Стаўкі зроблены, ставак больш няма

Беларусам пашанцавала, бо буржуазіі ў яе класічным разуменні за гады незалежнасці ў краіне так і не склалася. Таму і адстойваць сваю ўладу над народам і свае даходы ў нас няма каму. А што да тых, хто фінансуе «пятую калону» ці нейкім іншым спосабам спрабуе паўплываць на грамадства, то падобныя дзеячы аўтаматычна залічаюцца ў шэрагі тых, хто ўключыліся ў палітычную барацьбу.

roulette1.png

Была ў маёй першай жонкі такая прымаўка: «Сам прыдумаў — сам і на памяць вывучыў». Дзясяткі гадоў прайшлі з таго часу, як я ўпершыню пачуў гэту прымаўку, але яна і цяпер застаецца актуальнай. Гэта пацвердзіў і расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін на сустрэчы з прадстаўнікамі «дзелавой Расіі» 24 траўня.

Цытую: «Прапаную сёння абмеркаваць яшчэ адну ініцыятыву — абвясціць у Расіі пяцігодку стваральнай прадпрымальніцкай працы і напоўніць яе не нейкімі афіцыйнымі або квазіафіцыйнымі пратакольнымі мерапрыемствамі, а менавіта канкрэтнай, прадметнай працай».

Хто «за»? Хто «супраць»? Хто «ўстрымаўся»? Прынята аднагалосна, калі не лічыць кіраўнікоў 500 замежных кампаній, якія спынілі сваю дзейнасць у Расіі пасля пачатку так званай «ваеннай спецаперацыі» (СВА), і 150 — з тых, якія знаходзяцца ў працэсе згортвання дзейнасці. Аднак гэта калі верыць падлікам Ельскага ўніверсітэта. Але ж хто сёння, знаходзячыся ў цвярозым розуме і цвёрдай памяці, будзе давяраць экспертам з недружалюбнай краіны? Хіба што евангеліст Мацвей, які прапаноўваў судзіць не па словах, а па справах.

Практычна ў два разы!

24 траўня Пуцін упершыню загаварыў наконт планавання на пяцігодку, хай пакуль толькі ў асобным сегменце эканомікі. Аднак жа, як кажуць у народзе, цяжка пачаць, ды лёгка канчаць. Тым больш расіянам ёсць з каго браць прыклад.

Паслухаем вядучага спецыяліста Рэспублікі-партызанкі ў пытаннях пяцігадовага планавання: «Галоўную стаўку мы зробім на розум, энергію і прадпрымальнасць нашых людзей. Мы яшчэ больш будзем спрыяць развіццю ініцыятывы. Маштабна падтрымаем малы і сярэдні бізнес. Ліквідуем усё, што перашкаджае яго развіццю» (19.04.2019).

Такім чынам, стаўкі зроблены, спадарства. Ставак больш няма. Кола рулеткі закруцілася — і не без дапамогі Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ выдала вынік, прычым, у дынаміцы.

У 2005 годзе ў структуры даходаў беларусаў аплата працы займала 59,8%, а ў 2021 годзе — 65,4%. За той жа перыяд у агульнай суме даходаў доля прыбыткаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці скарацілася з 15,4% да 7,8% — лічы, практычна ў два разы! І гэта не мяжа, калі меркаваць па адсутнасці ў публічнай прасторы дыскусій наконт неабходнасці аборту (перапынення) традыцыі, якая склалася за апошнія дваццаць гадоў.

А як жа замежны вопыт, у прыватнасці, вопыт недружалюбнай нам Італіі? Don’t Worry, be Happy. Літаральна ў той жа дзень і ў тую ж гадзіну, калі з галоўнай трыбуны краіны гучала запэўненне ў неабходнасці яшчэ большага развіцця ініцыятывы, была абяцана падтрымка ўсім ахвочым асвойваць італьянскі вопыт: «У Італіі гэтая «драбяза» і сярэдні бізнес ствараюць усё: ад музычных інструментаў да самых сучасных узбраенняў. Калі такі сярэдні бізнес і малы — вітаем і будзем усяляк падтрымліваць».

Дзе вы, беларускія Страдывары і Гварнеры! Ау! У якім лясным гушчары вы хаваецеся? А што наконт «Барысаўскага прадпрыемства музычных інструментаў», якое спыніла выпуск прадукцыі (піяніна) яшчэ ў 2006 годзе? Згодна з Вікіпедыяй, да пачатку 2022 года працэс яго банкруцтва так і не быў завершаны. І гэта дае шанец на новае жыццё! Чаму б спецыялістам па вырабе струнных ударна-клавішных музычных інструментаў не згадаць мінуўшчыну ва ўмовах, калі ўсё, што перашкаджае развіццю малога і сярэдняга бізнесу, ліквідавана?

Што тычыцца вытворчасці самых сучасных узбраенняў сіламі ІП, а таксама малога і сярэдняга бізнесу, то прапаную абысці гэту тэму бокам. Прычым такі разварот не выкліча ніякіх цяжкасцей — хоць бы па прычыне поўнай некампетэнтнасці аўтара ў гэтым пытанні.

Выбары бываюць двух тыпаў

Аднак жа вернемся да разваг Пуціна на тэму працы па паляпшэнні дзелавога і інвестыцыйнага клімату: «Тут вельмі важная зваротная сувязь з дзелавой супольнасцю. Трэба, вядома, адштурхоўвацца ад рэальных праблем, пазначыць іх і паслядоўна вырашаць».

Ні адна сацыяльная сістэма не здольна развівацца без зваротнай сувязі. У рынкавых эканоміках яна ажыццяўляецца за кошт цэн, у нярынкавых (раздатачных) — за кошт скаргаў. Тых, хто цікавяцца дэталямі, адсылаю да закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» і да работ расійскага сацыёлага Вольгі Бяссонавай.

Аднак гэта працуе на ўзроўні грамадзян і асобных вытворцаў. Што тычыцца дзелавой супольнасці ў цэлым, то з часоў старажытных грэкаў нічога лепшага за палітыку чалавецтва так і не прыдумала. Але дзе палітыка — там і выбары.

Выбары, паводле палітолага Кацярыны Шульман, бываюць двух тыпаў: з прадказальнымі вынікамі, але з непрадказальнымі наступствамі, і з непрадказальнымі вынікамі і прадказальнымі наступствамі.

Хто, напрыклад, сумняваўся ў перамозе ўжо неаднаразова згаданага да месца і не да месца Уладзіміра Пуціна ў сакавіку 2018 года? Але колькі ні перачытвай яго выбарчую праграму і каментары да яе — ні паўслова наконт «планаванай спецыяльнай ваеннай аперацыі» Расіі ва Украіне знайсці не атрымаецца.

Беларусам пашанцавала

Што можа быць больш натуральным і адначасова ненатуральным за ўдзел бізнесоўцаў у палітыцы? Дональд Трамп — далёка не адзіны прыклад натуральнасці. Днямі паступіла інфармацыя пра рашэнне Лары Элісана, мільярдэра-ўладальніка «Oracle» прыняць удзел у прэзідэнцкай гонцы ў 2024 годзе. Бог яму ў дапамогу.

Якім будзе вынік, калі такога кшталту асобы дарвуцца да ўлады, здагадацца нескладана. Адкрываем том 34 поўнага збору твораў У.І. Леніна на старонцы 34: «...даказала для Расіі тое, што для ўсіх краін даказала ўся гісторыя, а менавіта, што буржуазія здрадзіць радзіме і пойдзе на ўсе злачынствы, абы адстаяць сваю ўладу над народам і свае даходы».

Беларусам пашанцавала, бо буржуазіі ў яе класічным разуменні за гады незалежнасці ў краіне так і не склалася. Таму і адстойваць сваю ўладу над народам і свае даходы ў нас няма каму.

А што да тых, хто фінансуе «пятую калону» ці нейкім іншым спосабам спрабуе паўплываць на грамадства, то падобныя дзеячы аўтаматычна залічаюцца ў шэрагі тых, хто ўключыліся ў палітычную барацьбу. А палітычная барацьба, у чым бы яна ні выяўлялася — гэта барацьба супраць «Дзяржавы для народа». «А там, як гэта неаднаразова было растлумачана для някемлівых — свае законы»! Так што наракайце самі на сябе.