Науседа: Самалёты «Белавія» могуць быць пазбаўленыя права садзіцца ў аэрапортах ЕС і NATO

На прэс-канферэнцыі ў Вільні прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа абвясціў, што будзе прапаноўваць Еўрапейскаму саюзу ўвесці жорсткія санкцыі ў дачыненні да Беларусі і абмежаваць палёты авіякампаній гэтай краіны ў краіны ЕС і NATO.

photo_2021_05_23_16_56_23_1.jpg


Такія захады прапануюцца ў адказ на арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча ў Мінску. Науседа ацаніў дзеянні беларускага рэжыму як акт дзяржаўнага тэрарызму і выкраданне чалавека з выкарыстаннем вайсковай сілы, перадае Радыё Свабода.

 «Нам патрэбныя вельмі канкрэтныя захады і, самае галоўнае, такія захады, якія дапамаглі б змяніць паводзіны беларускага рэжыму, інакш нам проста давядзецца канстатаваць, што мы маем пад бокам вельмі пагрозлівага суседа, які ігнаруе любыя міжнародныя нормы, не толькі закон, але таксама маральныя і чалавечыя нормы. І мы не можам з гэтым мірыцца», — заявіў прэзідэнт Літвы на прэс-канферэнцыі ў нядзелю ўвечары.

Паводле Науседы, відавочна, што Пратасевіча і яго дзяўчыны ў самалёце няма.

«Мы звярнуліся з патрабаваннем вызваліць Пратасевіча. Калі гэта не будзе зроблена, гаворка пойдзе пра вельмі сур’ёзныя санкцыі, якія мае ў сваім распараджэнні ЕС. Аднак існуюць і іншыя санкцыі альбо захады, якія могуць быць ужытыя да рэжыму, у тым ліку прызнанне беларускай паветранай прасторы небяспечным раёнам для грамадзянскай авіяцыі, у тым ліку тое, што самалёты “Белавія” могуць быць пазбаўленыя права садзіцца ў аэрапортах ЕС і NATO», — сказаў Науседа.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, гаворачы з журналістамі ў віленскім аэрапорце, заявіла: «Мы ўжо добрых паўдня працуем з усімі нашымі міжнароднымі партнёрамі, ёсць юрыдычныя праблемы, якімі займаюцца нашы праваахоўныя органы. Бясспрэчна, гэтая сітуацыя не можа застацца без адказу. І гэта не літоўскае пытанне, бо ў самалёце было некалькі грамадзянаў Еўрасаюза і іншых краін. Відавочна, што гэта міжнародная тэма», — падкрэсліла прэм’ер-міністарка.