ICAO: Сітуацыя з лайнерам Ryanair у Беларусі можа быць парушэннем Чыкагскай канвенцыі

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) лічыць, што інцыдэнт з самалётам Ryanair, які здзейсніў сёння прымусовую пасадку ў Мінску, можа парушаць Чыкагскую канвенцыю.

icao.jpg


«ICAO сур'ёзна занепакоеная відавочнай прымусовай пасадкай рэйса Ryanair і пасажырамі, што можа быць парушэннем Чыкагскай канвенцыі. Мы спадзяемся на афіцыйнае пацвярджэнне інфармацыі адпаведнымі краінамі і аператарамі» — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі ў Twitter, перадае REFORM.by.

Чыкагская канвенцыя — гэта Канвенцыя аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, падпісаная ў 1944 годзе ў Чыкага 52 дзяржавамі. Яна ўстанавіла асноўныя прынцыпы працы міжнароднай авіяцыі, у прыватнасці правілы палётаў над тэрыторыяй краіны-ўдзельніцы, прынцып нацыянальнай прыналежнасці паветранага судна, палёгку міжнародных палётаў, міжнародныя стандарты і рэкамендаваную практыку. Дакумент прадугледжвае стварэнне Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), якая, з’яўляючыся асацыяваным органам пры ААН, павінна кантраляваць выкананне палажэнняў Канвенцыі і дадаткаў да яе. У пачатку 1990-х да Канвенцыі далучылася і Беларусь.

Нагадаем, сёння лайнер Boeing 737-8AS авіякампаніі Ryanair, пралятаючы над Лідай, нечакана змяніў курс і прызямліўся ў мінскім Нацыянальным аэрапорце. Манеўр быў выкліканы паведамленнем аб закладзенай на борце бомбе.

Самалёт ляцеў з Афін у Вільню. Не даляцеўшы да літоўскай мяжы літаральна некалькі дзясяткаў кіламетраў, борт накіраваўся ў бок Мінска, да якога ляцець значна даўжэй, чым да канчатковай кропкі — Вільні. Паведамляецца, што маршрут быў зменены па патрабаванні беларускіх дыспетчараў і ў «суправаджэнні» беларускага ваеннага знішчальніка Міг-29. Паводле звестак афіцыйных крыніц, асабіста Аляксандр Лукашэнка аддаваў загад аб пасадцы самалёта ў Мінску.

Бомбы на борце самалёта не знайшлі, затое знайшлі апазіцыйнага блогера і журналіста Рамана Пратасевіча, якога беларускія ўлады абвінавачвалі ў тэрарызме і кіраўніцтве масавымі пратэстамі ў Мінску праз тэлеграм-каналы. Пратасевіч затрыманы. Рэйс Ryanair вылецеў у пункт прызначэння праз сем гадзін перабывання ў Беларусі.