Нямцоў: Танкі НАТА могуць увайсці ў Беларусь
Пуцін развязаў халодную вайну, але шанцаў яе выйграць у цяперашняй Расіі няма, лічыць расійскі апазіцыянер Барыс Нямцоў у каментары для Gordonua.com.
«Сваёй непрадуманай агрэсіўнай палітыкай Пуцін пачаў халодную вайну з Захадам і Украінай. Пачаўшы вайну на мацерыковай частцы Украіны, Расія ў гэтую ж гадзіну апынулася ў поўнай міжнароднай ізаляцыі. Гэта адштурхнула ўкраінскі народ, які ўсё больш глядзіць у бок НАТА. Пры такім становішчы рэчаў ваенныя базы з танкамі НАТА могуць апынуцца дзе-небудзь пад Харкавам, а магчыма, увойдуць і ў Беларусь», — не выключае расійскі апазіцыянер.
Расійскі палітык перакананы, што выйграць гэтую халодную вайну Пуціну не ўдасца, паколькі, у адрозненне ад папярэдняй халоднай вайны, сілы супрацьлеглых бакоў занадта няроўныя.
«У адрозненне ад папярэдняй халоднай вайны, цяпер няма эканамічнага парытэту. Эканоміка Расіі ў разы слабей эканомікі заходніх краін і Кітая. Грошай не хапае нават на лячэнне анкахворых дзяцей у Яраслаўскай вобласці. Таму авантурная палітыка Пуціна прывядзе да краху ягонага рэжыму», — сказаў на заканчэнне Барыс Нямцоў.
Акрамя таго, ён іранічна прайшоўся па заяве Пуціна аб тым, што выкарыстанне ўкраінскай арміі супраць сепаратыстаў — гэта злачынства.
«А калі ён ўводзіў войскі ў 1999 ў Чачню і Дагестан, каб перамагчы сепаратызм, гэта як называлася? Злачынства ці антытэрарыстычная аперацыя?» — нагадаў Нямцоў.