Нямецкія падаткаплатнікі абураныя: толькі на візажыста Аналена Бербок выдаткавала 137 тысяч еўра

У Міністэрстве замежных спраў Германіі значна выраслі выдаткі на паслугі цырульнікаў, фатографаў і візажыстаў. Асацыяцыя падаткаплатнікаў гэтым вельмі не задаволеная.

Аналена Бербок

Аналена Бербок

Асацыяцыя падаткаплацельшчыкаў Германіі лічыць неапраўданым рост выдаткаў федэральнага міністэрства замежных спраў на паслугі цырульнікаў, фатографаў і візажыстаў, у прыватнасці асабістага візажыста міністра Аналены Бербок. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі выдання Focus.

За 2022 год выдаткі на догляд за знешнім выглядам міністэрстваў федэральнага ўрада Германіі склалі амаль 1,5 мільёна еўра — на 80% больш, чым годам раней, і ў цэлым утрая больш, чым дзесяцігоддзе таму.

Сярод іншых падобных выдаткаў, указаных у справаздачы Нямецкай Асацыяцыі падаткаплатнікаў, згадваецца Федэральнае міністэрства даследаванняў, якое прафінансавала на 1,3 мільёна "праграму для стварэння прычосак па жаданні".

Таксама згадваюцца выдаткі на візажыста федэральнага міністра замежных спраў Аналены Бербок, якія абышліся ў больш за 137 тысяч еўра.


Акрамя таго Міністэрства замежных спраў выдаткавала 178 тысяч еўра на працу фатографаў у 2022 годзе —супраць 127 тысяч еўра ў 2019-м.

Міністэрства замежных спраў Германіі ў адказ на запыт Focus заявіла, што візажыст суправаджае Бербок падчас фота- і тэлездымак — "так, як гэта прынята і даўно вядома для іншых высокапастаўленых чыноўнікаў Германіі".

Але ў Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў Германіі не лічаць гэтыя аргументы абгрунтаванымі. "Кожны федэральны міністр павінен бачыць у сабе міністра эканоміі і ўрэшце вызначыць прыярытэты", — заявіў кіраўнік аб'яднання Райнэр Хольцнагель.

У мінулым годзе, нагадаем, кааліцыйны ўрад Германіі заклікаў былога канцлера Ангелу Меркель выконваць дысцыпліну выдаткаў у працы з яе офісам у Бундэстагу.

Паводле "Еўрапейскай праўды"