Ніл Гілевіч павіншаваў ТБМ з 25-годдзем

27 чэрвеня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адзначыла сваё 25-годдзе. Першы старшыня рады гэтага грамадскага аб’яднання, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч пісьмова павіншаваў ТБМ з юбілеем.



“Удзельнікам урачыстасці, прысвечанай 25-годдзю Таварыства Беларускай мовы.
Дарагія сябры ! 
Віншую вас з юбілеем нашага высакароднага патрыятычнага руху, без якога немагчыма сёння ўявіць культурна-асветніцкае жыццё Беларусі. 
На правах ветэрана ТБМ, першага старшыні яго Рады, я выказваю вам і ўсім сябрам арганізацыі шчырую падзяку за плённую працу на жыццяроднай ніве беларускай мовы, за працу ў імя Яе непагаснага свячэння і сёння, і заўтра, і ў стагоддзях. 
Пажаданне Вам у мяне толькі адно: ні на хвіліну не паддайцеся намаганню ворагаў беларушчыны падрыць карані вашай веры ў роднае слова, вашай любові да роднага слова, вашай рашучасці абараняць яго правы на жыццё, яго гонар і годнасць. 
Дарагія сябры! 
Стан здароўя не дазваляе мне быць сёння сярод вас, але душою і сэрцам я з вамі, уцешна гляджу ў вашы чыстыя, прамытыя крынічнай беларускай мовай вочы і сардэчна абдымаю вас. 
Ніл Гілевіч”.
На пасяджэнні сакратарыята ТБМ у Мінску быў прыняты зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь “Аб вяртанні беларускай мовы ў беларускае заканадаўства”. 
У звароце, між іншым, адзначаецца, што амаль усе законы ў краіне прымаюцца толькі па-руску і не маюць афіцыйнага перакладу на дзяржаўную беларускую мову, што з’яўляецца парушэннем дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з гэтым кіраўніцтва аб’яднання прапанавала парламентарыям з 1 верасня 2014 году ўсе законы і падзаконныя акты адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад папярэдніх законаў, якія былі прынятыя толькі на рускай мове, на дзяржаўную беларускую мову і змясціць іх на адпаведных сайтах.
У інтэрвью карэспандэнту НЧ першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім сярод галоўных здабыткаў таварыства за чвэрць стагоддзя назвала тое, што мова пашыраецца ў грамадстве, у аб’яднанне прыходзіць моладзь, якая сама пачынае прасоўваць беларускую мову ва ўсе сферы жыцця. Гэтаму спрыяюць і партнёры таварыства -- кампанія “Будзьма беларусамі” і “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.  І неўзабаве надыдзе той час, калі родная мова беларусаў зойме пачэснае ўсеахопнае месца ў краіне. упэўнена Алена Анісім. Яна лічыць вельмі важным, што беларуская мова прысутнічае ў геаграфічных назвах, грамадскім транспарце і на шыльдах, а таксама замацаваная лацінкай.  
Дарэчы, паслядоўная праца грамадскага аб’яднання па пашырэнню сферы ўжытку роднай мовы вядзецца штодзённа. Так, 27 чэрвеня ў сядзібу ТБМ прыйшоў адказ з ААТ “АСБ Беларусбанк”  пра тое, што кіраўніцтва гэтай установы станоўча ўспрыняла зварот старшыні ТБМ Алега Трусава забяспечыць кампутарную сістэму банка і яго філіяў беларускім шрыфтам, а таксам арганізаваць для супрацоўнікаў адкрытага акцыянернага таварыства курсы па вывучэнні дзяржаўнай беларускай мовы.  
Адным з важкіх праектаў, над якім зараз працуе таварыства, намескік старшыні ТБМ назвала падрыхтоўку Міжнароднага сэртіфікату беларускай мовы паводле рэкамендацый Савету Еўропы, які дазволіць зрабіць беларускую мову даступнай любому замежніку. 
Трэба адзначыць, што з імем Алены Анісім звязана адкрыццё ў сталіцы беларускамоўнай гімназіі №23, заснаванне газеты “Новы час”, выданне Правілаў дарожнага руху па-беларуску, падрыхтоўка “Беларуска-англійскага/англійска-беларускага” і “Шведска-беларускага/беларуска-шведскага” размоўнікаў.  
ТБМ – гэта зарэгістраваная добраахвотная непалітычная арганізацыя, у якой аб’ядналіся прадстаўнікі беларускай нацыянальнай эліты з мэтай забеспячэння рэальнага дзяржаўнага статуса мове карэннага этнасу Беларусі. З 1989 па 1997 гады арганізацыяй кіраваў Ніл Гілевіч, з 1997 па 1999 гады – вядомы паэт, грамадска-палітычны дзеяч і дыпламат Генадзь Бураўкін, а з 1999 года -- вядомы гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Алег Трусаў. 
Менавіта пад яго кіраўніцтвам ТБМ здолела ператварыцца ў сапраўдную агульнабеларускую арганізацыю. Сёння структуры таварыства дзейнічаюць у 75 рэгіёнах краіны са 118. Сябрамі ТБМ таксама з’яўляюцца жыхары шэрагу гарадоў Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Украіны. У 2007 годдзе, дзякуючы намаганням сяброў ТБМ, запрацаваў цалкам беларускамоўны тэлеканал “Белсат” (Польшча), распрацавана Стратэгія развіцця беларускай мовы ў XXI стагоддзі.   
Рэдакцыя “Новага часу” віншуе ТБМ з юілеем і жадае, каб як мага хутчэй родная мова карэннага этнасу Беларусі стала здабыткам усёй беларускай нацыі.