Абаронцы Віктара Бабарыкі адвакаты Аляксандр Пыльчанка і Дзмітрый Лаеўскі падалі скаргу на імя Генеральнага пракурора на пастанову аб прыцягненні іх падабароннага ў якасці абвінавачанага.

dfr_babariko_20200422_bur_tutby_phsl_6870.jpg

З-за падпіскі аб неразгалошванні адвакаты не могуць пракаментаваць па сутнасці абставіны справы і нават артыкулы. Але абвінавачванне абскарджана імі ў поўным аб'ёме.
— І перш за ўсё таму, што яно не дазваляе рэалізаваць права на абарону. Абвінавачванне павінна адпавядаць патрабаванням КПК і дазваляць зразумець, якія менавіта дзеянні інкрымінуюцца, у чым яны выяўляліся і гэтак далей. Калі яно не дазваляе гэта зразумець і не з'яўляецца канкрэтызаваным ў дастатковай ступені, то ў такім выпадку чалавек не можа абвяргаць, то бок абараняцца. У той жа час нявызначанасць вылучаных чалавеку прэтэнзій дазваляе сумнявацца ў тым, ці меліся для іх падставы ў прынцыпе, — сказаў Дзмітрый Лаеўскі.
Раней Менскі гарадскі суд адхіліў скаргі адвакатаў Бабарыкі на ўзяцце пад варту.
Нагадаем, 2 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе быў вывешаны «Спіс крымінальных спраў апеляцыйнай інстанцыі, прызначаных да слухання», з якога грамадскасці і журналістам сталі вядомыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, паводле якіх абвінавачваюцца Віктар і Эдуард Бабарыкі.
Паводле спісу, Віктару Бабарыку прад'яўленыя абвінавачванні па ч.2 арт. 235 (легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, учыненыя паўторна, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт 431 (Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры) КК РБ.
Эдуард Бабарыка абвінавачваецца па ч.2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) КК РБ.
У тым жа спісе фігуруюць яшчэ два прозвішчы людзей, якія праходзяць па так званай справе Белгазпрамбанка. Карака Дзмітрый — асабісты памочнік і каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі — абвінавачваецца па ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Марозаў Антон (працаваў у юрыдычным аддзеле Белгазпрамбанка, мае долю ў кампаніі «Прыватлізінг» і ўваходзіць у назіральную раду страхавой кампаніі «Кентаўр») — па ч. 2 арт. 235 (легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, учыненыя паўторна, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры).
1 ліпеня Генпракуратура ў адказ на шматлікія электронныя звароты грамадзян заявіла, што затрыманне Віктара Бабарыкі з'яўляецца законным.

Паводле tut.by