Навошта Лукашэнку прыгоннае права для сілавікоў? Адказвае Валер Карбалевіч

Вядомы беларускі палітоляг у аўтарскай калёнцы на «Св*бодзе» — пра тое, навошта ў супрацоўнікаў сілавых структур забіраюць пашпарты.

valerijus_karbalevicius_86792637.jpg

«Зьявілася інфармацыя, што ў супрацоўнікаў сілавых структур адбіраюць пашпарты — каб тыя не маглі без папярэдняй згоды начальства атрымаць візы і выехаць за мяжу, — піша Валер Карбалевіч. — Гэты факт — яшчэ адно сьведчаньне таго, у якія змрочныя часы Лукашэнка адкінуў Беларусь.

Пасьля 2020 году было шмат думак і прагнозаў наконт таго, што адным з вынікаў пратэстаў і эвалюцыі існага рэжыму ў бок таталітарызму стане рост палітычнай вагі сілавых структур. Выснова цалкам лягічная з улікам таго, што Лукашэнка абапіраецца на міліцыю, спэцслужбы, а палітычныя рэпрэсіі сталі адной з найважнейшых умоў утрыманьня ўлады.

Мінулі два гады. Што з тых прагнозаў спраўдзілася?

Удзельная вага сілавых структураў у палітычнай сыстэме ўзрасла. Гэта відаць ня толькі па іх уплыве на многія рашэньні, ад эканомікі да замежнай палітыкі. Сілавікі пачалі займаць важныя пасады ў «цывільнай» сфэры. Іх узрослую ролю ў дзяржаўным кіраваньні замацавалі ў новай Канстытуцыі, у якой Савет бясьпекі (дзе дамінуюць сілавікі) надзяляецца правам кіраваць дзяржавай у выпадку гібелі прэзыдэнта.

Аднак варта зьвярнуць увагу вось на якую акалічнасьць. Удзельная вага, уплыў сілавых структур узрасьлі за кошт таго, што да іх пераходзяць кампэтэнцыі іншых ведамстваў (міністэрстваў эканомікі, адукацыі, замежных спраў і інш.).

Але ня спраўдзіліся прагнозы наконт таго, што, паколькі ў краіне фармуецца вайсковая дыктатура, то сам Лукашэнка будзе вымушаны перадаць сілавікам частку сваіх паўнамоцтваў. Гэтага не адбылося. У Беларусі захаваўся пэрсаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады Лукашэнкі. Яму ўдалося ўтрымаць тую самую мадэль, якая існавала да 2020 году, нягледзячы на ўсе драматычныя пературбацыі.

Мяркую, што замена кіраўнікоў усіх сілавых ведамстваў цягам двух гадоў была абумоўлена ня толькі тым, што Лукашэнка стаў сумнявацца ў іх ляяльнасьці. Верагодна, некаторыя былі вымушаны пайсьці ў адстаўку праз тое, што сталі прэтэндаваць на большы ўплыў у прыняцьці палітычных рашэньняў. Маўляў, калі мы цябе абараняем, не зважаючы на законы, то падзяліся часткай улады. Мусіць, за гэта яны і паплаціліся пасадамі.

Гэта значыць, што Лукашэнка не аддаў ні каліва сваёй улады ня толькі пратэстуючаму народу, але і чынавенству, намэнклятуры, у тым ліку сілавікам. Гэта важна зафіксаваць.

Больш за тое, з гісторыі з пашпартамі мы бачым, што Лукашэнка стварае для сілавікоў своеасаблівую сыстэму прыгоннага права. У гэтым пляне ў іх цяпер менш правоў, чым у звычайных грамадзян, якія маюць магчымасьць выехаць за мяжу.

Варта заўважыць, што ў мадэлі ўсходніх дэспатый (у тым ліку ў Расеі да другой паловы ХVIII стагодзьдзя) статус прыгонных мелі як сяляне, так і буйныя землеўласьнікі, дваранства. Апошнія павінны былі служыць манарху, напрыклад у войску. У сёньняшняй Беларусі становішча сілавікоў нагадвае алюзіі з гісторыі фэадалізму. Іх юрыдычны і фактычны стан падобны да статусу янычараў у Асманскай імпэрыі, самураяў у сярэднявечнай Японіі ці апрычнікаў у часы Івана Жахлівага ў Расеі. Іхныя шырокія правы ў дачыненьні да прасталюдзінаў не зьмянялі іхны ж рабскі статус адносна сувэрэна.

Дарэчы, у Вялікім Княстве Літоўскім шляхта мела значна больш правоў, чым сёньняшнія беларускія чыноўнікі. Такі гістарычны парадокс. І ён лішні раз паказвае, у якія змрочныя часы Лукашэнка адкінуў Беларусь».