«Ніякіх прапаноў. Наогул». Лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка дагэтуль не можа знайсці працы
Яшчэ ў мінулым годзе экс-кіраўнік ліквідаванай лукашэнкаўцамі грамадскай арганізацыі «Перспективы», якая аб'ядноўвала індывідуальных прадпрымальнікаў, публічна абвясціў, што шукае працу. Анатоль Шумчанка размясціў сваё рэзюмэ на сайтах па пошуку працы. Аднак усё аказалася не так проста. «Народная Воля» пацікавілася, ці знайшоў Шумчанка працу.
— Гэта такая
далікатная тэма... — распавёў Анатоль Шумчанка. — Я па-ранейшаму ў пошуку.
Разглядаю і адгукаюся на многія вакансіі.
Што магу сказаць? Усюды патрэбен досвед працы — гэта тычыцца і гандлю, і кіравання прадпрыемствам, і іншых сфер.
Узрост — тут
таксама ёсць абмежаванні. 48 гадоў — і тваё рэзюмэ ўжо не вельмі ахвотна
разглядаюць.
Плюс маё
мінулае — багаты бэкграўнд на ніве грамадска-палітычнай працы (абавязкова ж
паказваеш, дзе раней працаваў), мабыць, насцярожвае працадаўцаў.
Адным словам, усе
гэтыя фактары ў маім выпадку адыгрываюць не самую добрую ролю.
Хоць мае веды,
вопыт, магчымасці камунікацыі, арганізатарскія здольнасці спатрэбіліся б
усюды. Я быў на сумоўі ў адной фірме, гаворка ішла пра аддзел продажаў — у
рэшце рэшт мне сказалі, маўляў, Анатоль, можа, паспрабуеце стварыць новую
арганізацыю, якая будзе вырашаць пытанні такіх буйных кампаній, як мы?
Ніякіх прапаноў
аб працаўладкаванні не паступае. Наогул! Але цяпер усім цяжка, я не адчайваюся.
Я хацеў бы
займацца тым, чым займаўся, але пры гэтым адкрыты для рознага роду прапаноў,
новых праектаў. Калі камусьці патрэбны мае мазгі, крэатыў, арганізатарскія
здольнасці — разгледжу абсалютна ўсе прапановы!
Я ведаю, што магу многае, менавіта таму не гатовы ісці рознарабочым на будоўлю, кіроўцам таксі або кур'ерам. Гэта ўсё роўна, што ехаць на новым «Мерседэсе» па балоце. Хтосьці, можа, на гэта і пагаджаецца, але я амбіцыйны і мэтанакіраваны чалавек, ведаю сабе кошт і ўпэўнены, што магу прынесці значна больш карысці, калі не буду проста цягаць цэглу. Не хачу разменьвацца на дробязі. Веру, што ў любым выпадку ўсё будзе добра.
Летась у лістападзе экс-кіраўніка аб'яднання прадпрымальнікаў аштрафавалі за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Тады Анатоль Шумчанка не вярнуўся з допыту ў Баранавічах. Пазней стала вядома, што яго затрымалі паводле артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў») і пакінулі ў ІЧУ да суда.
У выніку яму прысудзілі 15 базавых велічынь штрафу (на той момант 480 рублёў).
На допыт Шумчанку выклікалі ў якасці сведкі. Па якой справе, невядома.
Прычынай жа затрымання стала тое, што яшчэ восем
гадоў таму Анатоль перасылаў камусьці спасылку на адзін з забароненых цяпер
рэсурсаў. Гэта і стала нагодай для складання адміністрацыйнага пратакола.
Вядома, што раней у Шумчанкі прайшоў вобшук, па выніках якога сілавікі забралі
камп'ютар і тэлефон.
Летась грамадскае
абʼяднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва», якое ўзначальваў Шумчанка, было
ліквідавана паводле іска Міністэрства юстыцыі.
Аб’яднанне
«Перспектыва» прадстаўляла інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў.
Арганізацыя з'явілася ў снежні 2002 года пасля масавых акцый пратэсту
прадпрымальнікаў летам і восенню. Прадпрымальнікі выступілі супраць ушчамлення
з боку дзяржавы іх эканамічных правоў. На хвалі акцый пратэсту лідары розных
арганізацый прадпрымальнікаў дамовіліся аб супрацоўніцтве.
Анатоль Шумчанка
— арганізатар правядзення акцый пратэсту прадпрымальнікаў, ініцыятар перамоў і
сустрэч прадпрымальнікаў з уладамі.
У тыя гады Шумчанка адбыў агулам 70 сутак арышту за
акцыі пратэсту. Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» у 2005 годзе
прызнавала яго вязнем сумлення.