«Нібыта і не было гэтай катастрофы…»

На забруджаным радыяцыяй кавалку Гомельшчыны — напаўпамерлыя вёскі. Напаўзруйнаваныя хаты, з якіх нясмела, нібыта чагосьці баючыся, выходзяць тыя, хто перажыў ці перажывае рак шчытападобнай залозы, коснага мозгу ці крыві.

treba_zyc_logo.jpg

Мужчына з адсутнымі вачыма пасе качак. Светлая ўсмешка падлетка з ДЦП. Слёзы амаль бяззубай маці з абматаным зялёнай анучай жыватом (пасля аперацыі), якая ледзь цягае ногі, — яе сын змагаецца з ракам ужо 16 гадоў.

Дзясяткі твараў. Змучаных і пакутлівых. Яны не плачуць, калі расказваюць пра хваробу. Да яе яны прызвычаіліся. Як і да смерці, якая нібыта спадарожніца. Яны надрывіста пачынаюць рыдаць, калі просіш узгадаць 1986-ы — час, калі яны былі дзецьмі.

«Я толькі зараз змагла. Прайшло 30 гадоў, а я толькі зараз змагла паехаць у сваю родную памерлую вёску», — сказала адна жанчына. Яна прыйшла ў хустачцы, кажа, што валасы выпадаюць ужо другі раз: «Муж здзірае з мяне гэтую хустку. А я не магу без яе».

Яны былі дзецьмі, калі адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. А хтосьці з іх тады нават не нарадзіўся, але «носіць з сабой» рак шчытападобнай залозы, які Мінздароўя афіцыйна прызнае звязаным з Чарнобылем.

Валянціна Смольнікава — педыятр, супрацоўнік Дабрачыннага аб’яднання Фонду «Дапаможам дзецям Чарнобыля» — шмат гадоў таму прыняла рашэнне: трэба рабіць тое, што можа. Дзякуючы яе працы тысячы дзяцей выязджаюць на аздараўленне за мяжу. А сотням дзяцей яна дапамагае даставаць медыкаменты, вазкі, прадукты харчавання праз замежных спонсараў.

Валянціна Смольнікава

Валянціна Смольнікава

— Валянціна Фёдараўна, няўжо тым, хто нараджаецца сёння, гэта пагражае? Мясціны ж, кажуць, ужо чыстыя?

— Калі мы працавалі ў паліклініцы, мы бачылі гэтую хлусню. Мы бачылі, як вырывалі з амбулаторных картак даследаванні дзяцей і дарослых. Вырывалі ўсё, што тычылася назапашвання радыенуклідаў у арганізме і даследаванняў шчытападобнай залозы. І кожны раз нам гэтым прабівалі сэрца.

— Пасля катастрофы на АЭС дактары хавалі, што ў пацыентаў — рак?

— Тады нельга было казаць пра рак. Дзямідчыкі (Яўген і Брый — бацька і сын — беларускія хірургі, якія рабілі аперацыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. — аўт.) адны з першых сталі казаць праўду дзеля ўратавання чалавека. Яны казалі шчыра, што ў цябе — рак. Іншыя казалі: у цябе не ўсё ў парадку, трэба праверыцца, падлячыцца… У мяне таксама быў рак ныркі. Прааперавалі — жыву. А калі б пра яго не сказалі, так і не пайшла б далей абследавацца.

— Пасля катастрофы прайшло трыццаць гадоў, можа ўжо можна супакоіцца?

— Я заўжды даказвала, што дзецям, падлеткам і цяжарным жанчынам ні ў якім разе нельга дапускаць радыенукліды ў арганізм. Гэта дасюль небяспечна і будзе небяспечна яшчэ вельмі доўга.

Трэба шукаць спосабы, якія б выключалі іх траплянне ўнутр. Але для гэтага трэба ўкласці ў людзям у галовы патрэбную інфармацыю. Таму мы вырашылі пайсці іншым шляхам. Мы сталі адпраўляць дзяцей за мяжу. Дзеці да паездкі на аздараўленне абследаваліся на выязных СІЧах (прыбор, які вымярае радыяцыю ў арганізме чалавека. — аўт.). І ў першыя гады пасля катастрофы мы бачылі, што дзяцей з нулём амаль не было. А пасля аздараўлення ўзровень назапашанай радыяцыі змяншаўся. Але як толькі дзеці вярталіся да звыклага жыцця ў сваіх мясцінах — зноў усё вярталася.

Мы штогод абследуем дзяцей ва ўзросце 10–12 гадоў, і фактычна ўсе яны выязджаюць на аздараўленне з радыяцыяй у арганізме! Гэта трэба ведаць, разумець, трэба пра гэта казаць.

— Ці можна сёння нейкім чынам масава даводзіць інфармацыю пра вашы вынікі даследаванняў?

— Мы зрабілі першы радыяцыйны маніторынг у 2002 годзе. Тады нас нават пускалі з лекцыямі ў школы. Мы адукавалі больш за тысячу дзяцей, далі рэкамендацыі па радыяцыйнай абароне. Мы навучылі чатырох настаўнікаў, каб тыя праводзілі такую працу сярод вучняў. Усё гэта ў той час рабілася па дзяржаўных замовах. А пасля даследаванні схавалі пад сукно.

Калі ў наступны раз я пісала заяву ў райвыканкам з просьбай працягнуць даследаванні, то мне адказалі, што ў гэтым няма неабходнасці, бо ў раёне пастаўлены тры прыборы СІЧ, таму немэтазгодна праводзіць яшчэ адно даследаванне. І па гэтых СІЧах вылічваецца калектыўная доза радыяцыі. Па афіцыйных дадзеных, доза не выходзіць вышэй за 1 мілізіверт на год. Прадукцыя выходзіць нарматыўна чыстая, таму яна ідзе на знешні рынак.

— Адкуль вы бераце дадзеныя па захворваннях дзяцей у раёне?

— У забруджаных раёнах Беларусі пры паліклініках створаны спецыяльныя рэгістры, дзе назіраюцца ліквідатары, перасяленцы, людзі, якія маюць наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Да 2015 года па нашых запытах нам давалі інфармацыю пра стан здароўя насельніцтва, нараджальнасць, смяротнасць, захворванні. У мінулым годзе мы з маім сябрам-доктарам паехалі ў Берлін, дзе ён на канферэнцыі агучыў інфармацыю па раённых рэгістрах. Пасля гэтага нам перасталі даваць інфармацыю, хаця яна — не дзяржаўная таямніца.

— Людзі пра свае хваробы кажуць абсалютна спакойна. Няўжо яны настолькі звыклі да гэтай безвыходнасці?

— У людзей няма выбару. Тут жудаснае беспрацоўе, асабліва ў гэтай вёсцы. Ім трэба неяк жыць, многія едуць працаваць у Расію. Некаторыя выконваюць дробную працу самотным старым, і за гэта атрымліваюць нейкія капейкі. Тут пануе нявызначанасць, і прасвету не бачна. Людзі ходзяць у лес па грыбы і сеюць там, дзе нельга сеяць. Яны мусяць есці тое, што вырошчваюць, а інакш — памруць з голаду. А тыя, хто мае інваліднасць, адмаўляюцца ад яе, каб павялічыўся шанец знайсці працу.

У першыя гады пасля катастрофы мясцовае быдла было знішчана, і зараз жывёл фактычна не разводзяць — няма чым карміць. У Дзербічах і Рагіні жылі самыя «брудныя» (забруджаныя) людзі. Па-першае, канечне, была забруджаная тэрыторыя. А па-другое, было шмат паляўнічых. Яны прыносілі забітых жывёл, якіх ела ўся сям’я. Былі каровы. Калі ў дзяцей высвятляўся вялікі ўзровень радыяцыі, адразу правяралася малако. Калі малако забруджанае, дык разбіралі карову на мяса. Узамен сям’і давалася іншая карова. Памятаю, у сям’і адной дзяўчынкі была карова. У дзяўчынкі быў высокі ўзровень радыяцыі. Карову памянялі, а дзяўчынку пасылалі лекавацца ў Іспанію. Узровень радыяцыі дагэтуль у яе не спаў, хоць яна ўжо дарослая і жыве ў Буда-Кашалёве.

Жыхары адной з пераселеных вёсак

Жыхары адной з пераселеных вёсак

— Якім чынам у мясцовых выяўляюць хваробу?

— Раней у насельніцтва былі рэгулярныя праверкі. Але моцы апаратаў не хапала, каб праверыць усіх. Таму цяпер правяраюць дзяцей, якія ідуць у школу, і школьнікаў — бліжэй да старэйшых класаў. Хлопцаў правяраюць, калі тыя ідуць у войска. А дарослых — як атрымліваецца. Таму шмат хто жыве, носіць рак — і не ведае пра гэта.

— Рак не заўжды прызнаецца як хвароба, якая звязаная з Чарнобылем?

— Так, гэта праўда. Вёскі зараз нібыта сталі чыстымі. Захворванні, якія звязваюцца з Чарнобылем, вызначаюцца Мінздароўя, і гэты спіс часта мяняецца. Але рак шчытападобнай залозы афіцыйна прызнаны захворваннем, звязаным з аварыяй на ЧАЭС. Толькі ўсё гэта індывідуальна і часам суб’ектыўна. Пры жаданні можна знайсці прычыны, каб адмовіць.

— Ці становіцца меншым узровень радыяцыі ў арганізмах людзей?

— Ён стаў меншым, і нас супакойваюць, бо паўраспад амаль прайшоў. Але ёсць тыя элементы, якія з’явіліся пасля распаду. Нашы апараты пры праверцы іх проста не ўлоўліваюць! Мы іх не вывучалі. А калі ты чагосьці не ведаеш, дык становішся безабаронным.

— Некаторыя праблемы можна было б вырашыць. Чаму імі не займаюцца?

— Вельмі шмат залежыць ад палітычнай волі! Просты прыклад: у Савецкім Саюзе рэлігія была забароненая. Па-сутнасці, людзі забыліся, што гэта такое. Зараз жа людзі натоўпам ходзяць у храм, святарам можна хадзіць і па школах, і адпраўляць службы… Бо на гэта ёсць палітычная воля. Калі б такая палітычная воля была і на Чарнобыль, то праз якіх-небудзь дзесяць гадоў навукоўцы б распрацавалі новыя тэхналогіі па барацьбе з радыяцыяй. Толькі ў гэта, у адрозненне ад рэлігіі, варта ўкладаць грошы. Шмат грошай…

У гэтай галіне абсалютна нічога не робіцца і не вывучаецца. Чарнобыль пахаваны і закапаны. Нібыта і не было гэтай катастрофы. Толькі чамусьці захворванняў ад гэтага не становіцца менш.

— Што дапамагае знізіць узровень радыяцыі ў дзіцячых арганізмах?

— Канешне, абавязкова трэба есці чыстыя прадукты і піць больш чыстай вады. А яшчэ вельмі важна рухацца. У нас дзеці мала рухаюцца: дома яны сядзяць за кампутарамі, у школе — за партамі. Нават пасля звычайных летнікаў, дзе дзеці ўжываюць чыстую ежу і шмат рухаюцца, узровень радыяцыі скарачаецца амаль напалову. Але важны фактар для аздараўлення — гэта любоў. У якой бы краіне ні адпачывалі нашы дзеці, іх паўсюль вельмі добра прымаюць і любяць.

Дзеці плачуць, калі адтуль з’язджаюць. Нават мой унук, якога мы не абдзяляем любоўю, пасля таго, як вярнуўся, са слязьмі запытаў: «Чаму мы жывем не так, як яны?»

— Ці адпраўляе дзяржава чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленне?

— Не так даўно я прасіла ў райвыканкаме дакументы, па якіх накіроўваюцца на аздараўленне чарнобыльскія дзеці. У першых шэрагах ідуць дзеці з бедных, малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў. Пасля — дзеці, бацькі якіх працуюць у сілавых структурах. І толькі пасля ў чарзе на аздараўленне стаяць дзеці, узровень радыяцыі якіх перавышае ўсіх астатніх.

— Вас з любоўю тут называюць «Грамадская бабуля». Вы дзясяткі гадоў займаецеся наступствамі Чарнобылю. Макс, ваш нямецкі партнёр, жартаўліва сказаў мне, што ваш тэлефон напэўна і па начах разрываецца… А вам ужо восьмы дзясятак ідзе. Чаму вы ўсё гэта робіце?

— Гэта — частка нашага жыцця. У 1986 годзе я магла б адсюль з’ехаць. Але на ўвесь раён засталося толькі чатыры педыятры! Аддзяленне на 30 ложкаў, ФАПы, два ўчасткі, рэгістр… Паспрабуй тут з’едзь! Я ж не ведала тады, што так усё будзе. Нават падумаць не магла, што будзе праца ў фондзе. А зараз не магу падвесці замежных партнёраў, дзякуючы якім нашы дзеці аздараўляюцца.

Мы робім толькі тое, чаму навучыліся з даўніх часоў. І ведаеце, добра, што хаця б гэта робіцца. Мінулае мы ведаем. Сучаснае ведам. А будучыню — не. У мяне такое адчуванне, што нам так і трэба. Бо мы не пакаяліся. Бо адной рукой у царкве свечкі ставім, а другой — ствараем зброю, якая можа паўтарыць Чарнобыль. Атамная пагроза — гэта вельмі страшная пагроза. Я не бачу будучыню. Адказаць на глабальнае пытанне «што нам рабіць?» я не магу, бо не бачу выйсця.

* * *

abrykos_logo.jpg

«Трэба працягваць жыць», — сказала на развітанне маладая шматдзетная маці, якая перажыла рак шчытападобнай залозы.

На падворку дому адной сям’і, дзе муж, жонка і дачка хварэюць на рак, зараз квітнее абрыкос. Глядзіш на яго — і разумееш: сапраўды, іншага выйсця, акрамя як жыць, у гэтых людзей няма. Каб і наступнай вясной пабачыць, як квітнее абрыкос на тваім падворку.

Фота Арцёма Лявы