Невядомая гісторыя. Як пад Баранавічамі ў 1920 годзе затрымалі цэлы воз золата
Магчыма, каштоўны метал перапраўляўся бальшавікамі ў Еўропу, але людзі спрабавалі яго ўратаваць ад савецкай улады.
У лістападзе 1920 года на беларускіх землях было неспакойна. Толькі скончылася польска-савецкая вайна. Яшчэ да падпісання Рыжскага міру Баранавічы трапілі ў межы новай Польскай дзяржавы. Зусім недалёка ад горада праходзіла дэмілітарызаваная зона, якая павінна была падзяліць варожыя бакі. Такая граніца вельмі слаба ахоўвалася. Мясцовыя людзі карысталіся гэтым і займаліся кантрабандай, дапамагалі за грошы перабірацца ўцекачам на Захад ці Усход.
Зусім побач, на Случчыне, у гэты ж час пачынаўся Слуцкі збройны чын — спроба беларусаў з дапамогай зброі стварыць на нейтральнай тэрыторыі сваю незалежныю дзяржаву.
У гэты складаны час, у лістападзе 1920 года, пад Баранавічамі польскія жаўнеры затрымалі жыда, які ехаў на фурманцы з гноем. Відаць, вайскоўцам падалося дзіўным, што праз граніцу перавозяць гэткі тавар.
Пасля праверкі высветлілася, што пад гноем ляжала золата! Шмат золата.
Як пісаў польскі тыднёвік Nowosci illustrowane №50-1920, жыд паспрабаваў выратаваць сваю каштоўнасць і прапанаваў салдатам хабар — па 10 тысяч польскіх марак кожнаму (напрыканцы 1920 года за $1 давалі 590 польскіх марак). Аднак палякі адмовіліся браць грошы. Золата было канфіскавана ў даход дзяржавы. Выданне пісала, што жаўнеры атрымалі за выдатную службу ўзнагароду – па некалькі мільёнаў марак.
Затрыманы жыд даў паказанні, што золата тое трэба было пераправіць з Баранавіч у Гданьск, а адтуль праз мора — на Захад.
Паводле intex-press.by