«Не хочацца мець нічога агульнага з расійцамі»
Гомелец, які 15 гадоў пражыў у Маскве, кінуў добрую працу, новую кватэру ў расійскай сталіцы і вярнуўся на радзіму. Што стала паваротнай кропкай для таго, каб ён вырашыў пазбавіцца ўладкаванага жыцця?
«Штодзень» распытаў Яўгена (імя змененае), якая была апошняя кропка, што вымусіла яго так дзейнічаць.
— Чаму вырашыў з’ехаць з Масквы? Ты даўно жыў там. І новую кватэру акурат перад вайной набыў.
— Так, жыў больш за 15 гадоў у Маскве. З’ехаць — вельмі складанае рашэнне, бо ў мяне быў стабільны заробак, было дзе жыць, дзеці, жонка. Усё быццам бы добра. І на працы казалі, што ёсць бронь ад мабілізацыі. Але ў той жа час вельмі цяжка было там, у Маскве, усё перажываць. Калі пачаліся гэтыя хапуны, нейкая агульная нервознасць, увесь час сочыш за тэлеграм-каналамі, увесь час у нейкім напружанні.
Акрамя таго, значная частка людзей, адукаваных, якія нібыта ўсё разумеюць і не сказаць што падтрымліваюць Пуціна, у той жа час збіраюць грошы на шкарпэткі мабілізаваным, кансервы нейкія набываюць, скідваюцца грашыма яшчэ на нешта для мабілізаваных.
Я пачаў разумець, што я ўвогуле не падзяляю каштоўнасці большасці расійцаў. Мне цяжка з імі. Не хочацца мець нічога агульнага з імі. Цяжкавата стала ўспрымаць усё, што адбываецца навокал. Мяне моцна падтрымалі мае сваякі, бацькі, жонка, якія таксама казалі, што трэба паспрабаваць пачаць жыццё ў іншай краіне. Можа, атрымаецца.
— Ці плануеш ты цяпер на некалькі месяцаў наперад? Што думаеш рабіць з нерухомасцю?
— Натуральна, я пра гэта думаю. Гэта не нейкае імпульсіўнае рашэнне было. Канешне, я думаў, што буду рабіць далей. Я буду спрабаваць уладкавацца на працу і наладжваць побыт, каб потым можна было дзяцей і жонку перавезці. А кватэра нікуды не падзенецца. Яе можна і здаць, і прадаць. Гэта не самая вялікая праблема.
— Наколькі расійскае грамадства прымае ці не прымае вайну, прымае ці не прымае Пуціна. Што адчуваецца, калі там знаходзішся?
— Адчуваецца, прынамсі, у Маскве, што гэта іх не датычыцца. Нібыта гэта нехта там ваюе: хто наіўны, пайшоў сам у ваенкамат, хто трапіўся, не змог нідзе ніяк даказаць, што ён непрыдатны.
Людзі ў Маскве лічаць, што вайна іх не датычыць, што іх ніхто не забярэ, не мабілізуе. Таму яны гатовыя дапамагаць тым, каму не пашанцавала, тым, хто быў вельмі наіўны і пайшоў на вайну. Вось як калісьці, калі расійцы жылі нейкімі абшчынамі, у іх забіралі з вёскі на 20 гадоў у войска некалькіх мужыкоў, а яны ім збіралі ў дарогу чагосьці. А потым усё добра: тых забралі, значыць, пяць гадоў яшчэ не будуць нікога забіраць, нам пашанцавала, а ім не. Такое ўражанне, што цяпер людзі ў Маскве прыкладна так і ставяцца да ўсяго, што адбываецца.
— Адчування віны, раскаяння ў іх няма?
— Не бачна, каб была нейкая роспач. Канешне, ёсць і такія, але гэта адзінкі. Як мне падаецца, не больш за 5% расійцаў ставяцца да гэтай вайны вельмі крытычна. Мала такіх людзей, якія гатовыя штосьці рабіць, прынамсі, на словах.
Мала такіх людзей, якія гатовыя штосьці рабіць. Ці наадварот — прынцыпова штосьці не рабіць. Напрыклад, не хадзіць на мітынгі падтрымкі, нават калі прымушаюць звальненнем.
У мяне на былой працы прымушалі хадзіць на мітынгі. І людзі ішлі, прычым не важна, падтрымлівалі яны вайну ці не. Яны ідуць, каб пастаяць 15-20 хвілін, пакуль усіх сфатаграфуюць ці здымуць для Пуціна на відэа, каб ён парадаваўся, што яго ўсе падтрымліваюць.
— Што стала для цябе апошняй кропкай, калі ты вырашыў усё кінуць?
— Яно ўсё так навальвалася. Гэтых кропак шмат было. Але вось гэтае разуменне, што я гэтых людзей не разумею, што яны мне чужыя… Нават калегі, з якімі я працаваў 10 гадоў. Не магу сказаць, што мы сябравалі, але добрыя стасункі былі. Аднак гэтыя зборы грошай на кансервы, шкарпэткі ці яшчэ нешта для мабілізаваных — гэта стала апошняй кропляй. Падаецца, што гэта нешта невыразнае. Гэта не хапуны на прыпынках, хоць яны таксама паўплывалі.
Але апошняя кропка — гэта разуменне, што я зусім тут не падзяляю погляды большасці людзей, нават адукаваных, з якімі разам працаваў, з якімі шмат чаго было.